Выбрать главу

Ля ўваходу, заціснуты паміж распаленых прыбораў, быў Качагар. З яго і нацякло крыві, што зрабіла падлогу ліпкай. Яго смерць была больш доўгая і пакутлівая. Я не хачу гэта апісваць, але з пабачанага я зразумеў, што хлопца задушылі вантробамі, вынятымі з жывата. Не прапануйце мне піханай пальцам каўбасы больш ніколі.

Машыніст адсутнічаў. Магчыма, яму ўдалося збегчы. Жалезны дыназаўр, якім кіравалі нябожчыкі, працягваў жыць. На манометры скакала стрэлка, з патрубкаў травіла пара, метал хрыпеў ад напругі. Прыгінаючыся да падлогі, я падпоўз да прагалу і асцярожна вызірнуў.

Першым, што я пабачыў, быў вялізны лыч свінакапытага, што сядзеў на кані на ўзроўні маіх вачэй за метр ад лакаматыва. Велізарная, апранутая ў цёмны плашч постаць часткова схавала тое, што рабілася пры зямлі. Счарнелая зяпа, здаравенныя лапушыны вушэй — усё было нерухомае. З роту істоты не ішло пары. Яна, у адрозненне ад каня пад ёй, не дыхала.

Я прыглядзеўся да свіной мазгаўні. Засмяглыя вочкі, прыліплы да ссінелага падбароддзя язык: пачвара была нежывая некалькі тыдняў. Яна не рухалася, а тое, што я спачатку прыняў за ўздрыгванні, было інерцыяй ад пераступу каня пад ёй. Мярцвячына выглядала абсалютна адсутнай у сваёй нерухомасці, цяжка было зразумець, як гэты вершнік некага можа забіць. За ёй, пры зямлі, нешта варушылася, і, пакуль мае вочы адаптаваліся да падсветленай паравозным ліхтаром цемры, я паспеў здзівіцца, наколькі дакладна і пераканаўча здолела ўрэчаісніцца нешта, прыдуманае такім бздыром, як Сямён Чапля.

Нарэшце, я разглядзеў дзве постаці, якія ператоптваліся пад паравозам.

— Можа, досыць? — запыталася тая, што была скурчанай. — Мала слядоў. Тапчы яшчэ, — ля твару таго, хто адказаў, запаліўся агеньчык цыгарэты. Сцэну ахінуў тытунёвы дым.

Фігура разагнулася, і я пабачыў у руках абрубкі свіных ног. Патыкаўшы імі ў зямлю, фігура нагнулася і абмакнула капыты ў нешта. Напружыўшы зрок, я пазнаў у гэтым чымсьці ўскрытую грудзіну Караваншчыка.

— Габрэй скончыўся. Не дае ўжо колеру, — забедаваў той, што рабіў сляды. Было чутно, што яму не падабаецца тая работа, якую яму даручылі. — Гэты скончыўся — адкрывай наступнага, — абрубіў голас брата Ягорыя. І дадаў: — Вось менавіта для гэтага, Сёма, мы звычайна пакідаем аднаго сведку жывым. Каб нехта мог распавесці пра зверствы казланогіх. І не трэба было тыя зверствы маляваць.

Яго суразмоўца адышоў убок, павошкаўся там і вярнуўся ў поле зроку, цягнучы за нагу цела Машыніста.

— А з гэтым што рабіць? — спытаў “мастак” млява. — Напруж фантазію. Што-небудзь жудаснае. Каб ажно яйцы падціскала. Я ж кажу. Іхны Аракул перадаў, што свінарылых не існуе. Што ён іх прыдумаў. Хутка фраеры перастануць баяцца. І пачнуць пільна ўглядацца, куды страляюць. То паспрабуй ужо. — Дапусцім, нос калі яму адрэзаць? — Ты, галоўнае, зараз слядзі давай. Пакуль кроў не састыла!

Ягоны суразмоўца запаліў святлач, у якім зрабілася бачнай акуратная нажавая рана ля сэрца Машыніста. Істота садрала з прыхільніка Платонава майку, скарысталася чалавечай “фарбай” і павяла крывавы “свіны” слядок да вагона. Раптам з цемры за тры крокі ад уваходу ў паравоз выслізнула яшчэ адна істота — яна несла важкі мех, таму не надта азіралася. Наблізіўшыся да каня, дзе сядзеў свіны вершнік, адхінула плашч свінакапытага і, войкаючы, пачала мацаваць прынесенае да сядла. Я баяўся быць заўважаным, таму не вызіраў далёка.

— Доўга яшчэ? — запытаў голас брата Ягорыя. — Дзве траціны засталося! Каб былі арбы — можна было б загрузіць як ёсць, у куфрах. Але ж гэта вы рашылі, што “свінакапытыя на вазах не ездзяць”! То трэба ссыпаць у мяхі. Гадзіны дзве яшчэ завіхацца. А дзе тое напісана, калі падумаць? — Не блюзнер мне! — каротка адрэагаваў галоўны. — Аўтарытэт паважаць трэба. — Не, я што, спрачаюся? — працягваў ныць той, што прынёс мех. — Паставілі цынк цягаць чалавека, у каторага рэбры паламаныя — я цягаю! Хаця так можна і лёгкае сабе праткнуць. А ад гэтых свінюкоў смярдзіць так, што можна адным удыхам пранцы падчапіць! — Нічога не чую! — абрубіў голас фермера. — Не, ну праўда, згніла свініна! Хутка чэрві завядуцца! А я побач з паламанымі рэбрамі кручуся! Лепей вы б Сёму на гэтую працу паставілі! — Што ў цябе рэбры зламаныя, сам вінаваты, — падвысіў голас аўтарытэт. — Хто цябе прасіў пад кулі бурмістравага ахоўніка скочыць? У мяне трапілі? Не? У Сёму? Не! Ну, дык сам вінаваты! За бронік дзякуй скажы і далей давай цынк парадкуй. — На гэтага ўжо больш не павесіць, — уздыхнуў паранены. — І так багата на адным кані. Гружу наступнага. Давайце заменім свінюкоў! У нас жа матэрыялу хапае. — Як на ферму вернемся, новых галоваў напілуем, — неахвотна пагадзіўся брат Ягорый. — Хаця я смуроду не чую.