Выбрать главу

Пачуўшы пытанне, што не адносілася да сусвету катлоў, Машыніст зыркнуў на мяне са злосцю.

— Табе што, у хвілінах адказаць? — ён скінуў маю руку з рычага і працягнуў інструктаваць беднага Качагара. Ён кідаўся ад прыбора да прыбора, бы аператар атамнай станцыі, у рэактары якой пачалася некантраляваная ланцужковая рэакцыя. — Водны інжэктар, —Машыніст пастукаў па поручні, на які я спрабаваў абаперціся, — адмыкаць асцярожна, з вачыма на манометры! Пры ўпушчэнні вады запаўненне рабіць паступова! Пільнуючы ціск! Бо выбухне! — Тут ёсць хоць нешта, дотык да чаго не выклікае выбуху? — крыкнуў я, звяртаючыся да абодвух. Але Машыніст не палічыў пытанне вартым адказу. Бо было то пытанне ад чалавека, які не еў праснак, вымачаны ў алеанафце. — Можа, гэтага лепей наверсе пакласці? — я кіўнуў на памочніка Машыніста, які спаў стойма. О, з якой бы асалодай я заняў яго месца! Папярэдне прывязаўшыся да чаго-небудзь. — Ён лежачы ў рэйсе не спіць! — бліснуў вачыма камандзір агнявой брыгады. Прычым, незразумела, ці было тое самастойным рашэннем паснулага, ці распараджэннем прыхільніка Платонава, — Час табе ісці, — завяршыў ён экскурсію. Я, хапаючыся за патрубкі і манометры, скіраваўся да выхаду, але Машыніст перахапіў за плячо: — Можаш лезці па капітанскай лесвіцы, — прапанаваў ён велікадушна.

Адступіўшы, ён паказаў на металічыя драбіны за спінай. Яны дазвалялі падняцца на тэндар проста з кабінкі, абмінаючы віхлястую рэйку, прыстасаваную да боку вугальнага вагона. Я толькі што дасягнуў новага ўзроўню ў адносінах з цеплавозам. Гэтая лесвіца была шырэйшай, караскацца па ёй было не так страшна, бо спіна ўпіралася ў метал кабіны. Адно што наверсе ногі праслізгвалі па накрыўцы вугальнага корабу, а вецер наравіў здзьмуць на рэйкі. Я апусціўся на кукішкі і так дабраўся да ратавальнай ляжанкі. Забраўшыся пад брызент, я выцягнуў з заплечніка арктычны спальнік і два тоўстыя швэдры. Залезшы ў спальнік, я завязаў швэдры паверх шапкі. Так я мог не столькі сагрэцца, але і зберагчы цяпло, скрадзенае каля топкі. Я высунуў нос і назіраў, як плывуць чорныя палі, рассечаныя там-сям шыхтамі таполяў і падціснутыя невялічкімі ляснымі дзялянкамі. Некалькі разоў мы праносіліся ўздоўж знятых з рэек электрычак: перакуленыя, яны нагадвалі паламаны дзіцячы канструктар.

Паравоз соп і адфыркваўся — у ягоным руху было штосьці і не зусім механічнае. Як быццам сама паравая тэхналогія балансавала паміж аўтаматызмам машынаў і сусветам, пабудаваным на сядланні жывёлаў. Кожная з якіх мела ўласны тэмперамент і характар. І рабілася зразумела, адкуль чэрпалі апантанасць рухам італьянскія футурысты, чым сілкаваў сваё захапленне цягнікамі Платонаў: з гэтым зверам трэба было з’яднацца, прыслухацца да рытму ягонага сэрца і ўжыцца ў такт. Тады на пляцоўцы танкера з вадой, што рыўкамі рассякаў ноч, было зусім і не страшна. А яшчэ наведвалі думкі пра тое, што чакае ў Горадзе Святла. Сама назва яго абяцала нешта азоранае, значнае. Нягледзячы на тое, што пад покрыва праціскаўся вецер, спальнік сагрэў мяне. Правальваючыся ў дрымоту, я адчуў гэтае цяпло так, быццам да маіх лытак прыхінулася цёплая спіна разамлелай праз сон Герды.

Раздзел чацвёрты

Разбудзіла цішыня. І адчуванне адсутнасці руху. Менавіта так: я ўзняўся і, нацягнуўшы боты, рушыў па капітанскай лесвіцы да будкі Машыніста. І толькі завісшы над спускам у кабіну, адчуў смурод. Паветра было атручанае мярцвячынай. Гэты пах не зблытаеш ні з чым. Смерць абрала занадта яркую парфуму, каб пазначаць пацалаваных ёю.

Гідкая перасцярога вымусіла забыцца пытанне, з якім бег уніз. Ужо зразумела, “чаго стаім”. Так пахне бяда. Рухі самі набылі асцярожнасць. Я бязгучна праслізнуў у будку, запоўненую шыпеннем, бульканнем і іншымі гукамі катла. Праз пабачанае са сцятым дыханнем і самлелым сэрцам прысеў на слізкую падлогу. Памочнік Машыніста быў тамсама, дзе я запомніў яго ў стане глыбокага сну. У адным рыўку ад выхаду, не абароненага ні дзверцамі, ні шклом. Ён не змяніў позы, адкінуўшыся плячыма да сцяны. Але галавы не было. Замест яе тырчаў водруб з белай косткай пасярэдзіне. Калі ён спаў, складзеныя лодачкай рукі боўталіся ў паджывоцці. Цяпер каля пахвіны паміж чорнымі далонямі была ягоная галава. Перад смерцю нябожчык паспеў прачнуцца і спалохацца. Вочы — шырока адкрытыя. Да бялкоў прыліпла чорная вугальная труха.