Я ўзняўся на ногі і, кульгаючы, наблізіўся да фургона, і адтуль запыталі, чаму я кульгаю, і я паўтарыў пра “жабу”, і прагучаў тэрмін “генацыд” (“вы ж паглядзіце, бядак ледзь ходзіць, вашы зайцадавы выламалі маладому паэту нагу з суставаў!”), і скончылася тым, што Сірожа ледзь не ўнёс мяне ў тарантас, атрымаўшы паказальную вымову за калечанне мірнага насельніцтва. Мае стрэльбу і нож ён пры гэтым забраў.
За бранёй хавалася прасторная платформа, застаўленая сталёвымі куфрамі, паверх іх — дзве даўгія скураныя канапы. Над галовамі пасажыраў змыкаліся паўкруглыя рэбры брызентавага даху. Але цяпер тканіна была сцягнутая— відаць, спусцілі для лепшага агляду пасля таго, як мінулі вобласць ападкаў.
На адной з канапаў свяціў на траціну магутнасці садовы дыёднік, таму я пабачыў лысага старога, яго арліны нос і вінаваты выраз твару. А таксама — прылепленую да мочкі левага вуха белую сферу памерам з фасоліну. Яна зіхацела і паблісквала нават тады, калі ў ёй не адлюстроўваўся ліхтар. Я адразу ж адкінуў думку, што гэта — брыльянт, бо, па-першае, хто цяпер носіць дыяменты, а па-другое — такіх буйных папросту не бывае. Арлінаносы трымаўся з годнасцю, хоць і апрануты быў без пыхі: цёмны цёплы функцыянал. Аніякай асаблівай паставы ў яго не было. Адчуванне велічы паходзіла з агульнага раскладу, які не псавала нават манера гаварыць — шматслоўная, з адвечнымі пытальнымі інтанацыямі. Але з першага погляду на сцэну было зразумела, што гэты лысы тут — галоўны.
Насупраць яго на канапе сядзеў барадаты дзядзька ў шапцы а-ля Фідэль. Ён быў падобны да правадыра хунты ў збяднелай лацінаамерыканскай краіне. Добры тварам, багаты жыватом. Белая ўрачыстая кабура была зашпіленая на — гэта важна! — залаты гузік. У Камандантэ былі скураныя пальчаткі, таксама белыя — ён засунуў іх пад пагон свайго ўцепленага фрэнча. Чаравікі мелі колер кавы з малаком. Яго абліччу не хапала толькі чорных квадратных акуляраў. І, канечне ж, сігары. Затое быў тут нечаканы дадатак: вялізны залаты праваслаўны крыж. У сукупнасці з кудлатай барадой і мажнай шыяй, крыж надаваў вобразу Камандантэ яшчэ і выразны папоўскі складнік. Відаць, без духоўнасці працаваць камандзірам наёмнікаў складана.
Ззаду, каля аблепленай бранёй агнявой карзіны з рухомай гарматай, былі тры маладыя салдаты. У той час, калі Камандантэ глядзеў не ў іх бок, яны ўпотай перакідваліся ў карты, але калі іх распінаў цяжкі позірк, яны, не адкладаючы картаў, рабілі выгляд, што збіраюць снарады ў стужку. У сукупнасці з расхлябаным вознікам, які выглядаў так, як быццам сядзеў пры лейцах трое сутак запар, кампанія нагадвала брыгаду Васілія Чапаева, якая едзе ці то адбіваць станіцы ў рабаўнікоў, ці то на патрэбу баяздольнасці чырвонай арміі рабаваць іх самастойна.
— Вітаю вас на вугальным караване! — выбачальна ўсміхнуўся мне лысы. — Вы трапілі да людзей, якія забяспечваюць цяплом і святлом усе мінскія полісы і палову населеных пунктаў пры дарозе! Зараз мы праходзім самы небяспечны адрэзак шляху, то выбачайце нервовасць таго шлімазла. Маіх папярэднікаў тут рэзалі тройчы. Не ведаю, хто такія гэтыя вашы свінагаловыя, але да матэрыяльных каштоўнасцяў нашага з вамі свету яны маюць вельмі нездаровую прывязанасць, я вам скажу! — Я — Кнігар! — паўтарыў я, сядаючы побач з Камандантэ. — Іду здалёк, з Грушаўкі. Свінарылых бачыў ля запраўкі. Сустракацца з імі не хацелася б. — Ой, вы абсалютна не бойцеся гэтых шмэндрыкаў! — развёў далонямі лысы. — Вы ж бачылі, у нас столькі запрошаных спецыялістаў, што мы маглі б уступіць у бойку з ХАМАСам, і я нават не ўзяўся б прадказваць, колькі ў той бойцы пратрымаўся б бедны ХАМАС! Хутка мы з вамі зменім транспарт, і там будзе ўжо зусім бяспечна. То гэтыя вазы і дзве траціны аховы пойдзе есці гефілтэ фіш у карчму “У Ляйбы”. — Свінарылых не бярэ звычайная зброя, — на ўсялякі выпадак паўтарыў я чутае. — Ой, я вас умаляю, малады чалавек! Калі іх не бярэ звычайная зброя, дык што ж яны так любяць звычайны цынк? Вы, галоўнае, не бойцеся. У гэтых скрынях, — ён паляпаў далонню па куфары, — нашая выручка за ўвесь прададзены вугаль. На Мінск мы цягнем вугаль з Горада Святла, на зварот — грошы, каб набыць новы вугаль. Такі, ведаеце, маленечкі гешэфт. І вось я ў вас пытаюся: куды падзеліся гэтыя вашыя казлакапытыя ды свінарылыя, калі побач трыццаціміліметровая гармата? — Я хацеў толькі ўдакладніць, што я паходжу не з сялян і паэзіяй не займаюся, — не ведаю, чаму мой мозг брыкнуў выказацца на гэтую тэму. — У Грушаўцы даваў кніжкі ў арэнду. У мяне там засталася вялікая бібліятэка. Ведаю літаратуру, таму завуся Кнігаром.