Выбрать главу

Наводдаль быў яшчэ адзін невытлумачальны феномен. Па-над агароджай вытыркаліся верхавіны труб. Не цацачныя дудачкі вугальнай кацельні, а цагляныя ўсталяванні нейкага буйнога камбіната. І з іх шчодра валіў тлусты чорны дым. Ягоныя ручаі роўна выцякалі ў рудое неба і ўтваралі там атрамантавую лужыну. За гарадскім валам жыла нейкая індустрыя.

Я не ведаю, чаму вырашыў, што здолею прабрацца за сцяну там, дзе ў яе ўваходзілі рэйкі. На шляху апынулася высачэзная заслона шырынёй у паўтары цягнікі. Яна цягнулася да верху сцяны і не мела нават шчылінкі, у якую мог бы праціснуцца чалавек. Я пастаяў перад тупіком, уключыў ліхтар, разлічыўшы рух у назіральнай вышцы наверсе. Але ніхто не спяшаўся адчыняць шлюз незнаёмцу, які коўзаўся пры пуцях. Тады я выключыў святло і паспрабаваў ускараскацца на вал. Але было занадта стромка, да таго ж на вышыні ў тры чалавечыя росты ў глебу былі забітыя нафтавыя цыстэрны, абмінаючы якія, можна было звярнуць шыю.

Я пайшоў уздоўж валу — туды, дзе ў сцяну заходзіла светлавая гірлянда падарожных. Там мусіла быць мытня ды КПП. Але хутка ногі пачалі загразаць у глебе — яна зрабілася вязкай, яе паверхня бліснула адлюстраваннямі ліхтароў. Усё поле да дарогі было залітае вадкасцю, прычым, пахла яна не парфумай “Дыор Ж’адор”. Я пачуў цурчанне і, азірнуўшыся на сцяну, заўважыў некалькі вадаспадаў. Выглядала, каналізацыя ў так файна падсветленым мястэчку была пабудаваная па сярэднявечным прынцыпе простай пратокі. Я меў шчасце апынуцца акурат пасярод каналізацыйнага вусця. Здолеўшы зрабіць яшчэ сотню крокаў, я тыцнуўся ва ўжо непраходную багну, паспрабаваў збочыць да чыгункі, але праваліўся амаль па калена. Пачаўшы панікаваць, я намацаў нагамі прагал — ён быў бліжэй да сцяны.

Калі боязь завершыць жыццёвы шлях у смярдзючай твані ўвайшла ў перыгей да панікі, я пабачыў палацык наверсе, проста пры вале. Драўляны новы рамантызм, бесклапотнае дзевятнаццатае стагоддзе. Бялюткі, як параход. Жоўтае святло з інтэр’ераў грае на пазалочаных разетках. І чаму, цікава, прыгажосць кідаецца на мяне менавіта тады, калі я спрабую не захлынуцца ў непраходным балоце? Мне не пашчасціла з надвор’ем: калі б тут панавалі грушаўскія каля-нуля, глебу б падмарозіла, і па полі можна было б гуляць у футбол. А паколькі… І тут я заўважыў проста пад нагамі велізарную, чалавечага памеру, ляльку, апранутую ў шыты золатам карункавы камзол. Я ўключыў і адразу ж выключыў ліхтар, не жадаючы глядзець на мерцвяка. Вочы, апроч аголеных праз доўгае ляжанне костак, паспелі выхапіць пацешны характар касцюма: камзол быў з тканіны, вельмі падобнай да велюравай абіўкі фатэляў. А тое, што я спачатку прыняў за шпагу, было адрэзам тоўстага дроту, абгорнутага фольгай. Яшчэ праз тузін крокаў, я пабачыў шыкоўную пірацкую трохвуголку з падробным страўсіным пяром з “Ікеі”. Чорны парык нежывога пірата расплыўся пад ёй багавіннем. Дзіўная жалобная традыцыя апранаць нежывых у барочную вопратку і скідваць іх у твань. Забруджанае поле, па якім я ішоў, было не толькі каналізацыяй, але і VIP-могілкамі.

Калі я выбраўся з гідкай багны і наблізіўся да натоўпу ля брамы Горада Святла, маё аблічча мела настолькі самабытны выгляд, што я б не прайшоў фэйс-кантроль нават у начных клубах апраметнай. Вугальны пыл змяшаўся на паліто з жыжай каналізацыі, да ботаў і штаноў наліп заквашаны ў нерухомай вадзе бруд. Не ведаю, якога колеру быў мой твар, але далоні выглядалі як лапы ў аднаго знаёмага дога: чорныя, страшныя, з непрыбранымі кіпцюрамі. Я спрабаваў суцяшаць сябе, што мой выгляд згубіцца сярод парэпаных жыццём і дарогай абліччаў іншых гасцей Горада Святла. Але пабачанае на дарозе больш нагадвала чаргу запрошаных на рэцэпцыю ў французскай амбасадзе.

Паверх свежых кашуляў накінутыя франтаватыя шалікі. Начышчаныя лакіркі, выпрасаваныя стрэлкі, пастаўленыя фрызуры, паголеныя твары. Самым непрыемным было тое, што за сто метраў ад уваходу, там, дзе пачыналася агароджа, былі інсталяваныя ярчэзныя старадаўнія электрычныя ліхтары. Выратавальная заслона цемры, у якой можна было б схаваць сорам, была бесцырымонна адхінутая. Электрычнасць высвеціла кожны чорны паўмесяц майго пазногця, кожную загразлую ў шчацінні драбінку вугалю, кожны прыліплы да палітона апалак. Яна абазначыла вільготныя ад каналізацыйнай вады сляды, што я пакідаў на асфальце.