Выбрать главу

Але Караваншчыка было не збіць з думкі, якую ён вёў. Ён быў суразмоўцам інерцыі: пакуль не выкажа ўсяго, што тапталася па ягоным языку з мінулай нагоды, на новую тэму не пераскочыць.

— Вось вы мне скажыце: што ж яны не прыходзяць да нас пагутарыць? — пытаўся лысы. — Мы едзем па гэтым маршруце ўжо, мабыць, соты раз. І ўвесь час — адны! Я б, можа, і хацеў бы сустрэцца з якім-небудзь маладым свінарылым, запытацца пра ягоныя перспектывы ў жыцці. Але ж яны не ідуць! Але што вы кажаце? — гэта да яго дайшла мая рэпліка. — Дык вы ведаеце літаратуру? — Крышачку пачытаў за свой век! Дастаткова, каб здагадацца, што любімым пісьменнікам у вашага ахоўніка быў Мантэйру Лабату. — Што вы кажаце? — здзіўлена выкрыкнуў Караваншчык. — Генерал, вы хіба чыталі кнігі? — Я не ахоўнік, — змрочна адгукнуўся чалавек з белай кабурой. Гэты быў з той пароды людзей, што вельмі любяць смяяцца з іншых, але ім не даспадобы, калі смяюцца з іх. — Дык а што гэта за пісьменнік Лапатун? — Мантэйру Лабату — з Бразіліі. Жыў у дваццатым стагоддзі. Пісаў для дзяцей, — было прыемна аддзячыць за жарт пра апендыцыт і “дохласць”. — Я проста з маленства кніг не чытаў, — апраўдваўся барадач. — “Ордэн жоўтага дзятла” — апошняе, што трымаў у руках. — Ён не ахоўнік, ён найміт, прычым паважаны, — пахваліў Камандантэ лысы. — Але ж які вы разумнік! Ну проста рэбе Эліяху бен Шлома Залман, вядомы таксама, як Віленскі гаон! Вы ведаеце, хто такі рэбе Эліяху бен Шлома Залман? Ну канечне, вы ведаеце, хто такі рэбе Эліяху бен Шлома Залман, вы ж такі вучоны чалавек!

Я ўзважваў, ці распавесці стракатай кампаніі гісторыю пра ўзлёт і гранд-фінал кар’еры Сямёна Чаплі, але вырашыў, што ёсць такія апокрыфы, якія лепш расказваюцца самі.

— А я вось раней, калі ў нашы нябёсы залятала сонейка (а здаралася тое праз ніякаваты тутэйшы клімат дужа рэдка), утрымліваў ювелірную краму. У цэнтральным Мінску, ля кінатэатра “Перамога”. Можа, памятаеце? — летуценна ўздыхнуў лысы. — Якія часы былі! І, галоўнае, нават пасля таго як ляснуліся кошты на золата, падавалася, што дыяменты — гэта назаўжды. Бывала, утаропішся ў гэтае ззянне, і яно — як водбліск вечнасці. Як замёрзлае святло, — ён падсвядома дакрануўся да фасоліны ў вуху. Колькі ж там у ёй вагі? Паўтара караты? Як у яго мочка не адарвецца? — Але потым сонца згасла, і ззянне — за ім. Зараз усе барыжаць бурштынам, прыдумалі ж, “рака Эрыдан”. А дыяменты ўсе сышлі на неба…

Ён задраў галаву. Там, праз рэбры спушчанага брызентавага даху, праглядалі рассыпаныя жменямі па чорным аксаміце брыялеты, маркізы ды прынцэсы. Праз усё неба праходзіла шыкоўнае калье, якое патанала ў алмазным пыле меншых зорачак. Меле ды грэйнерамі на нябеснай вітрыне былі выкладзеныя даўгія падвескі самых розных форм. Пасярод нёсся за далягляд зроблены з чысцюткіх ашэраў нябесны пакемон.

— І вось, калі доўга глядзіш туды, бывае, здараецца адчуванне, што зоры — гэта маленькія дзірачкі, праз якія б’е сапраўднае брыльянтавае святло космасу, — прызнаўся ён. — Што цемра — проста пыльная завеса. А зоры — прагалы ў ёй…