Выбрать главу

Рэйтан ствараў лічбавы свет. Адукацыя — фізмат, таму адказваў не за дызайнерскую, а за лічбавую частку. Быў паважаным і заможным. Задаваў законы, паводле якіх жылі мільёны геймераў, ствараў для іх “ландшафты” і “ўзроўні”. Увесь час сумуе па велізарным доме, які пабудаваў у Ратамцы, як і належыць Богу — стваральніку электрычных сусветаў. Але потым нехта больш магутны выцягнуў шнур з разеткі.

І засталася толькі цемра і аднапакаёўка ля праспекта Свабоды. Каб дайсці да Ратамкі зараз трэба перасячы межы шасці гарадоў-дзяржаваў, прычым гэтая рызыка не будзе мець аніякага сэнсу: дом ацяпляўся газавым катлом, каміна ці печкі ў ім паводле колішняй экалагічнай моды не прадугледжвалася. То зараз пражыць у ім немагчыма.

Працы ў Немца пасля Зацямнення не было. Ён жыў на капітал, што паспеў намяняць, калі зразумеў, што трэба імкліва здаваць даляры (ён як матэматык зразумеў гэта адным з першых). Геній рацыянальнасці, ён да апошняга спрабаваў растлумачыць усё, што адбывалася вакол, нейкай навукай. Пра гэта мы, уласна, і спрачаліся з умоўнай ночы да ўмоўнага ж рання. Але, паўтаруся, апошнім часам ён неяк скуксіўся, вочы згаслі.

Рэйтан дастаў з кішэні герметычную бляшанку з-пад гуталіну, урачыста скруціў з яе вечка. Унутры быў невялічкі цэлафанавы скрутак.

— Вось, зберагаў на чорны дзень. Кіпяці ваду. Зараз будзем ласавацца. — Што гэта? Ды няўжо? — ускрыкнуў я, не паверыўшы. Бо пах пайшоў ужо нават праз цэлафан. — Так, гэта апошнія запасы. Можа, нават апошнія на Зямлі. Сапраўдная. Не жалудовая. Не цыкорыевая. Я некалі асабіста з Явы прывёз. Чорная. Сярэднесмажаная. Свежазмолатая. Кава! Хацеў раздзяліць з сябрам. Бо радасць, спажытая на самоце, не сапраўдная. Не застаецца ўспамінаў!

О, як мы пілі гэтую каву! Майк Скофілд, што ў апавяданні Руала Даля “Дэгустатар”, паставіўшы на кон свой дом, спрабаваў адгадаць месца і год вытворчасці віна, прыслухоўваўся да смакавых адценняў свайго напою не так пільна, як мы. Жартачкі вам: апошнія глыткі кавы на зямлі! Якіх толькі нотак мы, па чарзе, не знаходзілі! Якіх цудоўных на смак рэчываў, сапраўдныя пахі якіх, што праўда, паспелі сцерціся з памяці, не заўважалі!

“Цынамон! Адчуваю цынамон!” — роў я. “А гэты лёгкі арэхавы дотык! Смажаны фундук, на другой секундзе паслясмаку!” — закочваў вочы Рэйтан. “А вось зараз, як крышку састыла — натуральны шакалад!” — шчоўкаў я пальцамі. Герда назірала за намі з пагардай: яна не магла разумець, чаму смешныя людцы не даюць рады вызначаць добрую рэч праз уласцівыя ёй адной якасці. Свежазмолатая кава пахне свежазмолатай кавай і мае смак свежазмолатай кавы. Менавіта таму ў часы, калі каву можна было набыць у любой краме, мы пілі яе з такой асалодай.

— Лепшая рэч пад цёмнымі нябёсамі, — прамовіў я, калі вадкасць у нашых кубках скончылася. — Не такія яны ўжо і цёмныя, — прагматычна заўважыў Рэйтан. — Ты пачаў бачыць наверсе сонца? — усміхнуўся я. — Бачыш абрысы галінаў таго дрэва за акном? — кіўнуў немец на яблыню, што мерзла ў цемры ля дома. — Калі б нябёсы былі абсалютна цёмныя, калі б там, за аблокамі, абсалютна нічога не было, ніякай крыніцы святла, тваё вока не здольнае было б пабачыць тыя галінкі. Не задумваўся пра гэта? — Павер, дружа, у пераліку рэчаў, пра якія мне варта рупіцца, гэтая стаіць на апошнім месцы. Што там адсвечвае за аблокамі? Ды мне ўсё роўна! — Што дае такі перламутравы бляск… Калісьці падобную засветку забяспечваў горад, ягоныя ліхтары. А зараз? Не разумею… Але ж гэта былі не ўсе мае гасцінцы.

Немец запусціў руку ў сваё паліто і пад мой захоплены вох вывудзіў адтуль блакітную бляшанку згушчонкі. Дастаў з кішэні нож, пракалупаў дзве дзюркі. Я наламаў буйных кавалкаў праснаку ды скарыстаў астатні кіпень на бураковую прынцэсу “Нуры”. Рассыпісты, амаль без смаку, прэсны эрзац-хлеб са згушчаным рагачоўскім малачком — гэта быў бы каралеўскі ласунак і ў больш блаславёныя часы.

— Браце, ну скажы, што ты знайшоў таемны склад са скарбамі мінулай цывілізацыі! Бо і кава, і згушчонка ў адзін прысест — гэта ўжо на мяжы чалавечых магчымасцяў! — тарахцеў я.

Але Рэйтан зрабіўся сур’ёзны. Ад самага пачатку адчувалася, што ён знаходзіцца пад прыгнётам нейкіх думак, што смяецца і весяліцца з намаганнем.

— Ты ведаеш, што я падумаў днямі? — вымавіў ён. — Што папярэднія дастаткова развітыя цывілізацыі маглі гінуць менавіта так. Чаму скончылася Старое царства ў Старажытным Егіпце? Чаму ў мінус 2200 тыя ж егіпцяне, якія пабудавалі адзіную ірыгацыю ў пустыні, ужо не ведалі проста як падтрымліваць яе ў працаздольным стане? Што з імі здарылася? Акадская дзяржава ў Месапатаміі, народ майя, усе гэтыя закінутыя старадаўнія мегаполісы ў Азіі, пра якія ты расказваў з вашых сумесных… вандровак: хаця б той жа Баган у М’янме. Магчыма, так яны і гінулі?