Прагартаў старонкі: бургеры з сырам чэдар, каліфарнійскія курыныя крыльцы, t-bone стэйк, смажаная бульба з соўсам “Хайнц”. Высокая амерыканская кухня. Некалі ў дарагіх месцах імкнуліся ўзнаўляць кулінарныя традыцыі збяднелых японскіх вёсак, жыхары якіх ведалі толькі рыбу і рыс, зараз модна наследаваць танным забягалаўкам Новага Свету. У напоях — вялікі выбар класікі, ад B52, да класічных лонг-дрынкаў.
— Як такое можа быць? — не вытрымаў я. — “Махіта са свежай мятай і лаймам”? — Цалкам верагодна, — “Міс Пшонка” была нечым занепакоеная. — Ля валу некалькі камбінатаў вырошчваюць сапраўдную гародніну з дапамогай спецыяльных лямпаў. Поўная замена сонечнага святла.
Я заўважыў на сталах храмаваныя музычныя аўтаматы з дзірачкай пад батарэйку. Дарагія, халера, тры песні — поўны цынк. На сцэну тым часам выйшлі музыкі: лакіраваныя электрагітары, труба, саксафон. Зараз будзе гучна. Багатыя людзі не любяць гаварыць з тымі, з кім дзеляць ежу.
— Слухай. У мяне да цябе ёсць нечаканая прапанова, — асмялеўшы, я звярнуўся да Дамы Карнавала на “ты”. — Давай адсюль уцячэм. Будзь да мяне таксама на “ты”, без цырымоній, добра? — Куды? — яе твар яшчэ выказаў занепакоенасць, але я бачыў, што вочкі ўспыхнулі радасцю. — Я пабачыў тут адну “дзёнерную”, а курыныя кебабы не жэр аж з пары, калі людзі яшчэ насілі цёмныя акуляры ад сонца. Давай адкінем увесь гэты пафас, ды проста закідаемся курацінай. Ды паразмаўляем, як людзі. — Ну, я не ведаю… — Тэкерэй, Дзюма і Брантэ патрабавалі ад яе змушанага вагання, але я ж бачыў, што побач з Эміліяй Сэдлі ў ёй жыве Бекі Шарп, а разам з Джэйн Эйр віруе Вялікі Гэтсбі. Яна мусіць павесціся на мой заклік да рэвалюцыі.
Я падняўся, упэўнена згроб яе сцюдзёную далонь сваёй жменяй і пацягнуў прэч.
— Калі ласка! На нас глядзяць! — выдыхнула яна, але руку не прыбрала. І ў шэпце я чуў зусім не Эмілію Сэдлі.
Мы выбеглі з “Метраполя”, яе рука выкараскалася з маёй, але дзяўчына пайшла вельмі блізка да мяне, і паміж намі ўзнікла нейкая змоўніцкая повязь. “Пшонка”, “Пшонка” — нягучна казалі мінакі нам наўздагон, я чуў лёгкае адценне знявагі ў гэтым, і мне хацелася абараніць яе ад мясцовых — зусім не зразумелых мне — раскладаў.
— Я па шчырасці вельмі люблю дзёнеры, — кідала яна мне ўрыўкамі, калі натоўп прыціскаў нас адно да аднаго, — але я не мушу іх есці, —нас зноўку разняло, — бо гэта нізкая ежа, ганебная, — паўза, я імкнуся да яе, але плынь разводзіць нас у розныя бакі, — родзічы забараняюць мне. Але я, бывае, пасылаю Марту. — … — Я пачакаю вас, у сэнсе, цябе. — … —Пакуль ты будзеш браць.
Трэба было абраць месца для балявання, і ўсе завулкі, як і ў любым горадзе з адкрытай каналізацыяй, былі смярдзючыя і брудныя, а па праспекце хвалямі ціснуў натоўп. Завярнуўшы ў вулічнае адгалінаванне за сталінскім дамком, мы прыўзняліся па пажарнай лесвіцы на два паверхі. У паддашшы, на ўзнесенай бляшанай пляцоўцы, можна было не баяцца чужых вачэй. Дама Карнавалу засталася чакаць, а я пабег высякаць забароненую ежу, ежу багоў.
Кухар зноўку назваў мяне “бей эфендзі”, запісаў нумар майго гасцявога купона, асцярожна пацікавіўся, ці не трэсну я, з’еўшы два вялікія скруткі. Ды з вінаватым выглядам папрасіў распісацца, што я бяру менавіта два. “Інакш гільдыі не кампенсуюць”, — паўтарыў ён, а рукі ягоныя ўжо варажылі: курыца шкварчэла, падаючы з пірамідкі, таматы і гуркі накладаліся горкай на мяса, і ўсё гэта заціскаў у сябе пакрыты месяцовымі плямамі праснак. Калі дзядзька дастаў гатовыя кебабы з электрычнай печкі, калі я пабачыў хрусткія падпаліны на пергаментных капэртах з кавалачкамі сакавітай кураціны, я падумаў, што самым складаным будзе данесці скарб да маёй саўдзельніцы некранутым.
Галоўным пытаннем у паяданні дзёнэраў ёсць тое, куды трапіць першая кропля з прарванага нутра. Як бы старанна ні абгортваў майстар ласункавую брушыну фольгай, пасля некалькіх укусаў смачны кебаб абавязкова лопне. Памятаючы гэта, я загадзя зняў з сябе сурдут і кафтан, ды кусаў духмяны скрутак, стаўшы літарай “Г”, так, што калі мой кебаб працёк, сумесь салатнага соку, кетчупу ды белага соусу ляпнула побач з нагой. Дама ж Карнавалу, выглядае, “пасылала Марту” за дзёнерамі толькі ў сваіх марах. Бо на трэцім жа ўкусе яна атрымала крывавую кетчупную рану проста на каўнер сваёй каралеўскай сукенкі.