Для апісання майго становішча дарэчна б зноўку звярнуцца да мовы вандроўных раманаў васямнаццатага стагоддзя, але я пашкадую чытача. Проста паверце: я пачуваўся персанажам татэмічнага снення, дзе бачыш сабе аголеным сярод натоўпу на раздарожжы вялікага горада.
Я падышоў да чаргі і стаў за джэнтльменамі ў палітонах оксфардскага выгляду. Яны мелі чамаданы Samsonite на колцах. Калі я стаў побач, яны зусім не крыўдна перацягнулі чамаданы наперад, і ў гэтым не было і ценю перасцярогі, што я нешта скраду. Яны працягвалі рэспектабельную размову:
— А я гэтым разам далучыўся да партыі зберагальнікаў Durex: падчас карнавалу — ну, ты памятаеш, што робіцца з норавамі. Буду прадаваць па дваццаць цынкаў за тры штукі. Прыбытак трыста адсоткаў. А ты ўсё зайцаў? — Не, зайцы засталіся ў мінулым сезоне, — джэнтльмен выправіў манжэты белай кашулі з паліто. — Вось паглядзіш: імі будуць гандляваць на кожным рагу, з нулявым попытам. Патрэбная бізнес-інтуіцыя. Гэта памятаеш, як Вова Чэлсі ўклаўся ў груз ліхтарыкаў сем карнавалаў назад. А тут адрэстаўравалі вугальную ТЭЦ і асвятлілі горад. І павіс на Вову крэдыт. Не, я гэтым разам закінуўся ў ібісаў. Розныя памеры, жаночы варыянт з падмаляванымі вачыма. — Ібісы страшныя. — Ібісы — класіка карнавалу. Смех са смерці. У сярэднявеччы ў такіх масках дактары хадзілі падчас эпідэмій чумы. У дзюбу лекі закладаліся, каб не захварэць.
Першы агледзеў рукаў кашаміравага паліто, узняў галаву да ліхтароў і крытычна заўважыў:
— Шманіць усё ж іх ТЭЦ. Бачыш, вопратка ў вугальных адкідах. Добра, што яе на дальнім канцы горада будавалі. — Ну а што паробіш, — уздыхнуў другі. — Без ТЭЦ у іх не было б святла, а ў нас — такой маржы. Тут жа вугальныя руднікі паўсталі адначасова з Credit Suisse ў Швейцарыі. У Нью-Ёрку сябры платанавага пагаднення яшчэ па кавярнях свае ўгоды афармлялі, нават біржы як такой не было, а тут Валовічы сабе маёнтак на вуглі адбудавалі. Проста пры тэрыконе. — Тэрыкон? Гэта што? — неахвотна здзівіўся першы. Яму было непрыемна паказваць, што ён можа не ведаць нейкіх тэрмінаў. — А вось той земляны вал, бачыш? Гэта тэрыкон, адвал вугальных распрацовак. Горад там, унутры, побач з вугальнымі разрэзамі ды шахтамі. А пагорак, на якім стаіць палац Валовічаў, — штучны.
Першы страціў цікаўнасць да тэмы, бо яна не тычылася камерцыйнага выхаду. Я, відаць, прыцягнуў на сябе вады са смуроднага балота, бо другі суразмоўца амаль не грэбліва павярнуўся да мяне, уцягнуў носам паветра і ветліва сказаў наступнае:
— Вы, даражэнькі, без тавару стаіце. Мо скарыстайце fast lane справа. Яна — для тых, хто ідзе пры спрошчаным мытным кантролі.
І гэта было ну не крыўдна — чалавек дапамог скараціць час чакання. Сапраўды, частка дарогі пуставала, над ёй вісела шыльда: “Ручная торба, да пяці кіло” са стрэлкай наперад. Я абышоў агароджу, што адасабляла чаргу, і, яшчэ раз абтросшы бачны бруд з паліто, штаноў ды ботаў, рушыў наперад. Народу нецікава было ўваходзіць у Горад Святла з “ручной торбай да пяці кіло”, бо я прамінуў астатнія пяцьсот метраў да мытні ў адзіноце, прайшоў па ўздымным мосце над пракапаным каналам і апынуўся ў бетонным корабе пункта мытнага дагляду.
Справа была арганізаваная без асаблівай павагі да гасцей Горада Святла. Праз прагалы ў сценах на прыкручаны да падлогі стол глядзелі аўтаматныя рулі. Як толькі я наблізіўся да стала, наверсе, высмажваючы душу, запалілася святло. Чорныя паўмесяцы маіх пазногцяў цяпер не проста абазначыліся — яны, здаецца, пачалі адкідваць цені. Два гучнагаварыльнікі ў кутах фыркнулі і загадалі, прычым, значна гучней, чым патрабавалася, каб я мог іх чуць:
— Выстаўце злева на стол дваццаць поўных зарадаў уваходнай платы. Пакладзіце сваю торбу па цэнтры стала і размяркуйце рэчы па правай частцы стала. — Але ў мяне няма дваццаці цынкаў, — развёў я рукамі. — Выстаўце дваццаць поўных зарадаў злева, — гучней паўтарыў гукамацюкальнік. — У мяне няма ні цынку, ні асабістых рэчаў! — я таксама сказаў гучней — на выпадак, калі мяне не чуюць.
Голас нейкі час маўчаў, быццам знямеўшы ад майго нахабства.
— Як паведамляецца ў правілах доступу ў Горад Святла, цана уваходу ў Горад Святла складае дваццаць поўных цынкаў у карнавальны тыдзень і тры папярэднія яму дні і дзесяць у астатні час. Калі ў вас няма дваццаці поўных цынкаў, вы не можаце прэтэндаваць на ўваход у Горад Святла, нават у выпадку паспяховага праходжання мытні. — А ці магу я, кшталту, у крэдыт зайсці? Я зараблю грошай і заплачу на выхадзе. Можна так?