Выбрать главу

Я нічога не адказваў. Трэба быць збанкрутаваным ювелірам, каб мець такі светапогляд.

— А што будзе самай прыгожай кнігай пра зоры, якая прыходзіла ў вашы рукі? — спытаў ён усё з той жа летуценнай інтанацыяй. Успаміны зрабілі лысага гандляра сентыментальным да камізму.

Я задумаўся, бо такія пытанні мне яшчэ не задавалі. Падняў галаву, углядаючыся ў касмічнага пакемона.

— У сярэдзіне мінулага стагоддзя адзін малады пісьменнік адправіўся ў Маскву на літаратурную вучобу. Ён ужо быў шырока вядомы ў вузкіх колах, але яму чагосьці бракавала. Можа, кахання, хаця ён быў вядомы бабнік. Можа, самоты і скрухі па той, што яго не кахае. У Маскве ён сустрэў жанчыну, якой папросту захварэў. Але яна была замужам і не збіралася адмаўляцца ад заможнага ды ўладкаванага лёсу. Хаця і давала яму авансы. Пісьменнік кахаў яе ўсё жыццё — я чытаў згадкі пра гэтую хваробу ў ягоных пазнейшых дзённіках. Праз непадзеленае пачуццё пісьменнік зрабіўся Уладзімірам Караткевічам. Самы трапны ў нашай літаратуры дваццатага стагоддзя. Я ім захапляюся. — Але зоры! Я пытаў пра зоры! — нецярпліва нагадаў Караваншчык. — Караткевіч апісаў гісторыю свайго кахання — проста і шчыра. Раман называўся “Леаніды не вернуцца да Зямлі”. Леаніды — рэдкі метэорны паток, “зеленаватыя знічкі”, што пакідаюць ў небе “фосфарны след” — так ён іх пабачыў. Адзін з герояў назірае Леаніды ў дзевятнаццатым стагоддзі, зламаўшы сабе жыццё праз дапамогу жанчыне, муж якой быў вырачаны на смерць за ўдзел у паўстанні Каліноўскага. Пасля гэтага ягоны праўнук сузірае Леаніды ў небе Масквы, кахаючы жанчыну, якую губляе. Раман складаецца з 33 раздзелаў — па колькасці гадоў, якія праходзяць паміж кожным вяртаннем Леанідаў да Зямлі. Захапленне прыгажосцю космасу (ды яго невытлумачальнасцю!) — адзінае, што знітоўвае герояў, разнесеных стагоддзямі. Ды імкненне да чагосьці ідэальнага і вельмі чалавечага. Як быццам бы і звязанага з Леанідамі, але — не наўпрост. Бы тое “зорнае неба” ў Канта, якое згаданае ў адным выразе з “маральным законам унутры нас”. Там ёсць фрагмент, дзе ён апісвае знічкі на зорным небе так: “Быццам пан Бог, здзяцінеўшы, шморгае тысячамі запалак і глядзіць, ці ўсё яшчэ людзі льюць кроў”. І людзі ліюць кроў, і будуць яе ліць, хіба што толькі Леаніды зараз сапраўды да Зямлі не вернуцца.

Я змоўк, бо і мне не спадабалася, з якім пафасам прагучала сказанае. Таму я скончыў аповед так:

— Што да рамана, ягоны лёс склаўся пакручаста, як і належыць сапраўднай кнізе. Ужо гатовы да друку набор быў рассыпаны пасля абвінавачанняў у “абстрактным гуманізме”. Даволі абстрактных, як на мяне. Пры жыцці Караткевіча ў аўтарскай назве “Леаніды” так і не выйшлі. Краінай тады кіраваў вечны генсек Леанід Брэжнеў, і сцвярджаць, што “Леаніды” “не вернуцца да Зямлі” азначала для мясцовых элітаў магчымасць выправіцца ў мясціны, адкуль сапраўды не дужа хутка вяртаюцца. То яны змянілі назву на ніякаватае “Нельга забыць”. І шмат гадоў пасля смерці Брэжнева “Леаніды” ішлі ў караткевічавы кнігазборы, абазваныя менавіта “нельгазабыцямі”.

Наперадзе праглянулі агеньчыкі, мой суразмоўца выцягнуў шыю і стаў углядацца ў іх, адразу зрабіўшыся падобным да састарэлага індыка. Ён паспешліва пахваліў маю гісторыю:

— Вельмі хораша! Вы — проста-такі прыроджаны апавядальнік! Я вось як жывога бачу вас Казальнікам у Горадзе Святла! Фантастычная кар’ера! Трыумф! Фрачныя пары ў чарзе па квіткі! Паненкі крычаць “брава” і губляюць прытомнасць! Ну што, механікі там варушацца? Ідзе працэс, альбо ціш ды вусціш? Едзем ці трэба будзе чакаць?

Апошнія два сказы былі скіраваныя фурману і спытаныя з такой дзелавітай інтанацыяй, якая сваёй эмацыйнай спружыністасцю кантраставала з папярэднімі летуценнямі прыкладна так, як ззянне зораў на небе суадносілася з мёртвай фасолінай у вуху лысага. Усе навокал прачнуліся. Моладзь пакідала карты, стралок забраўся ў агнявую карзіну ды ўзвёў гармату, ягоны памочнік прысеў ля паваротнага механізму браніраванай вежы. Нават Камандантэ пасуравеў і паклаў сасісачкі пальцаў на залаты гузік кабуры. Зараз ён больш нагадваў дыктатара, чым папа, хаця хвіліну таму было наадварот.

Наперадзе пачуўся пошчак — нехта двойчы шугануў у спартовы свісток.

— Два сігналы! Усё нармальна. Закіпелі, — незразумела пракаментаваў аматар Мантэйру Лабату. — Ну, то кіруйцеся адразу ў зону загрузкі! — аддаў каманду лысы.

Фурман лупцануў коней, тыя перайшлі на рысь, наш воз апынуўся на чале каравана. Грукочучы безрысорнымі тарантасамі, мы каціліся па асфальце, побач бразгала каванымі берцамі пяхота, наперадзе бязгучна плылі цені рыскуноў забеспячэння. Такімі сіламі мы маглі б узяць палац Аміна ў Афганістане.