— Ой, — сказала яна.
Тое, што адбывалася далей, вельмі нас зблізіла. Я б нават падкрэсліў, што на такое збліжэнне не разлічваў, яго не замаўляў і быў да яго зусім не падрыхтаваны. Дзвюх сурвэтак хапіла толькі каб зняць крывавую пасту, пакінуўшы памадны развод ад прастрэлу. Як гэта заўсёды здараецца з кебабамі, кропля заняла найбольш бачнае месца на самай светлай вопратцы. “Міс Пшонка” расшпіліла каўнер, агаліўшы велізарнае бурштынавае калье, і спачатку расцірала пляму пальцамі, потым падключыліся вусны. Прадказальна, была пакліканая дапамога ў выглядзе майго сурдута, майго кафтана, маёй камізэлькі і нават маёй пышнай кашулі. Калі мы скончылі, задыханыя і счырванелыя, кетчуп быў паўсюль, расцёрты танюткай плёнкай па маёй і яе вопратцы.
Дзяўчына занепакоена аглядала пляму, якая зрабілася меней чырвонай, але цёмнай ад вільгаці ды вялікай памерамі. Адчуванне было такім, як быццам яна спачатку некага забіла, а потым старанна замыла сляды пры маім актыўным удзеле.
— Зараз мусім чакаць, пакуль высахну, — расхвалявана сказала яна. — Мая віна! Мусіў папярэдзіць, што кебабы пырскаюць, — з жалем у голасе вымавіў я. Насамрэч ніякага жалю не адчуваў — мне было весела, як, здаецца, і ёй. — Віна насамрэч мая, — прызналася “Міс Пшонка”. — Па праўдзе, я ніколі не замаўляла кебабаў Марце. Бо гэта такі… Ну як сказаць? Харчовы камінаўт. А Марта не тое, каб вельмі на маім баку… — Ну ў вас і норавы! — я ўзрушана пакруціў галавой. — Навошта грошы, калі не можаш дурэць, як хочацца?
Яна пакусала вусны ў задуменні, я адчуваў, што яна падзяляе маё абурэнне.
— Разумееш, мы дбаем пра прыстойнасць. Калі сонца знікла, тут быў глухі райцэнтр са слабым інтэрнэтам. Без працы, грошай і перспектыў. Мы мусілі першымі вымерці з галадухі. Але дзякуючы нашаму ладу жыцця, з’явілася і святло, і цяпло, і грошы. Калі Карнавал не паважаць — вугаль скончыцца. Святло згасне.
Пра Карнавал ім, канечне ж, напісаў Сямён Чапля. Хацеў пакпіць з “дзікіх”. Я вырашыў не спрачацца і не імітаваць асветніка Дэні Дзідро. Веданне, што твой уклад жыцця — вынік шэрагу дурных забабонаў, прымаецца ў разлік толькі ў выпадку незадавальнення ім.
— А “пост”? Ты яшчэ казала пра “пост”. — “Пост” — частка карнавальнай культуры. Гэтаксама, як закрытае адкрыццё, гільдыі і астатняе, — яна ўздыхнула. — І вы ўсе верыце ў Бога? — Бога? — Дама не змагла зразумець, у якой сувязі я запытаў пра яго. — Трымаеце пост вы праз рэлігію? — асцярожна спытаў я.
Дзяўчына задумалася, яшчэ раз працёршы месца, дзе соус сапсаваў сукенку. Мабыць, Сямён Чапля не прыдумаў прычыны, з якіх яны мусяць пасціць. Не дачытаў у гарнізоннай бібліятэцы. Бо быў заняты Герадотам.
— Напэўна, так. Мы паважаем Бога. Бог падзяліў людзей на нобіляў і простых, — адчувалася, што яна старанна пераказвае словы, якія сказаў ёй рэпетытар на прадмеце “добрыя манеры”. — А ты сама як думаеш? — паспрабаваў я збіць яе з панталыку. — Калі б не сцямнела, людзі б пра Бога і не прыгадалі, — Дама пачала казаць болей упэўнена, як быццам яна імправізавала ў межах зададзеных рамак. — Вырашыў, напрыклад, Бог зрабіць другое прышэсце. І кім бы мусіў стварыць Хрыста? Блогерам-мільённікам? Поп-зоркай? Прэзідэнтам ЗША? Інакш ягоную навуку б не пачулі! Калі б Хрыстос проста хадзіў па гарадах у атачэнні запыленых вучняў — ягонае слова засталося б у нідзе. Таму і спатрэбілася зацьменне. Людзі ўспомнілі пра Бога, пра арыстакратыю. У Горадзе Святла паважаюць нобіляў і дбаюць пра Карнавал. Таму ў нас ёсць мяса, гародніна і махіта са свежай мятай.
Яна абаперлася на парэнчы лесвіцы, схіліўшы галаву да святочнага натоўпу ўнізе. З гэткім жа ганарлівым замілаваннем Кацярына Другая мусіла глядзела на сялянаў, вымытых перад яе візітам у выбраныя вёскі.
— Як Ён можа на ўсё гэта глядзець? І нічога не рабіць? — дарожкі нашых з дзяўчынай настрояў разышліся, бо я не падзяляў гэтага захаплення падсветленым ліхтарамі святам сытасці. І дакладна звяртаўся да іншага Бога. Не таго, які зрабіўся тут падмуркам для чалавечай няроўнасці. — Чаму ў свеце, які Ён стварыў, лепш за ўсё жывецца злодзеям без святла ў сэрцы? Чаму тыя, хто пужаюць, перамагаюць над зняможанымі ды запалоханымі? Чаму страх зрабіўся асноўным пачуццем пад зорамі? Страх, а не любоў? За што ўсё гэта?
Я праглынуў горыч. Яна задуменна закусіла вусны, на твар закраўся сумнеў, і я падумаў, можа, Дама мяне пачуе. Калі не мае словы, дык хаця б маю інтанацыю. Мы ўсе нарадзіліся роўнымі, і хай сабе ў маім дзяцінстве ўжо не было савецкай тоеснасці, але багатыя не лічылі сябе пацалаванымі Богам. Але дзяўчына вагалася пра іншае. Бо ўголас сказала:
— Можа, ты проста няправільна пражыў жыццё? Таму і лічыш, што Бог несправядлівы? Ты ж вандроўны. Не жывеш на адным месцы. Не маеш вагі ў грамадстве. — Я выйшаў з Грушаўкі, бо мусіў выйсці. Я пайшоў, маючы столькі грошай, колькі мог несці на сабе. Са мной ішла сабуля. — Сапраўдны сабака? — Яе звалі Герда. Засталася са светлых часоў. Дарогай я страціў грошы, заплечнік, цёплую вопратку, стрэльбу. Герду забіў чалавечы страх перад прыдуманымі неўрамі. Што я не так рабіў? — не ведаю чаму мяне прарвала менавіта тут і цяпер. Магчыма, уся справа была ў манеры Дамы Карнавалу пакусваць вусны ў задуменнасці. І ў ямачках на шчочках, калі яна ўсміхалася. — Чалавек не мусіць бадзяцца. — Але ж Хрыстос бадзяўся. — Напэўна, ты ўскрываў чужыя хаты, рабаваў майно, — вымавіла яна без папроку. — Нежывых людзей, — перабіў яе я. — Хіба пан Бог караў мяне за тое, што я сілкаваўся харчамі, якія ўжо непатрэбныя былі гаспадарам? Ці не ўсё адно памерлым? Нейкі ён нелагічны, гэты Бог!