Выбрать главу

— Палац Валовічаў, — растлумачыла Дама Карнавалу, калі мы наблізіліся да агароджы. — Некалі іх продкі распрацавалі радовішча вугалю. Зараз яны валодаюць горадам. Частка палаца адкрытая для наведванняў, туды водзяць экскурсіі і праводзяць пачэсныя зборы. — І што, нас пусцяць? — без асаблівай цікаўнасці запытаў я. — Закрытае адкрыццё карнавалу адбываецца тут, мы мусім адрэпетаваць танец. А гэта — мой жаніх.

“Міс Пшонка” сказала гэта, не змяняючы інтанацыі. Яе ківок быў адрасаваны вялікаму падсветленаму сіцілайту, з якога пасміхаўся апрануты ў сучасны пясочны касцюм маладзён. Крыху конскі твар, шмат роўных зубоў, валасы ў колер пінжака. Хлопец сядзеў за працоўным сталом, закіданым дакументамі. Маці і бацька стаялі ззаду, уладна ўсклаўшы пальцы на яго плечы, і было ў гэтым нешта шэкспіраўскае. Рукі, выглядала, былі цяжкімі, бо маладзён горбіўся.

За спінай хлапца выяўлены быў герб — хіба не адзіны прыдуманы густоўна, калі не рабіць зніжку на тое, што ён намаляваны пад дыктоўку прыкладна такіх жа эстэтаў, толькі на дзвесце гадоў раней.

“ВАЛОВІЧЫ, СВЕТ УДЗЯЧНЫ ЗА ВАША СВЯТЛО!” — было напісана вялікімі літарамі на плакаце. Цікава, хто аплаціў гэтую ўдзячнасць: гараджане ці самі Валовічы? І калі гараджане — дык чаму бігборд месціўся на тэрыторыі маёнтка, за агароджай? Узброеныя ахоўнікі ля брамы крыху паблажліва далі Даме знак прайсці і старанна абшморгалі мой кафтан. Так мяне не трэслі з тых часоў, калі я рабіў перасадкі ў Франкфурцкім аэрапорце.

— Ты пазнаёміш мяне з прынцам? — запытаў я, думаючы другім пытаннем удакладніць, ці варта нам зноўку перайсці на “вы”. — Не, малодшы Валовіч моцна заняты. Ён не будзе са мной кантактаваць да завяршэння карнавалу, — паспешліва зазначыла дзяўчына.

Парадны падыход да палаца быў перакрыты, гасцявая сцежка зводзіла налева і ўпіралася ў касу. Абвесткі паведамлялі, што квіток каштуе тры цынкі, што бахілы абавязковыя для ўсіх і што зараз доступ абмежаваны, бо “праводзіцца мерапрыемства”. Павітаўшыся з касіркай, “міс Пшонка” загадала мне ісці за ёй. Драпаючы старанна вылізаны паркет драўлянымі чаравікамі, яна збочыла ў калідор і адвяла аксамітавую завесу, што перакрывала ўваход у невялічкую авальную залю, дзе на прыстаўных крэслах з чырвонымі спінкамі сядзела багата народу. Я адзначыў, што Даме Карнавалу добра вядомыя набліжэнні да гэтага асабняка. З гасцявога ўваходу.

Вольных месцаў у зале не было. Некалькі чалавек выкруцілі галовы, заўважыўшы нас, і некаторыя павагаліся, ці ўзняцца, каб саступіць жанчыне месца. Але ніхто гэтага не зрабіў. “Трэцяя міжнародная канферэнцыя бізнес коўчаў”, — паведамлялі словы на расцяжцы, прымацаванай да столі. Перад публікай нервова расходжваў вядоўца, то бок, гэта на маю думку ён рухаўся нервова, а сам бы ён, мусіць, сказаў бы, што рухаўся энергічна, матывавальна, натхняльна. Але гэта вельмі нервавала. Падзея нагадвала патаемную сходку мазахістаў у межах яшчэ не адкрытага карнавалу.

— Ці гатовыя вы да развіцця дакладнага бачання мэтаў, якія стаяць перад вашым бізнесам і выпрацоўкі разумення аптымальных рычагоў у інструментарыі іх вырашэння? — заводзіў прысутных вядоўца. Некалькі чалавек выгукнула “так”. — Ці гатовыя вы змяніць свае чаканні ад рэзультатаў, на які скіраваны ваш бізнес? — кожны раз ён пытальна падвышаў інтанацыю напрыканцы рэплікі. Паколькі гэты сказ быў карацейшы, тут больш людзей падтакнула нервоваму.

— Не ў час мы прыйшлі, — ціха сказала ў маё вуха Дама Карнавалу, — гэта да вечара. Не здолеем рэпетаваць. — Ці разумееце вы, якія вынікі нашай размовы вам патрэбныя, каб вы лічылі, што правялі час з карысцю? — надрываўся вядоўца. У граматыцы ягоных гаварэнняў нешта было глабальна паламанае, але я не мог зразумець, што менавіта. — Ці гатовыя вы ацаніць сваю асабістую зацікаўленасць у варыянтах аптымізацыі свайго бізнесу па дзесяцібальнай шкале і выставіць адзнаку не ніжэй за восем, а інакш скарачаць колькасць варыянтаў да аптымальных паказнікаў? — зала падтаквала, не задумваючыся. У чым, здавалася, і быў сэнс разагрэву. — Гэта — карнавальны зал, да ночы яго прыбяруць для балявання, — шаптала мне на вуха Дама. — Раней гэты пакой быў яшчэ меншы, яго пашырылі за кошт іншых памяшканняў. Бачыш драўляны люк, на якім стаіць гэты дзядзька? Там была прыбіральня, гэтая частка дома навісае над безданню. Пад ёй — трыццаць метраў пустэчы. І сток ля падэшвы тэрыкона. — Ну тады дазвольце запрасіць нашага наступнага спікера! — экстатычна выкаціў вочы да столі шоумэн. — Легендарны бізнес-анёл, файнэнс экзекуціў, трэнер па гоалз энд апарцьюніціз і пачэсны коўч нашай канференцыі! Вова Чэлсі!!!