Тое, з чаго савецкія людзі ляпілі свае “каклеты” (называючы піражкі з дрэннага фаршу высакародным словам cotelette, якім ва ўсім свеце пазначаюць мяса на костцы), беларусы спрадвеку змяшчалі ў свіныя вантробы, пяклі ў пячы ці варылі ў вясковым “супе рататуй” (не блытаць з праванскім ratatouille).
Я ведаю, чаму гандляры на базары ў зацемненай Грушаўцы не зацікаўленыя ў тым, каб закладаць склад сваёй кілбасы ў яе назву. Але для мяне загадка, чаму тая, старадаўняя “піханая пальцам кілбаса” зберагала таямніцу свайго паходжання ад усіх. І — што самае галоўнае — смак застаўся тым жа! Асабліва калі добра прасмажыць на вуголлі! Дык — калі ласка — ніколі не кажыце мне, з якіх вычварэнняў зроблена тое, за што я зараз аддам свой цынк! Мне гэта нецікава! І не здзіўляйцеся папярэдняй гастранамічнай лекцыі: чалавек, які ўвесь час хоча есці, будзе спяваць пра харч з натхненнем Кнута Гамсуна!
І зараз, калі кілбаса выбрана, узважана, наспеў час распавесці пра самую галоўную рэч у нашым цёмным свеце. Рэч, за якую можна купіць усё, акрамя дастатковага ацяплення ў кватэры ды сонца на небе за яе сценамі (а таксама іншых другасных дробязяў).
Цынк. Калі гандляры сапраўднымі рэчамі (то бок, святлом, цяплом і ежай) перасталі прымаць папяровыя грошы, а напамін пра капіталы, пахаваныя разам з банкаўскімі рахункамі і банкаўскай сістэмай, перастаў быць тэмай для прыстойнай размовы нават на кропцы з мёдам, свет даў нырца ў бартар. Людзі мянялі коўдры на свечкі, мачоныя яблыкі на буржуйкі, вугаль на запальнічкі. Але хутка знайшлася рэч, якая была карыснай (у адрозненне ад золата, якім пачалі лудзіць самавары) і пры гэтым не самай распаўсюджанай. Крыніца святла і — у выпадках з нядоўгавечнымі ацяпляльнікамі — адноснага камфорту. Апошняе надзейнае сховішча малых доз электрычнасці.
Магу толькі здагадвацца, чаму батарэйкі і акумулятары — у большасці сваёй гальванічныя, нікель-метал-гідрытныя і нікель-кадміевыя, пачалі называць менавіта “цынкам”. Бо патрончыкаў з пазнакай Ni-Zn у абарачэнні вельмі няшмат і каціруюцца яны ўпоравень з Ni-Mh ды Ni-Cd. Я думаю, справа ў тым, што “цынк” проста клёва гучыць, а народ да такіх рэчаў вельмі чуллівы. Ён можа не ацаніць мілагучнасці вершаў Жылкі, але звонкасць і чоткасць “цынку” ад млявасці “нікелю” ці задыханасці “кадмію” ён адрозніць лёгка. Новая валюта свету не можа называцца “кадміем”, пагадзіцеся. У “цынку” чуецца і цынізм, і пагарда да тых, хто цынку не мае. Паспрабуйце спытаць: “Цынк ёсць? А калі знайду?” І параўнайце гэта з “нікелем” — ні пра што, ну!
Калі каўбаса, за якую вы мусіце заплаціць, каштуе, як у маім выпадку, 1,60 — у ход пойдзе любая драбяза, манеты ўсіх краін свету. У маёй кішэні — сумесь польскіх “грошаў”, літоўскіх “цэнтаў”, рускіх “капеек”, азіяцкія і афрыканскія медзякі, на якіх адзінае, што можна разабраць, — намінал. Дарэчы, разборлівы намінал ёсць абавязковым допускам драбязы ў абарот. Калі ў вас ад дзеда-нумізмата засталася срэбраная чвэрць пенса, на якой вартасць выпісана англійскай мовай, пенсы не прыме не адзін мяняльнік, лепей выкіньце. Бо фальшываманетніцтва, гэтаксама як і разлік не “поўным” цынкам (а гандляр з дрэнным характарам можа праверыць на дэтэктары напружанне ў кожнай батарэйкі), караецца выгнаннем за межы нашага цёплага і ўтульнага раю.
Памеры (ААА ці АА), тып, а таксама ўзнаўляльнасць элемента сілкавання на ягоную вартасць не ўплываюць. “Адзін цынк” роўны ста манетам, ці 1,2-1,6 Вольт — і ніяк іначай.
Я дастаў з кішэні жменю манет і — п’янаваты — не адразу заўважыў, што пад ногі гандляру выслізнуў невялічкі футлярчык, пляскатая замкнёная візітоўніца. Ён быў нахіліўся падняць, я ўкленчыў, каб перахапіць, але не паспеў: серабрыстая каштоўнасць ужо была ў ягонай руцэ. “Гэта маё, маё! Не чапайце, калі ласка! Аддайце!” Гандляр здзіўлена адхіліўся і паважліва перадаў мне знаходку; ён і не збіраўся яе адкрываць. Мае шчокі запунсавелі. Мабыць, выглядаў дзіваком. Калі адыходзіў, заўважыў, што кілбаснік, у якога я браў ежу далёка не ўпершыню, хуткім жэстам прагнаў мой цынк праз дэтэктар: хто яго ведае, чым можа расплаціцца такі псіх.
Я сціснуў сцюдзёную рыбку візітоўніцы ў левай далоні і не выпускаў, пакуль расплачваўся за Гердзіны кансервы, праснак і дваццацілітровую бутлю з вадой. Менавіта тут высветлілася, што я настолькі добра сагрэўся мядком у Цугундара, што забыў свае санкі на ягонай кропцы. Пластыкавую дурынду з булькаючай вадкасцю давялося цягнуць за сабой проста па шарпаку. Пра выраз Гердзінай пысы, калі яна назірала мой балет на лёдзе, казаць не буду — самі здагадваецеся. Але яго, бадай, можна было змяшчаць на антыалкагольныя плакаты.