Я задумаўся. У галаве Тацыт танцаваў брэйк-данс з Іосіфам Флавіем, чамусьці на фоне галівудскага фільма “Троя” (Брэд Піт у ролі Ахілеса прыгадваўся асабліва выпукла). Узважыўшы, я адказаў:
— Ведаеш, чым больш кніг чытаеш, тым горш памятаеш адну асобную. Пагатоў, калі не заглядаў у яе дзесяцігоддзямі. А такіх, аднойчы прагартаных, большасць. Калі я першы раз сустрэў згадку пра неўраў у газеце, было адчуванне чагосьці знаёмага. Як быццам бы са школы нешта. Але зараз асацыюецца хіба з апошнімі навінамі нашага свету. — Вось у мяне тое самае! Але нешта свярбіць вось тут, — ён тыцнуў пальцам у галаву.
Рэйтан рассыпаў па кубачках рэшткі кавы, дадаў цукру і заліў кіпнем. “Польскае эспрэса” ўспенілася тлуста адбліснулай пенкай. Немец узяў сваю філіжаначку так, нібыта ў ёй быў наліты каньяк, ды ўрачыста прамовіў:
— У мяне ёсць тост. Я хачу выпіць за чалавека бяздзейнага. Прадукт нашай з табой эпохі. Якая скончылася і зараз чакае, калі скончымся і мы. У антычнасць, цёмныя стагоддзі, рэнесанс і новы час людзі, сутыкнуўшыся з праблемай, нешта рабілі. Стымул — рэакцыя, крый яго трасца! Пасля з’явіліся Google і Instagram. Першы прывучыў нас гугліць, другі — сэлфіць. Да гэтых дзвюх базавых рэакцый і звялося ўзаемадзеянне чалавецтва з наваколлем у час, калі мы не заліпалі. Бо мы чым далей, тым меней з тым наваколлем узаемадзейнічалі. Бо ўтаропліваліся. Віслі. Пяліліся. Свідравалі. У Менску было шэсць ТЭЦ! Шэсць, халера! Палова з іх — спраектавана, каб працаваць на вуглі і мазуце. Што зрабіў чалавек бяздзейны, калі спыніліся газавыя турбіны? Ён паспрабаваў загугліць, але ў яго не атрымалася, бо інтэрнэт скончыўся разам з электрычнасцю. Потым ён зрабіў сэлфак, паколькі яблычнікі яшчэ працавалі. А калі высветлілася, што Instagram не запусціцца болей ніколі, чалавек бяздзейны ўсю сваю энергію скіраваў на рабаванне таго, што было каштоўнага на тых ТЭЦ. У гвалт і вайну. У цікаванне па гіпермаркетах. У бойкі за цёплую вопратку. А калі паўстала новая сярэднявечная недадзяржаўнасць, ужо не было інфраструктуры, якую можна было б узнавіць. Ды і як! Усе тэхналогіі, усе нашы здольнасці аказаліся завязанымі ўсё на тую ж электрычнасць! А выпрацаваць новыя тэхналогіі ды здольнасці чалавек бяздзейны не можа! Google развучыў! То па заслугах нам! Мы мусілі скончыць вось так: халоднымі берлагамі і фальшывым хлебам. І не, я не ўдаю містыка. Гэта цалкам рацыянальны фінал!
Ён, крышку пацешны ў сваёй урачыстасці, зрабіў глыток з кубка. Я дыпламатычна каўтнуў са свайго і мармытнуў:
— Ну ты песіміст, браце! — А галоўнае! — ён адставіў свой напой ды паляпаў далонню па стале. — Галоўнае! Вось глядзі. Калі тэмпература паўсюль застыла на той кропцы, у якой была на момант Зацямнення, значыць на поўдні будзе значна камфортней. Не трэба цягнуцца ажно ў Турэччыну. Нават у Берасці — памятаеш такі горад? — зімы былі не такія паскудныя, як у тут. У лістападзе — плюс пяць цяпла. Снегу амаль няма. Ніхто ў кватэрах не мерзне насмерць. Вынік: трэба ісці на поўдзень! Кідаць увесь гэты — не, не камфортны, а проста прыдатны для паганага, сабачага, жыцця горад, збірацца групай і валачыся! Але ж ніхто так не робіць! Бо страшна! Бо за сценкай жа неўры! Бо там жа казлакапытыя! Там жа андрафагі з амазонкамі змагаюцца, хай бы іх халера перакусіла! Там жа край зямлі, яшчэ ўвалішся! Мы дагэтуль чакаем, калі нам уключаць Google, які растлумачыць, “як выжыць пасля канца свету”. Кажу табе, мы заслужылі тое, што маем. Я не здзіўлюся, калі недзе ў гэты самы момант блакітнае неба і на ўсю ззяе сонца. Бо не бывае так, каб не заставалася выйсця для таго, хто рушыць наперад і мае сілы і характар змагацца. Але мы — не такія. Мы — вырачаныя.