Дома, пасля змяшчэння ў атручаны арганізм засмажаных на вуголлі каўбасак, зямля перастала хістацца пад нагамі, а выраз Гердзінай пысы палагаднеў. Я трушчыў праснак і запіваў салодкай гарбатай — бохан не меў смаку, як і належыць выпечцы, якая робіцца з субстытутаў, бо ні пшаніцы, ні ячменю ў наваколлі не засталося. Скончыў свой абед жменяй вітамінак, без якіх у любога жыхара цёмнай пары хутка павылазяць зубы праз цынгу.
Гацак прабіў дзве рэйкі, Герда ўладкавалася ля батарэі на дзённы сон, я паднавіў акумулятары ў асвятляльных прыборах у кватэры. Нарэшце, званок, прымацаваны шнурам ад пад’езднага ўваходу да маіх дзвярэй, блямкнуў, і пачаліся візіты.
Першым прыйшоў Доктар, які ўсім сваім выглядам абвяргаў добры вобраз Айбаліта з дзіцячай казкі. Стэрэатыпы патрэбныя для таго, каб найлепшыя ніколі ім не адпавядалі. А хто як не найлепшыя застанецца ў рамястве ратавання чалавечых жыццяў, калі ў хірургічным пакоі цёмна і холадна, апарат штучнага дыхання не працуе, а МРТ можна зрабіць хіба ўскрыўшы кліенту чарапушку? Маладжавы, падцягнуты, злы на выгляд. Ушчэнт змораны працай.
Я спытаў яго, як санітарна-эпідэміялагічная сітуацыя ў нашай вольнай зямельцы, ён махнуў рукой:
— Людзі мруць ад простай ангіны, антыбіётыкаў не засталося, грошы на медыцыну ў Бурмістра ёсць, але купіць лекі няма ў каго, шахцёры абшарылі ўсе навакольныя базы Белфармацыі. Бінты яшчэ так-сяк навучыліся рабіць без электрычнасці, але як і з чаго вырабіць інсулін? — Але вось што цікава, — сказаў ён, падумаўшы, — цяжкіх хваробаў зрабілася меней, я не памятаю, калі ў мінулы раз дыягнаставаў пухліну. — Ну ёсць добрае і ў дрэнным, — паспрабаваў я выкруціць на пазітыў. — Праўда ў тым, што да пухлінаў ніхто проста не дажывае, — развёў ён рукамі. — Трэба мець добрае здароўе, каб памерці ад пухліны ў 70. Зараз усе жывуць да 50, — ён зыркнуў на мой твар, каб ацаніць узрост і зразумець, ці напружыць мяне такое назіранне. — А калі казаць пра добрае ў дрэнным, дык гэта тое, што я за апошнія суткі прыняў дзесяць родаў. Я ў гэтай тваёй Алексіевіч чытаў, што ў вайну людзі зацята кахаліся. Дык зараз — тое самае. Навокал цемра і холад, а ў кожнай сям’і па пяць дзетак. І чым карміць будуць, ці падумалі? Калі ўсе вайсковыя кансервы ды стратэгічныя запасы пасканчаюцца? — Чалавек у цемры найбольш драпежны. Ноч заўсёды была часам абвостраных пачуццяў. Вось і любяцца людзі. — Не, я думаю, гэта біялагічнае. У небяспецы ўключаюцца механізмы відавой абароны, — ён зноўку задумаўся. — І вось яшчэ назіранне. Знаходзіш, напрыклад, рэдкую ўпакоўку анальгетыкаў. Тэрмін вартасці — да дзве тысячы пяцідзясятага. І вось стаіш, і думаеш: гэты дзве тысячы пяцідзясяты ўжо наступіў? Ці не? Як вы думаеце, Бібліятэкар? Які зараз год, калі адкідаць умоўнасці?
Я паціснуў плячыма і мякка выправіў яго:
— Я — Кнігар, не бібліятэкар. Бібліятэкары — тыя, хто дазволілі ўвесь фонд дзіцячай бібліятэкі Гусоўскага ў нас у Грушаўцы пусціць на распал. — У нас была бібліятэка? — Так, — я хмыкнуў, — і някепская бібліятэка. Там кніг было разоў у дзесяць болей, чым у мяне. Але калі пачаўся хаос, бібліятэкары пазамыкаліся ў хатах і за кнігі не біліся, не заміналі рабаўнікам іх па кошце дроваў на рынкавай плошчы прадаваць. А мая прыватная калекцыя засталася. — І як людзі маглі прыдумаць кнігі паліць? Іх жа зараз нават не купіш! — Гэта зараз так. А быў час — адразу пасля блэкаўту, калі людзі яшчэ не згадалі, якая гэта асалода — чытаць. Пра каштоўнасць кніг памяталі адзінкі. А на адным томіку можна, як пісаў адзін рускі аматар гастраноміі, нават стэйк прапячы. То ацяплялі свае жытлы назапашанай чалавецтвам мудрасцю.
У пакоі запанавала цішыня. Было толькі чутно, як сапла Герда — яна Доктару давярала, а таму не прачыналася ў ягонай прысутнасці.
— Дык што вам параіць гэтым разам? Можа быць, Булгакаў, “Запіскі маладога доктара”? — О, не! Ні ў якім разе!! — ён акругліў вочы. — Вы думаеце, мне ўсяго гэтага ў аперацыйнай не хапае? Я б папрасіў чаго-небудзь лёгкага. Такога, як бы не пра гэты дурны свет. А дзе ёсць сяброўства, прыгоды, можа, вайна якая, але так, каб без крыві і бінтоў. — Зразумеў! Пачакайце, калі ласка!
Я ніколі не запрашаю сваю кліентуру ў трэці пакой, што месціцца за замкнёнымі дзвярыма маёй спальні. Які б ні быў заможны чалавек, няма чаго яго спакушаць відовішчам шчыльна — ад падлогі ад столі — выстаўленых кніжак. Найбольш каштоўныя для мяне асобнікі — прыжыццёвыя выданні класікаў, творы з аўтографамі славутых аўтараў, старанна застаўленыя таннымі прыгодніцкімі раманамі ў папяровых вокладках. Перасцярога залішняя, бо, на думку сярэднестатыстычнага рабаўніка, найбольш каштоўнымі з’яўляюцца акурат прыгодніцкія раманы. Але як жа прыемна адсунуць зборнік “Прадаецца планета” ды выцягнуць шэранькую папяровую тэчку з бляклым водціскам “Kochanek wielkiej niedźwiedzicy” і пазнакай “1937, Таварыства выдаўнічае РОЙ”. Ці знайсці пад зацяганым да дзюраў “Клічам Ктулху” — абсалютным хітом новых часоў — сціпленькую сіненькую кніжыцу “100 años de soledad” з адціснутым золатам пазначэннем “1967” на карэньчыку.