Выбрать главу

— Ты пра сонца? Знікала святло, пачынаўся голад. Ніякіх разбурэнняў. Храмы стаяць, як пасля нейтроннай бомбы. Гісторыкі чэшуць рэпы. — Я пра тэхналогіі. Пра карціну свету. Як толькі яны дасягалі пэўнай тэхналагічнай мяжы, з’яўляўся нейкі фактар, які адпраўляў іх назад у каменны век. Я раней быў думаў, што для нас такім фактарам стане інтэрнэт. Бо людзі тады перасталі жыць і пачалі заліпаць. — Не без вашай дапамогі, вашамосць! Не без вашай дапамогі! — я піхнуў яго ў бок. Але Немец заставаўся сур’ёзным. — Слухай, ты што, зрабіўся містыкам, дружа? Ты ж заўсёды так спрытна ўсё тлумачыў навукай! Памятаеш нашу спрэчку пра тое, чаму газ і бензін перасталі гарэць адначасова з блэкаўтам па ўсёй зямлі? Я настойваў, што гэта болей нагадвае нябеснае пакаранне, чым вайсковае ўмяшальніцтва ці нешта рацыянальнае. — О, гэта акурат вельмі проста растлумачыць.

Ён падняўся, падышоў да пліты, адкрыў падрапаную крышку, уключыў газ і стаў пстрыкаць крэсівам. Іскры ляцелі багатымі снапамі, пакрываючы гарэлку, але, натуральна, ніякага запальвання не адбылося. Ён глядзеў на гэта задуменна.

— У атмасферы, што складаецца са фтору, будзе гарэць вада, — сказаў ён, цвыркаючы крэсівам. — Драбнюткае змяненне ў хімічным складзе паветра цягне за сабой перафарматаванне ўсіх хімічных рэакцый. — Слухай, ну хопіць! — я кіўнуў яму на газавую гарэлку, але ён самнамбулічна працягваў крэсаць іскрамі. — Першасным тут магло стаць Зацямненне. Калі растлумачыць яго, зробіцца зразумелым і астатняе. Напрыклад, чаму вуглевадароды перасталі рэагаваць на агонь, а порах, вугаль і драўніна захавалі свае ўласцівасці. — Годзе, Рэйтане! Атруцімся! — зноўку прыкрыкнуў я. — Метан не таксічны і ніколі не быў шкодным для здароўя, — роўным голасам запярэчыў ён і працягнуў: — Наша бяда ў тым, што мы выбудавалі цывілізацыю хімічных рэакцый. Мы ездзілі на аўтамабілях, якія прыводзіліся ў рух пераўтварэннем аднаго рэагенту ў другі і спалі ў дамах, ацепленых паводле гэтага ж прынцыпу.

Я падхапіўся, мякка адсунуў яго ад пліты, выключыў гарэлку ды перакрыў вентыль:

— Годзе, брат! Герда чмыхаць будзе. Пашкадуй сабулю, у яе ад метану поўсць чэшацца і соплі цякуць, праўда, Герда?

Тая ляжала на падлозе і нават не ўзняла галавы — была пакрыўджаная, што Рэйтан забалбатаўся і перастаў яе часаць. Немец затарможана сеў за стол. Я паспрабаваў перавесці тэму:

— Ты быў на парадзе? — Так, праходзіў побач, — ягоныя вочы ажылі. — Гожых такіх галаварэзаў Кальварыя падагнала. З “калашамі”. Набыў сабе Бурмістр балячку на зэро. Калі яны ўзбычаць, брыгада Качавога з Манькам — увесь наш сілавы блок — будуць мець макаронны выгляд і калатун у суставах. Яны не толькі добра ўзброеныя, яны выглядаюць спрактыкаванымі ў разбоі. — А што нявольніцы? Ці не крыўдзілі іх? — Дзяўчаты следам ішлі. Расфуфыраныя такія. У кароткіх футрах. З аголенымі нагамі. Холадна ім, мабыць, было. Мужыкі з натоўпу свісталі, жонкі абразы выкрыквалі. Я лічу — дарэмна, у чым яны вінаватыя? Яны ж рабыні. Як паставілі, так і пайшлі. Калі калона да трыбуны Віталюра падыходзіла, ззаду адной нявольніцы нейкі п’янаваты агрызак прыстроіўся. Наздраты такі. У бабрынай шапцы. З купцоў па выглядзе. Ён мабыць не зарыентаваўся, чым парад ад оргіі адрозніваецца. Нават ужо і прычындалы свае агаліў. Але яго людзі адцягнулі, павалілі на зямлю, пнулі пару разоў, каб Грушаўку не сароміў. Мы ж вольны горад, дзе чалавечую годнасць паважаюць. Не нейкая там сярэднявечная тыранія. — Ну а хіба Бурмістр дзяўчат сабе не забраў? Ці кальварыйскім аддаў? — Што ты! Ён проста там, з трыбуны, абвясціў, што Грушаўка дорыць ім свабоду. Што яны цяпер — вольныя грамадзянкі нашай муніцыпаліі і могуць абіраць сабе любую прыстойную прафесію. — А як кальварыйскія? — Камісара і набліжаных перакасіла. Бо зараз жа ўсе кальварыйскія нявольнікі задумвацца пачнуць, чаму ў сяброўскім полісе рабаўладання і прыгнёту няма. А цяпло ў дамах ёсць. — Нічога, там у іх таксама мусяць нейкія газеты быць. Адмыслова для нявольнікаў. Ужо як-небудзь ім існы расклад растлумачаць. Як адзіны прымальны.

Я шчодра заліў кавалак хлябца згушчонкай і паклаў у рот. Чаму ніхто не разумеў, як гэта смачна, пакуль не надарыўся блэкаўт? Нейтральны, падобны да вільготнага кардону, праснак ды салодка-вяршковая поліўка!

— Таксама чытаў пра край зямлі? — Рэйтан зрабіўся раптам змрочны. — Што ты пра гэта думаеш? — Ды поўная бздура. То бок, пра неўраў ці некага, хто падаўся баязліўцам неўрамі, я яшчэ магу паверыць. Але які край? Калі гэта Зямля плоскай зрабілася? — Можа, заўсёды была, — з сумневам паціснуў плячыма Рэйтан. — Нашы веды пра галактыку, далёкі космас, зямныя нетры і прыдонную прастору вялікіх глыбіняў паходзілі з экстрапалявання вядомага на невядомае. Уяўленне пра структуру планеты мы чэрпалі з вымярэнняў хуткасці распаўсюджвання адлюстраваных сейсмічных хваляў падчас землятрусаў. Мы склалі карціну пра зямную кару, мантыю і ядро выключна на ўскосных падліках. А што было бліжэй да нас за зямлю ўвесь гэты час? І ці маглі мы на падставе хуткасці распаўсюду сейсмічных хваляў выключыць, што замест ядра ў цэнтры зямлі знаходзіцца, напрыклад, Пекла? У межах той, ранейшай, сістэмы, зараз тут, на кухні, павінна быць мінус дзвесце семдзесят тры градусы па Цэльсію. — Мы з табой як быццам бы месцамі памяняліся, дружа! — хлопнуў я яго па плячы. — Ты гаворыш тое, што заўсёды казаў я. А мне даводзіцца прамаўляць твае словы. У гэтага ўсяго мусіць быць лагічнае тлумачэнне. І яно ёсць! Дакладна! — Аднак, магчыма, не ў межах логікі, якой мы карысталіся дагэтуль, — невясёла ўсміхнуўся ён. — Ведаеш, што мяне ў гэтым усім крыху бянтэжыць? У неўрах гэтых? У андрафагах? У скіфах? Тое, што як быццам я пра гэта недзе чытаў. Раней. Быццам нешта знаёмае. Ты не прыгадваеш такога? Ты ж у нас болей кніжак прачытаў.