Я прайшоў у пакой і пацікавіўся зместам шуфлядак у століках ля ложкаў. Хочаце даведацца, што думае гатэль пра сваіх гасцей, зазірніце туды. У гатэлі для спатканняў тут будуць пакінутыя прэзерватывы ды інтымны гель, у гасцявым доме для круцялёў з дрэннай крэдытнай гісторыяй — нічога, у іканічным рэсорце для фотак для Instagram — гедэонаўская Біблія, гід па горадзе, паходны швейны набор ды навошчаная махнатка для абутку.
У люксавым гатэлі Горада Святла швейнага набору, канечне ж, не прадугледжвалася, бо тут мусілі спыняцца джэнтльмены ў бездакорных касцюмах. Замест гіда па горадзе ў вялікай шуфлядзе ляжаў поўны набор карнавальных масак: Баўта, Каламбіна, Марэта, Гата, Вольта ды Dama di Venezia. Замест гедэонаўскай Бібліі — вялікі зорны атлас, у які я з цікаўнасцю заглыбіўся, ажно пакуль груканне драўніны ў падлогу не паведаміла, што пасцірушкі скончаныя.
Дама развесіла маю вільготную вопратку па старасвецкіх латунных батарэях — хутка касцюм мусіць высахнуць. Сама ж расшпіліла і падкасала каўнер, каб ён хутчэй пазбавіўся вільгаці. Шыя ў яе агалілася, і я пазбягаў на яе глядзець. Дзяўчына прысела побач са мной на ложак і зазірнула ў кнігу, якую я трымаў. Атлас быў адкрыты на расповедзе пра нябеснага пакемона — у частцы, дзе ўладальнік “сховішчаў снегу і скарбніц граду”, “Гасподзь з Буры”, пытаўся ў Ёва, ці здольны ён “расцягнуць путы” сузор’я Арыён.
— Ты ведаеш, што ноч — дужа рэдкая з’ява ў космасе? — прамовіла яна.
Я закрыў кнігу і ўсміхнуўся:
— Па мне, дык гэта “рэдкая з’ява” крыху зацягнулася. — Сітуацыя, калі з планеты бачна чорнае неба і зоры — недасяжная ці дасяжная толькі сезонна на ўтварэннях большасці зорных сістэм.
Я хацеў запытацца, ці не даведалася яна пра гэта з пераказу “Зорных войнаў” у мясцовым кінатэатры, але прыкусіў язык. Настрой быў занадта крохкім, каб руйнаваць яго іроніяй.
— Наша ноч узнікла таму, што Сонца аддзеленае ад цэнтра Галактыкі шчыльнымі воблакамі пылу, які не прапускае святло. Інакш ззяла б без перапынку. У мяне быў добры рэпетытар па астраноміі. — Тут вучылі астраномію і пасля таго, як газеты пачалі пісаць пра неўраў з андрафагамі? — здзівіўся я. — Рэпетытар быў у мяне яшчэ да таго, як сцямнела. — Мякка адказала дзяўчына. — Але астраномія ў нас ніколі не выходзіла з ужытку.
Павісла паўза, і, каб пазбавіцца яе, я дастаў з шуфлядкі маскі, збіраючыся насмяшыць яе перакручваннем гатэльных мэсыджаў гасцям. Але яна дадала:
— Тады, дзяўчынкай, я думала: якія мы, людзі, шчаслівыя! У нас ёсць ноч. Такія рамантычныя зацемкі. Час для спатканняў. Час для кахання. — Але выявілася, што зусім не ноч была аптымальнай для спатканняў, — працягнуў я, думаючы пра сваё. — Прынамсі, у блізкіх людзей. Уначы вока выхоплівае меней. Уначы не бачыш каханага, а прыдумваеш яго. Гульня ў хованкі. Хлеб для фантазій. Дзень — час шчырай любові. Днём і толькі днём чалавек напраўду аголены. Днём ён выяўляецца такім, якім яго стварылі. З усімі ягонымі хібамі. З усім рабаціннем ды плямамі на скуры.
Паўза, якая ўсталявалася пасля гэтага абмену, стала яшчэ глыбейшай — з такой ужо не выруліш жартамі пра маскі. Яна ўзяла мяне за руку ды высунула на сярэдзіну нумара. Пасля падышла да свайго паліто і вярнулася з партатыўнай калонкай. Націснула на кнопку — у пакоі нягучна запульсавала ўрачыстая мелодыя. Падобная яна была на крыху перароблены ўступ да савецкага “Шэрлака Холмса”: пасля таго, як Уладзімір Дашкевіч памёр, “кампазітарам на тэму” заставалася толькі перастаўляць месцамі адны ўжо напісаныя фрагменты з іншымі.
— Вось так гучыць інтрадукцыя, пад якую нам трэба рухацца, — Дама Карнавалу ўзялася за мае далоні і зрабіла некалькі рухаў.
Я паўтараў яе крокі, і выглядала нашае ператупванне вельмі кастурбавата ды змушана. Як партрэт Прынцэсы Леі пад запрашэннем на лекцыю пра высакароднасць касмічнай арыстакратыі. Я паклаў рукі на яе талію, і гэта яшчэ болей нас засмуціла. Так, мабыць, танцавалі б два вежавыя краны, калі ім давялося б счапіцца разам. Тое, што яна была вышэйшай за мяне на палову галавы, гэтаксама як і выстук драўляных сабо ў керамічную падлогу, якім суправаджаўся кожны наш рух, ладна дадавалі няёмкасці. І тут мелодыя скончылася, і я дык дакладна ўздыхнуў з палёгкай. Праз секундную паўзу аўтаматычна ўключыўся наступны трэк — нумар напоўніўся праставатымі гітарнымі акордамі. Такая няхітрая мелодыя. Якую я пазнаў адразу. Тое было як удар пад дых. Потым уступіў голас. Ён як быццам не спяваў, а гаварыў. Звяртаючыся да некага вельмі блізкага: