Выбрать главу

Дзяўчына не пачувалася ўпэўнена ў гэтай тэалагічнай спрэчцы. Болей за тое, нейкая думка свідравала яе. Так неўзабаве і кроў выступіць на вуснах.

— Але ж ты нарэшце дайшоў да Горада Святла! Пабачыў тое, дзеля чаго згубіў капітал, майно і сабаку. Ці гэта не дастатковая ўзнагарода? Проста быць тут? Бо цябе ж не мусілі прапускаць! І зараз ты яшчэ і трапіш на закрытае адкрыццё. І будзеш танцаваць з Дамай Карнавалу. — А ты думаеш, маёй мэтай быў Горад Святла? — я хмыкнуў. — А хіба ж не? — Ваш горад — кароткі прыпынак на працяглым шляху. Мне трэба прайсці — я некалі падлічыў — сем тысяч кіламетраў. Шлях мусіць прайсці праз Расію, Казахстан, Узбекістан, Афганістан, Пакістан і Індыю. Памятаеш такія краіны мінулага? Пры хуткасці 50 км у сненне, якую я канечне ж не вытрымліваю, ісці мне 150 сненняў. Ці пяць колішніх месяцаў. І гэта — калі не блытацца, не губляць дарогі, не загразаць у полісах, каб набраць грошай на далейшы пераход. З заходняй мяжы Афганістана пачнуцца горы. На поўначы Індыі яны зробяцца непраходнымі. Я дагэтуль не разумею, як праміну Гімалаі. — А куды ты ідзеш? Што вымусіла цябе пусціцца ў такую вандроўку?

Я набраў паветра ў лёгкія, але так і выдыхнуў, не адказаўшы.

— Твая сукенка высахла! Можам ісці на закрытае адкрыццё! — прапанаваў я замест сваёй рэплікі. — Яно ўвечары, — Дама заўважыла мой саскок з тэмы. Павярнула твар да мяне і пахістала галавой, нічога не сказаўшы. Нават злавалася яна вельмі знаёма. — Але мы можам зайсці да Валовічаў і адрэпетаваць наш танец.

Яна захінула мядовае паліто, схаваўшы сляды гастранамічнага злачынства, і пайшла ўніз па лесвіцы. І гэтым разам яе драўляныя кломпы гучна цокалі на кожным кроку, а яе пастава не тулілася да мяне. Мы ўліліся ў натоўп, і нашая камунікацыя зноўку зрабілася пункцірнай.

— Беражыся, тут яміна ў тратуары! — папярэджвала Дама, і я заўважаў, што наперадзе людская плынь спыняецца і віруе. Наблізіўшыся, пабачыў, што бетонны блок на ходніках адсутнічае. А пад ім наладжаная пратока, па якой бяжыць ручай чорнай вадзіцы. — Там каналізацыя, лепей не падаць! — бліснула вачаняткамі “Міс Пшонка”.

Карнавал развёў нас па баках, я не спускаў вачэй з яе жоўтага каўнерыка і спяшаўся з усіх сілаў. Не згубіць яе было лёгка, бо абутак добра прыўздымаў яе над іншымі.

Апрануты ў касцюм, я перастаў адрознівацца ад святочнага шэсця, і дзяўчаты пасміхаліся мне, і паўмаскі Каламбіна хавалі іх вочы. Пасля “Метраполя” дарога пачала забіраць наверх, сталінскія трохпавярховікі змяніліся пыхлівымі палацыкамі ракако, у якіх, прыглядзеўшыся, можна было пазнаць усё тыя ж сталінскія трохпавярховікі, упрыгожаныя драўлянымі ракавінкамі, ветразямі, пілястрамі і (у каго хапіла грошай) — порцікамі з жывапіснымі сцэнамі жыцця радоў па-над архітравам. Гербы — маляўнічыя, як этыкеткі на баварскім піве, падсвятляліся найбольш шчодра. І шмат што можна было зразумець па тых гербах пра фантазію, густ ды самазакаханасць іх уладальнікаў.

У натоўпе сталі трапляцца конныя павозкі, і побач з кучарам ля іх абавязкова крочыў апрануты ў уніформу родавага колеру крычальнік, які адганяў людзей. У руках ён меў пугу. У кучараў хлысты калі і былі — яны імі не карысталіся: коні тут былі занадта чыстакроўныя, каб іх лупцаваць.

— Гэта “Верхні Горад”, — тлумачыла яна. І, пасля паўзы, калі мінакі зноў далі нам сустрэцца. — Тут жывуць толькі тыя, у каго ёсць свой герб. Гільдыі, заможнае трэцяе саслоўе, маюць жытлы бліжэй да ТЭЦ. Там таксама добра, былы катэджны пасёлак. І на ўзвышшы, што добра.

О так, у гарадах са смярдзючай пратокай пад тратуарамі важна жыць на ўзвышшы.

Праспект упёрся ў драўляны палацык, за якім горада не было бачна, толькі чорны правал. Я пазнаў падобны да бялюткага парахода дамок, пабачаны знізу, калі набліжаўся да мегаполіса. Ажыўленая вуліца тут рабіла заварот направа і страчвала па вышыні. Там, справа, месца выглядала больш дэмакратычна: зноўку трапляліся вулічныя гандляры, гралі музыкі — я нават і не заўважыў, калі ўсе гэтыя крыніцы вулічнага тлуму паспелі знікнуць, каб не турбаваць знаць.