Выбрать главу

Зала зайшлася апладысментамі, а мы паспяшаліся прэч. Ахоўнік на выхадзе зноўку пачаў мяць мой кафтан і я нават пашкадаваў, што нічога каштоўнага не сцібрыў — было б не так крыўдна.

— Хадзем у кіно! — прапанавала мая суразмоўца і скіравалася да выверту вуліцы, куды выцякаў натоўп з палацавага ўзвышша. Дзяўчына расшпіліла паліто і ці то забылася, ці то перастала зважаць на запэцканасць сукенкі. Такой яна мне падабалася больш. Зрабіўшы сотню крокаў, мы спыніліся ля залітага святлом хола за шклянымі дзвярыма. Па баках ад уваходу — плакаты з дрэнна намаляванай Прынцэсай Леяй з “Зорных войнаў”. На іх было напісана нешта незразумелае: “Новая Надзея”. Размоўна-сінематаграфічнае шоу. Казальнік — Сіндбад ака Гуд Камедзіян. Паказы нон-стоп, музыкальная феерыя”. — Размоўна-сінематаграфічнае шоў? — не паверыў я вачам. — Калі сцямнела, у нашым райцэнтры не заставалася ўласнага кінатэатра, колішні перарабілі ў гіпермаркет, — цярпліва растлумачыла яна. — Моцы нашай ТЭЦ не хапіла на тое, каб сілкаваць абсталяванне сучасных IMAX з 5D і Inner Dolby, якое сталкеры прынеслі з вялікіх гарадоў. То сталкеры працягваюць шукаць па вясковых клубах, а тут узнік свой фармат кіно. Мне ён болей даспадобы, чым тэатр ценяў ды воднае шоу. Сам зараз пабачыш.

Касірка прыняла працягнуты мной нумарны квіток, але, пазнаўшы Даму Карнавалу, прапусціла нас без запісу. “Займайце любыя месцы”, — сказала. Мы прашмыгнулі ў цёмнае памяшканне, запоўненасць якога была несупастаўнай з захопленасцю людзей дзеяй: нешматлікія гледачы проста ўліплі ў сцэну. Там у светлавым снапку сядзеў падобны адначасова да Джорджа Лукаса і Умберта Эка барадач. За ім месціўся вялікі экран, на якім была карцінка: апранутая ў форму імперскага пехацінца Лея схілялася ў пацалунку над Ханам Сола. Малюнак быў выкананы ад рукі рознакаляровымі алоўкамі. Нос прынцэсы пазначаны дзвюма плямачкамі — гэтаксама ж, як насы на большасці гербаў, якія мы бачылі ў Верхнім горадзе. З чаго можна зрабіць выснову, што Мекай для людзей мастацтва Горад Святла пакуль не зрабіўся. Казальнік дачакаўся, пакуль пасядзем, і працягнуў:

— Слугі Сітхаў ціснуць з двух бакоў. У калідоры носяцца лазерныя кулі ад бластараў, — у сутонні ля падмосткаў ажыла фартэпіяна: тапёр з паступовым нарастаннем выдаў трывожную музычную фразу, якая дублявала прамоўленае. Казальнік працягнуў: — Ззаду ворагі, спераду ворагі. Прынцэса Лея ў небяспецы. Яна звяртаецца да сваёй світы: “Што будзеце рабіць? Вы мусілі прыдумаць план адыходу!” А Ханс Сола ёй: “Я вас тут, краля такая, эксплуатаваць сябе не запрашаў!” І збірае свой твар у гэткую грэблівую курыную дупку. Ён не паважае Прынцэсу Лею, бо, у адрозненне ад Люка Скайуокера, сам — не арыстакрат. Ханс Сола — не проста чалавек з трэцяга саслоўя, ён пірат, касмічны пралетар, анархіст. І, як мы далей пабачым, ён будзе не толькі хаміць Яе Вялікасці, але і спрабаваць спакусіць яе. Ажно пакуль арыстакрат Боба Фет не замарозіць яго ў карбаніце на замову бацькоў прынцэсы, выбітных сенатараў (тапёр вырабіў камічны пасаж). — Ён дакладна той фільм пераказвае? — шаптаў я на вуха Даме. Калі я крануў вуснамі яе мочку, адчуў, як ад валасоў дыхнула тым самым водарам: дубовы мох, карэнне касачоў, язмін, сабраны да апошняга сонечнага заходу. Каханне ў запаветным лесе. Цнота і спакуса, аванс і нясмеласць. — Ну, можа, яго крыху адаптавалі пад наш горад. — І тады прынцэса, раззлаваўшыся, бярэ бластар, і, проста ў сваім гэтым манікюры, страляе ў сценку! — працягваў Казальнік. — А Ханс Сола паварочваецца да Люка Скайуокера ды вымаўляе: “Ці заб’ю яе, ці закахаюся!” Пасля чаго яны скочаць у смеццезборнік. Наступны слайд, калі ласка!

Асістэнт паклаў новую кальку на светлавую тумбу з рагулінай, струмень якой вытвараў малюнак на сценцы. На ёй Чубака, Сола, Прынцэса Лея ды Люк стаялі пасярод прыцемненага памяшкання. Зараз сценкі пачнуць сціскацца. Чубака быў выяўлены цемнаскурым нявольнікам, простая кашуля Люка ўпрыгожаная карункамі і вышыўкай.

— А пра што “Зорныя войны”? — не здолеў я адмовіць сабе ў яшчэ адным дакрананні да яе вуха вуснамі. — Прадстаўнікі розных кланаў змагаюцца за сэрца Прынцэсы Леі, — вымавіла Дама Карнавалу. — Але ў фінале Лея жэніцца з Люкам і нараджае сына, які потым выяўляецца Дартам Вэйдэрам.

Цікава, як бы пад патрэбу гэтага горада адаптавалі “Трансформераў”. Ці, напрыклад, “Чужых”.