Выбрать главу

Там-сям ногі загразалі ў раллі, і даводзілася выбірацца на шпалы. Недзе да самага чыгуначнага палатна набліжаўся лес, і калючыя яловыя лапы чапляліся за паліто. Я заўважыў, што некаторыя секцыі рэек былі пасля рамонту — пад імі ляжалі свежыя дошкі: мабыць, чыгуначнікам для ўзнаўлення руху вугальнага каравану давялося рэстаўраваць не толькі паравоз. Узбоч пуцявіны, побач з прасёлачнымі дарогамі, пры паржавелых шлагбаумах, трапляліся невялічкія будынкі чыгуначнікаў. Зробленыя з цэглы, яны стаялі з некранутым шклом у вокнах, абяцалі ложак і, магчыма, нават нейкі просты харч. І я ўжо вызначыўся, дзе буду есці і спаць на першым сненні.

Ісці было лёгка, я праганяў думкі пра ўсе наступствы пазбаўлення ад заплечніка з рэчамі тым, што напяваў песні, якія здольны быў прыгадаць. Калі адхон рабіўся гравійным, падбіраў ды шпурляў наперад каменьчыкі. І калі чарговы раз падняў галаву, каб вызірнуць напрамак руху, зніякавеў, заўважыўшы ў небе з’яву, якой мы — усе мы, чалавецтва, двухногія, насельнікі цемры, тубыльцы ночы — ужо і не марылі дачакацца.

За пагоркам, куды ўпіраліся рэйкі, тлеў выразны і неаспрэчны ружовы світанак. Вядома, яшчэ было далёка да блакітнага неба і пунсовай кароны вакол сонечнага бліна, што выкочваецца з-за небакраю. Але гарызонт быў падкрэслены непрымроеным, адрозным ад чарнільнай бездані зеніту, ззяннем. Я заплюшчыў вочы і пастаяў так колькі хвілін. Раскрыў павекі. Святло не знікла. Я павярнуўся спінай і далічыў да ста. Азірнуўся. Ззянне было там. Па целе токам біў радасны калатун. Я разгарнуў мапу і шчоўкнуў налобнікам. Усё сыходзілася: намаляваны частакол чыгункі паказваў на паўднёвы ўсход. Золак мог зачынацца там.

І тады, здурнелы ад радасці, я пабег. Вочы адзначалі, як паступова расце ружаватая стужка над зямлёй, як там, у ззянні, пачынаюць блякнуць і выключацца зоры, а вось і ніжнія лапы касмічнага пакемона зрабіліся менш выразнымі. Я бег, і бегчы было лёгка. Бег выявіўся самай дасканалай формай выказвання радасці, закладзенай у саму сутнасць чалавека танцам шчасця. І калі дыханне марнела, я пераходзіў на хадзьбу, адчуваючы, як з хуткасцю дыскатэчнага страбаскопа калоціцца сэрца, а лёгкія распіраюць маю грудзіну, нібы пара кацёл перагрэтага лакаматыва. Але я не спыняўся, не спыняўся, бо было адчуванне, што гэты магічны світанак працягнецца толькі датуль, пакуль я — я адзіны — буду верыць у яго сапраўднасць. І я не зважаў на тое, што золак, сапраўдны золак, калі б ён пачаўся, ужо даўно мусіў бы запалаць памяранцам на ўсё неба. Можа быць, з гэтай ночы можна толькі выбегчы, думаў я. Магчыма, ёсць такія досвіткі, да якіх можна толькі дацягнуцца самому, казаў сабе я. І працягваў перастаўляць ногі. І рушыць наперад. І галава ўжо ўсё зразумела — і пра кірунак чыгуначных рэек, які не мог так супадаць з вектарам сонечнага узыходу, і пра назву месца, да якога я імкнуўся, і пра падазрона нешырокі разбег ззяння, але ногі ўсё яшчэ адштурхоўвалі зямлю, яшчэ неслі цела наперад.

І толькі калі задыханы і знясілены, мурзаты ад вугальнага пылу і поту, я нарэшце пабачыў гмах агароджы і асобныя будынкі Горада Святла, я зразумеў, што цуду сонечнага з’яўлення давядзецца яшчэ пачакаць. Цікава, колькі людзей да мяне рабіла такі подбег? Колькі расчараваных сэрцаў сцялася, зразумеўшы тэхнагенны характар золку?

Калі знікла надзея, цела адразу набыло сапраўдную вагу. Я чапляўся ботамі за шпалы і маркотна цягнуўся да мегаполіса — ці не адзінага буйнога паселішча, не разарванага на меншыя гарадкі-дзяржавы, непаўторнага ў сваёй ілюмінацыі.

Выйшаўшы з-за пралеска, я заўважыў пракладзеную скрозь пагоркі гірлянду, што складалася з рухомых светлавых кропак. Спыніўшыся, я змог параўнаць гэта з відовішчам шашы, па якой машыны рушаць з хуткасцю вусеня. Так выглядалі подступы да Горада Святла па дарогах. Я ішоў уздоўж чыгункі і таму шыкаваў сваёй адзінотай. Каб трымаўся гасцінца — быў бы аточаны натоўпам іншых бадзяг.

Гарадскія валы насоўваліся бліжэй, і побач з імі я адчуваў сябе як стомлены легіянер, які таптаўся да Сервіявай сцяны рымскага памерыя. Агароджа была высачэзная, у некаторых месцах земляны вал сягаў на вышыню дзевяціпавярховага будынка. Наблізіўшыся, я пабачыў велізарныя чыгуначныя хоперы для перавозкі вугалю, паўцісканыя ў падэшву вала, які, падмацоўваючы глебу, не дазваляў ёй абсыпацца. Побач з адваламі бункерныя вагоны выглядалі дзіцячымі цацкамі.

Я не мог зразумець, як так адбылося, але глеба, з якой быў насыпаны гарадскі мур, парасла хмызняком і чэзлымі дрэўцамі, быццам гэтыя пагоркі ўзніклі яшчэ да таго, як Горад Святла стаў паселішчам, што патрабуе абароны. Самае галоўнае — наверсе на аднолькавых адлегласцях былі жоўтыя шары. І яны не нагадвалі паходні ці высвятленне дыёдных пражэктараў. Гэта не ўкладалася ў галаву, але менавіта так некалі выглядалі гарадскія ліхтары, мачты якіх упрыгожвалі праспект, што праглядаў праз ліпы за грушаўскімі вокнамі.