Выбрать главу

Голас у дынаміках змоўк, і я занепакоена ўглядзеўся ў рулі. Каб мяне не пачалі расстрэльваць яшчэ да моманту, як я адчую, што размова скончаная. Але раптам у бетонны мех уварваўся іншы, больш далікатны голас:

— Што значыць – у вас няма асабістых рэчаў? — не надта гучна спытаўся ён. Хутчэй за ўсё, прамоўца трымаў рот падалей ад мікрафона. — Ну, вось так атрымалася. Ні торбы. Ні цынку. — А якую зброю вы пераносіце? — задалося яшчэ пытанне. — Ніякай зброі няма. Так атрымалася.

Пасля гэтага маўчанне апанавала памяшканнем на такі працяглы час, што я ўжо вырашыў, што тут традыцыя адмаўляць моўчкі. Але калі я развярнуўся сыходзіць, над адной з байнічных шчылінаў загарэлася шыльдачка: “Чакайце”. Чакаць давялося доўга — я ўжо і на стол прысаджваўся, і па боксе пахадзіў, і задумаўся, ці не прапанаваць дынамікам абмяняцца анекдотамі. Добра, што ў гэты “зялёны канал” не было чаргі, інакш я моцна замарудзіў бы трафік. Нарэшце, гучнагаварыльнік зноўку ажыў, гэтым разам пры мікрафоне апынулася немаладая жанчына.

— Назавіцеся, калі ласка, — прапанаваў голас місіс Марплз. — Кнігар. Іду з Грушаўкі. — Ці вандруеце вы адзін? — такі тэмбр быў у бабулі, што выкладала англійскую мову ў маёй школе. — Абсалютна, — пагадзіўся я. — Прыйшоў праз ферму, запраўку, Элеватары, скарыстаўшыся чыгункай. Але паравоз выбухнуў пасля нападу казлакапытых. Ну, як казлакапытых… — Вы напэўна ведаеце, што адзін раз на трыста шэсцьдзясят пяць ранішніх гудкоў у нашым горадзе адбываецца карнавал, — урачыста прамовіў голас. Так раней па тэлевізары аб’яўлялі пераможцаў латарэі. Я кіўнуў. — Напярэдадні, — працягнула бабуля, — гільдыі сумесна з радавітымі фаміліямі патаемна пагаджаюцца наконт адмысловых умоваў, паводле якіх будзе абірацца Кавалер Карнавалу. Мужчынскае ўвасабленне свята. Дама Карнавалу вызначаецца з ліку незамужніх дачок нобіляў.

Я зноўку кіўнуў, хаця нашая размова перастала мне падабацца. Надта нагадвала гісторыю з Насамонамі.

— Кавалерам Карнавала можа быць толькі самотны вандроўнік. Звычайна мы праводзім конкурс, каб вызначыць яго асобу. Але сёлета, —голас зрабіў урачыстую паўзу, — умовы выявіліся занадта строгімі, і ў нас не было ніводнага прэтэндэнта. Хаця інтрадукцыйны баль ужо сёння, пасля вечаровага гудка. Дык вось, шаноўны Кнігар. Мы віншуем вас, бо вы з’явіліся своечасова. Кавалерам Карнавалу мусіў стаць мужчына, які прыйдзе ў наш горад без зброі і паклажы. Без асабістых рэчаў. З пустымі рукамі. — І што гэта значыць – быць “мужчынскім увасабленнем свята”? Я маю на ўвазе, на практыцы? — вырашыў я адразу даведацца пра дробныя літаркі кантракта. Каб не давялося зноўку тэрмінова скручваць вуды. — Мы хацелі б размясціць вас у найлепшым нумары нашага гатэлю і запрасіць бясплатна на ўсе прывабныя для вас мерапрыемствы нашага горада. Вы можаце частавацца ў любых рэстарацыях. У вас, уласна, толькі адзін абавязак – быць шчаслівым. І дазваляць Даме Карнавалу суправаджаць вас. Ну і з’явіцца на інтрадукцыйны баль. — Гэта ўжо тры ўмовы, — на ўсялякі выпадак скрывіў твар я. — О, паверце, гэта акурат адна ўмова. Быць шчаслівым, бавіць час з маладой дзяўчынай з нобіляў ды танцаваць на інтрадукцыйным балі — гэта адно і тое ж. — Мне давядзецца танцаваць? — зноўку спахмурнеў я. — Гэта фармальнасць. Ніхто не чакае ад вас вальса ў тры па. Проста вы мусіце рухацца разам пад музыку на закрытым адкрыцці карнавалу. — Закрытым адкрыцці? — паўтарыў я за ёй фразу, якую не здолеў зразумець. — Закрытае адкрыццё, —яна яўна ўсміхнулася. — Вы, мабыць, надта малады, каб помніць, што да Зацямнення гэта было асноўнай формай свецкага жыцця на нашых землях.

Я падумаў, што яна недаацаніла мой узрост і пераацаніла мае веды свецкага жыцця.

— Я згодны, — урачыста сказаў я ў бок шыльды “Чакайце”. — Мы не сумняваліся, што вы пагодзіцеся забраць джэк-пот, — зноўку ўсміхнулася бабуля ў мікрафон.

Цэнтральная секцыя сценкі з байнічнай шчылінай шчоўкнула і адпаўзла ўбок. За ёй выявіўся падсвечаны лямпамі дзённага святла калідор.

— Кіруйцеся ў гатэль “Метраполь”. Там вас будуць чакаць, — сказаў голас наўздагон. Я быў думаў, што місіс Марплз пакажа сябе пасля таго, як нашае сумоўе будзе скончана, але яна так і засталася для мяне голасам з дынаміка.

Я выйшаў у калідор — ад багацця святла кружылася галава. Праход скончыўся металічнымі кратамі, што раз’ехаліся ў бакі, як толькі я наблізіўся. І было адчуванне, што, атрымаўшы электрычнасць, кіраўнікі гэтай установы зрабілі ўсе намаганні, каб узнавіць самыя таталітарныя практыкі, якія былі вынайдзеныя ў папярэднюю эпоху. І выходзіла кастурбавата, з натугай, вось і краты расцягвалі хутчэй за ўсё інтэрны-памежнікі ўручную. Але што было прынцыповым, дык гэта першапачатковая інтэнцыя ўзнавіць самае ванітнае з папярэдняга свету, стаць “сапраўднай дзяржавай” хаця б там, дзе з наведнікамі размаўляюць праз гукаўзмацненне. Лепей бы каналізацыю нармальную зрабілі.