Выбрать главу

— Ведаеш, я не вельмі люблю дынастычныя сагі. Можа, пашукаем закуток для рэпетыцыі нашага танцу? Бо танцую я нібы ізюбр, паранены ў філей лазернай куляй. — Я гаварыў гэта і ўсведамляў, што, каб застаўся — мог бы шаптаць і шаптаць нешта ў запаветны язмінавы водар.

Яна павярнула да мяне твар і моўчкі пахістала галавой, сцяўшы вусны.

— Канечне, хадзем! — сказала яна з гатоўнасцю, хаця я бачыў, што яна была захопленая сюжэтам. — Сіндбад — не найлепшы Казальнік! — Прабач, — сказаў я, калі мы выбраліся з залы, — у мяне ў кішэнях вецер свішча, балюча слухаць пра чужое шчасце і дабрабыт, — і паспрабаваў перавесці ўсё ў жарт:— Ты не ведаеш, ці ёсць пры палацы Валовічаў біржа працы для бадзяжных літаратуразнаўцаў? Мне б не зашкодзіла панесці з горада крыху цынку. — Табе не трэба ні пра што турбавацца, — цьмяна сказала яна, ляпаючы драўляным абуткам па прыступках. — Паспрабуй проста быць шчаслівым. Не думай пра будучыню! Да закрытага адкрыцця мы мусім слугаваць выключна табе.

Мы выбраліся на Ла Рамблу, і яна ціснула сваёй весялосцю, пырскала ў вочы святлом, танцавала ды шамацела мелодыямі, якія гралі на хангах. Гэтым разам я адчуў вострае адчужэнне ад гэтага “нармальнага” гораду, у якім усё было амаль “як раней”. Мы збеглі ўжо з другой грамадскай падзеі, і аднекуль узялася ўпэўненасць, што рэціравацца прыйшлося б і з мясцовага тэатра, і нават з трыб’ют-канцэрту Depeche Mode.

Такая колькасць шчаслівых людзей! Як быццам усе не гаротныя двухногія кантынента перабраліся пад электрычныя ліхтары. Усведамляючы, што свет, які яны пакінулі, застаўся счарнелы, згаладнелы і пусты. І ў феерыі віру і раскошы адчуваўся прысмак дэкадансу. Калі б карыкатурнай мясцовай арыстакратыі не паўстала праз Аракул, яна, разам з карнавалам, мусіла цвіллю нарасці сама як рэакцыя на празмернасць. Баляванне пасярод чумы – гэта заўсёды забаўка для эліты. Што там казаў Рэйтан пра былы свет?

Я не падзяліўся з Дамай сваімі адчуваннямі, але яна пачула нешта і без рэплік. Магчыма, аднак, яе выказванне было звычайнай заўвагай тубыльца пра турыстычны звярынец:

— Неяк мне млосна ад усяго гэтага. Трэба дзе-небудзь схавацца!

Я чакаў, што арыстакратка прапануе наведаць маёнтак яе бацькоў — гэта цалкам укладалася ў логіку нобіляў. Але замест гэтага яна асцярожна зазірнула мне ў вочы ды запытала:

— Можна мы пойдзем да цябе ў гатэль?

У гэтым позірку не было ніякага абяцання. Толькі перасцярога. І гэтая перасцярога адрознівала прапанову ад першага падыходу Дамы да майго жытла. Паказваючы мне нумар, яна паводзілася так, быццам я быў падораным ёй поні.

Канечне ж, я пагадзіўся. Не ў спадзеве на абяцанне. А ў разліку на перасцярогу. Якімі б ні былі ямачкі ці прыкушаныя вусны, падабенства — недастатковая аснова для пачуццяў.

Уверцюра да “Чароўнай флейты” Моцарта ўтрымлівае ў сабе фрагмент, дзе адна і тая ж мелодыя спачатку падаецца ў мажорным, поўным аптымізму, ключы, а потым, калі яе развіццё праходзіць праз кульмінацыйны перавал, яна ж граецца ў парадку, поўным светлай скрухі. Як настальгія па ўласнай жа весялосці. Наш зваротны шлях да гатэля па вуліцы моцартаўскага гарэзлівага штукарства, быў акрэслены мінорам. Я вырашыў высунуцца з гэтага горада як толькі мяне адпусцяць з цырымоніі: ежу ўпалюю ў найбліжэйшым закінутым мястэчку, цынк зараблю там, дзе меней шчаслівых насельнікаў.

Калі мы прайшлі ўзвышша тэрыкона і натоўп пачаў разводзіць нас у бакі, дзяўчына падхапіла мяне пад локаць ды прытулілася да майго дрэнна пашытага сурдута. Мы тупалі моўчкі, і ніколі да гэтага моманту не былі настолькі аднадумнымі з ёй. “Міс Пшонка”, – гучала ёй у спіну гучней. Здаецца, яна свядома забяспечвала сабе рэпутацыю. Што будзе казаць свайму зубатаму прынцу на вясельнай цырымоніі?

Ліўрэйны мурын прачыніў дзверы ды нізка схіліўся перад маёй спадарожніцай. “Ваш столік чакае!” — падбег да нас Дзін Рыд — ягоны твар выцягнуўся, калі “Міс Пшонка” моўчкі абмінула яго і пайшла поруч са мной наверх. Асветленыя ампірнымі светлавымі шарамі чырвоныя кілімы з узорам трохкутнай каронай, лёгкі джаз, які прыцішана гучыць з дынамікаў. У калідорах “Метраполя” нават пахла так, як некалі ў “Хілтане” і “Рэнесансе”.

Адзін мудры чалавек у мінулым жыцці аднойчы сказаў мне: хочаш даведацца пра настрой жанчыны, якая пагадзілася зайсці з табой пасля спаткання, — паглядзі на яе твар, калі адчыняеш дзверы. Магчыма, Дама Карнавалу ведала пра гэтую показку, бо, пакуль я круціў ключы ў замку, павярнулася да мяне спінай.

Яна зайшла першай, моўчкі дачакалася, калі я зачыню дзверы, і моўчкі ж зняла з мяне сурдут і кафтан. Рухі яе былі рэзкія, як у матулі, якая распранае перапэцканае дзіцё. Пасля па яе плячах прабегла хваля — яна скінула сваё мядовае паліто на падлогу і рушыла ў ванную, не закрываючы за сабой дзвярэй. Адтуль ударыў гук вады і, каб я не падумаў нічога такога, данеслася шорганне волкай туалетнай паперай па тканіне.