Выбрать главу

Свіная галавешка кранулася і, вільнуўшы вушамі, паляцела на зямлю.

— Вось так! Не будзе нудзіць на адваротным шляху, — трыумфальна праспяваў бліжэйшы да мяне голас. — Ты што вось зараз зрабіў? — з націскам спытаўся далейшы. — Скінуў мардзяк гэты гнілы! Вы ж самі сказалі, што новых напілуем! — Скінуў — давай падымай ды мацуй! — загадаў галоўны. — Чаму гэта? — не зразумеў той, у каго былі паламаныя рэбры. — Таму гэта! Што Сёма не для таго жыватом тут зямлю вымятае, сляды свіныя пакідаючы, каб ты на месцы забойства адгадку жывучасці свінакапытых пакідаў! Наступным разам не лычы будуць з валын трушчыць. А ў цябе выцэльваць, кубель!

Пачулася незадаволенае сапенне, фігура зняла плашч, грэбліва заматала галаву ў яго і закінула на сядло побач з грашовымі торбамі.

— З гэтага таксама ўжо крыві не выціснуць! — пачуўся наводдаль голас Сёмы. — Ну, дык зазірні ў кабіну, там крыві з тых двух столькі, што аж вунь сцякае, бач! — параіў аўтарытэт.

Далейшыя падзеі, як напісаў бы барочны аўтар вандроўнага рамана васямнаццатага стагоддзя, разгортваліся вельмі хутка, як ветразь тыпу “блінд” на іспанскім галеоне. Пакуль узброены двума капытамі замест пэндзляў Сёма разгінаўся, вохкаў, паціраў паясніцу і ўздымаўся па металічных прыступках, я паспеў у два лёгкія крокі апынуцца ля прагалу пры безгаловым Памочніку Машыніста. Я занёс нагу ў праём, ад поўнай бяспекі мяне аддзяляў адзін хуткі рух наперад. Аднак тут я спыніўся. І вырашыў выдаткаваць поўную секунду, каб вярнуцца ў кацельную і крутануць да ўпору сіні вентыль. Постаць “мастака” Сёмы ўжо вымалёўвалася пры ўваходзе, калі я, бы плывец у ваду, скочыў у прахалодную цемру. Сёма не пачуў маё прызямленне, бо будка запоўнілася шыпеннем катла. Але Брат Ягорый узвіўся:

— Што гэта там у цябе тупае? — У мяне ўсе, хто мог тупаць — ужо адтупалі! — адазваўся Сёма. — Тут усе сядзяць роўна, нібы злодзеі на маліне!

Я ўціснуўся ў пясок адхону. Сёма патыцкаў свінымі нагамі па скрываўленай падлозе і стаў самааддана ствараць сляды капытоў на лесвіцы, што вяла ў каморку агнявой брыгады. Акуратна ссунуўшыся з насыпу, я адпоўз глыбей у цемру і ўпрысядкі пабег прэч. Баяўся, што лакаматыў грымне, пакуль я буду побач. Таму, ладна аддаліўшыся, я прысеў ля рэек і ўглядаўся ў цемру. Я бачыў перасоўванне мурашыных фігурак ля металічнага кіта, але цягнік стаяў і не думаў выбухаць. Зразумеўшы, што дыверсіі не атрымалася, я павольна пайшоў наперад уздоўж пуцей — Горад Святла мусіў быць недзе там.

Калі вакол самкнулася цемра, у галаву палезлі думкі. Пра тое, што мой заплечнік са спальнікам і цёплымі рэчамі застаўся на тэндары. Добра, што вечны ліхтарык я не зняў з сябе — ён быў спушчаны на шыю. Пра тое, што дубальтоўка, а таксама ўвесь запас набояў засталіся ў разрабаваным вагоне. Што іду я да Горада Святла з абсалютна пустымі рукамі: ні грошай, ні ежы, ні нават цёплых рэчаў. Няма нават змены бялізны ці запасных шкарпэтак. Калі роздумы паспелі добра сапсаваць мне настрой, ззаду грымнула.

Я адчуў гэта па рэйках — ляскат перадаўся па матэрыяле хутчэй, чым даляцеў гук. Рэйкі завылі металічным ціньканнем. Уздрыгнула зямля. Прычым добра, як пры тым землятрусе, які мы некалі перажылі на Суматры. Нарэшце данёсся і розгалас — амаль не чутны, але маштабны. Ён раскаціўся па ўсім даляглядзе, нібыта трэснуў не велізарны боепрыпас, а шандарахнула выбухамі па цэлым фронце. Я рад быў бы тут дадаць, што праз некалькі секунд ля маіх ног прызямлілася галава брата Ягорыя. Ці прыляцела, размахваючы капытамі ў паветры, палова каня з заціснутым пад сядло мехам са свіным рылам. Ці адбылося нешта, што засведчыла б: забойцаў абварыла, парвала на шматкі і змяло з гэтага свету.

Але далёкі грукат у цемры, грукат, перад якім не было выбліску і пасля не было марыва пажару, быў адзіным сведчаннем таго, што кацёл выбухнуў. І я не ведаю і не даведаюся ніколі, ці загінулі злодзеі, ці хаця б адзін з іх. Верагодна, мне і не трэба пра тое ведаць. Вялікай радасці з гэтай нагоды я ўсё роўна не адчуў бы. Помста — пачуццё, здольнае прыносіць трывалую асалоду толькі тым, у каго іншых пачуццяў не засталося.

Сцежкі ўздоўж насыпу, зразумела, не было. Другасная правінцыйная чыгунка, што працінала поўдзень, звязваючы паўстанак з занядбаным некалі райцэнтрам, — не той напрамак, ля якога маглі нарасці населеныя пункты, жыхары якіх тапталіся б вакол пуцей. Як падказвала мапа, Горад Святла — Мека новага часу — паўстаў там, дзе ў часы БССР туліўся гарадок, адзначаны пустым кольцам. Чацвёртая ступень змяншэння значнасці — пасля вялікага сілуэта з пазначэннем вуліц, падвойнага кола і кола, замаляванага знутры.