Выбрать главу

Твары сказіліся напружаннем. Караваншчык пасуравеў, ягоныя зубы выскаліліся ў грымасе небяспечнай засяроджанасці, і цяпер рабілася зразумела, чаму балбатлівы і безабаронны на першы погляд чалавек можа выпраўляць такія “гешэфты”. Ніхто нічога не тлумачыў: аперацыя па трансферы вялікага капіталу перайшла ў небяспечную фазу перагрузкі. То ўсім удзельнікам было не да цацкання з падабраным мінаком. Завярнуўшы з дарогі, мы сталі ўшчыльную з драўлянай пуняй.

Цокнуўшы, запаліўся прафесійны дыёдны асвятляльнік на мачце. Ён быў памерам з лабавое шкло аўтамабіля і даваў дастаткова святла, каб я саслеп на хвіліну. А мяне ўжо выпіхвалі з платформы, і, калі зрок вярнуўся, я заўважыў, што барты вазоў адкінутыя, армія Камандантэ спрытна перакідвае куфары з фургонаў у тую драўляную пуню, а ўсе незанятыя байцы пашыхтаваліся паўкругам: адна нага на калене, зброя ад пляча, цэляцца ў падсвечаную пражэктарам цемру.

Лысы нібы забыўся пра мяне — ягоная спіна аддалялася ў кірунку вялізнага даміска, складзенага з металічнай арматуры і лістоў шыферу. Будыніну такога кшталту я бачыў толькі аднойчы — у далёкім тамільскім пасёлку, арганізаваным вакол стайняў для сланоў. Спяшаючыся за Караваншчыкам, я паспеў разгледзець, што побач са сцежкай пры зямлі тут цягнуцца сталёвыя бэлькі, адпаліраваныя да серабрыстага бляску. Чыгунка — гэта называлася так. У памяці зварухнулася згадка, звязаная з гэтымі паралельнымі рысачкамі, перакрэсленымі вертыкальнымі штрыхамі шпалаў: частакол на мапе быў чыгункай. Няўжо ў Горад Святла можна прыехаць, а не прыйсці?

У стайнях тым часам абазначыўся абрыс нейкай празмерна вялікай істоты. Не, яна не была падобная да слана, больш нагадвала чорнага цмока з бліскучай скурай. Падмацоўваючы метафару, наперадзе раздаўся цяжкі выдых, і мне насустрач выбіла велізарнае воблака бялявага пару. Я нагнаў Караваншчыка і, перакрыкваючы сіпенне монстра, запытаў:

— Што там за дзіва? — Я вам не скажу за дакладную маркіроўку. Бо я ні разу не спецыяліст. Я магу вам назваць закупачныя цэны вугалю ў кожным з полісаў да гандлю і пасля яго, і тую мяжу, пасля якой вугаль у мяне ўжо купляць не будуць, а пачнуць купляць яго ў Моні ці Наліка, — Лысы выглядаў занадта занятым, каб тлумачыць мне ўсё як след ці хаця б проста чуць сутнасць пытанняў. Мне трэба было распытваць, на які такі “бяспечны транспарт” мы збіраемся перасесці яшчэ тады, калі наш паязд яшчэ ішоў пад бесклапотнымі зорамі. — Я вам прызнаюся, што як апошні поц думаў, што гэта нешта серыйнае, кшталту Су, ІС, ФД. Бо зорка! Мяне збіла зорка! Але Машыніст растлумачыў, што гэта — трафейная машына, пераробленая Саветамі і пастаўленая на рэйкі на другасным рэгіянальным маршруце. Нямецкая. Ці, хутчэй за ўсё, можа, што і польская.

Мы падышлі бліжэй да чорнай армады, і зрабіліся бачнымі цяжкія, фарбаваныя чырвоным, колы, кулісы ды паўзуны. З-пад завесы пары з’явіўся масіўны прычэп, будка ды неабдымнае цела, пакрытае бародаўкамі клёпак.

— Калі ў Горадзе Святла ўзнавілі распрацоўку радовішча вугалю, Машыніст з хлопцамі прыгадалі пра мясцовы музей чыгункі. Знайшлі гэтае дзіва, сцягнулі з пастамента, прывялі кацёл у працоўны стан ды паставілі на рэйкі, — працягнуў Караваншчык. Я тым часам заўважыў згаданую чырвоную зорку, прывараную да носа паравоза. Яна выглядала цалкам натуральна, як быццам была тут заўсёды.

Кацёл хроп ды адсопваўся, паводзячыся хутчэй як жывая істота, чым нейкі механізм. З кабінкі пабачылі нас, там загарэўся слабы жоўты ліхтар. Праз секунду з прыступкі саскочыў чорны, як быццам вылеплены з вугальнага пылу ды мазуту, чалавечак.

— А вось вам і Машыніст, хуткі, як Абрам на рыбным прывозе! — нервова прадставіў вугальнага чалавечка Караваншчык. — Дык мы ўжо нарэшце паедзем, ці будзем стаяць тут, як Сарачка, што так доўга чакала жаніха на рагу, што да яе пачалі падыходзіць прагныя да прадажнай любові поцы?

Машыніст быў апрануты вельмі лёгка: шорты, саколка ды в’етнамкі. Аголеныя часткі ягонага цела, што мусілі б выглядаць бялявымі, былі змазаныя помессю вугалю, алею ды поту да стану абсалютнай неадрознасці ад бруднай вопраткі. Гэты чалавек выглядаў адлітым з чыгуну. Ці не таму чыгуначнікаў назвалі менавіта так?

— З вамі па стандартнай таксе, — каротка сказаў ён Караваншчыку, і, калі ён гаварыў, у дадатак да белых вачэй на чыгуне абазначыліся бялявыя зубы. — А гэта хто? — Гэта мой вельмі прыстойны знаёмец, я вам скажу. Разумны, як рэбе Эліяху бен Шлома Залман, вядомы таксама, як Віленскі гаон. Вы ведаеце, хто такі рэбе Эліяху бен Шлома Залман? Не, я бачу, што вы не ведаеце, хто такі рэбе Эліяху бен Шлома Залман! — З вельмі прыстойнага знаёмца сем цынкаў і дзесяць, калі едзе ў два бакі, — распарадзіўся Машыніст.