Выбрать главу

Касандра выйшла, не развітаўшыся. Апальшчык праводзіў яе ацэньваючым позіркам, прычым узважваў яе (мяркуючы па выразы на ягоным твары) выключна, як бервяно — на вагу. На прадмет таго, колькі градусаў цяпла і джоўляў энергіі можна атрымаць шляхам змяшчэння нешматлікіх кілаграмаў Касандры ў топку. Потым ён кіўнуў мне спадылба. Быў ён увесь закопчаны ды прысыпаны вугальным пылам. Толькі вочы вылучаліся на твары дзвюма нехарошымі белымі кропкамі. Пры гэтым вельмі лёгка апрануты — чорная саколка і лёгкая скураная куртка наросхрыст. Як быццам ён выскачыў з пекла ды ніяк не мог астудзіцца.

— Немец, Рэйтан. Твой знаёмы? — спытаў Апальшчык, разглядаючы Герду. — Так, мой. Добры сябра. Яшчэ са светлых часоў. А што здарылася? — У яго болей нікога не было. Збірайся, пройдзем. Патрэбна. Па працэдуры.

Ён кінуў мне складзеную ў чатыры рэдзі газету. Я разгарнуў яе. На заўважным месцы была карцінка. Намаляваная мужчынская фігура, што застыла на зямлі ў ненатуральнай позе. І чорная пляма, што расплылася пад ёй. Ніякага падабенства. Нават прыблізна. Кароткі тэкст побач паведамляў:

“Сталы рэзідэнт муніцыпаліі Грушаўка Рэйтан (вядомы таксама, як “Немец” ды “Фізік”) быў знойдзены сёння раніцай ў нежывым стане патрулём народнай міліцыі пад кіраўніцтвам брыгаднага камандзіра, тав. Манькі. Паводле словаў афіцыйных асобаў, смерць наступіла ў выніку выпадання Рэйтана з аднаго з апошніх паверхаў недабудаванага хмарачосу, які стаіць на паўднёвай мяжы муніцыпаліі Грушаўка, з далейшым сутыкненнем цела з паверхняй асфальту на вялікай вертыкальнай хуткасці. У выніку чаго Рэйтан атрымаў шматлікія траўмы ўнутраных органаў, не сумяшчальныя з далейшым жыццём, і мусіў памерці. Слядоў барацьбы, акрамя выкліканых асфальтам, на целе не заўважана. Пры целы заўважана пасмяротная запіска, са зместу якой можна зрабіць выснову, што трагедыя адбылася дзякуючы суіцыду, выкліканага нестабільным псіхічным станам (вар’яцтва). Паводле сведчанняў суседзяў, Рэйтан апошнім часам пакутаваў на дэпрэсію, меў фінансавыя складанасці, а таксама загадзя занёс увесь запас сваіх дроваў і харчовыя прыпасы старым, што жылі ў суседнім доме. Крымінальнага разбіральніцтва з нагоды здарэння ўзбуджаць не плануецца. Развітанне з Рэйтанам адбудзецца сёння а дзясятай гадзіне ў зале апошніх ушанаванняў муніцыпальнай Кацельні, пасля чаго, згодна з традыцыяй і ўстаноўленай практыкай, цела будзе аддадзена полымю”.

Пасля гэтага мы моўчкі ішлі з Апальшчыкам праз цёмныя двары, у мяне было дзіўнае адчуванне ў галаве, і, толькі калі мы дайшлі, я зразумеў, што не ўзяў шапку і моцна змёрз. Тут я запанікаваў і спытаўся, дзе мая сабуля, і Апальшчык сказаў, што я замкнуў Герду ў кватэры, што яна гаўкнула некалькі разоў з-за дзвярэй, але хутка супакоілася. У кацельні было задушна, высветлілася, што гэта адзінае сапраўды гарачае месца ва ўсёй муніцыпаліі. Тут сабраліся людзі, большасць з якіх мела выгляд, які маюць зявакі, зацікаўленыя горам, пра якое распавяла газета. Стаяла пажылая пара, абодва плакалі. Была прафесійная плакальшчыца, насельніца жалобных цырымоній, і была яна ў той стадыі, калі ёй не плакалася як след, бо яна пачынала разумець, што плацежаздольных блізкіх на развітальнай цырымоніі не назіраецца (я супакоіў яе, выдаўшы цынк, і яна заенчыла голасна і вельмі прафесійна).

Грамада атачала вялізны бляшаны паднос, прыкручаны да прычыненага жарала топкі. Сцэна асвятлялася водбліскамі, што праціскаліся праз шчыліны люка, і было іх багата — настолькі сквапнае і яркае штучнае сонца лютавала ў печы. На бляшанцы ляжаў пляскаты прадмет, страшная нерухомасць якога не дазваляла назваць яго “чалавекам” нават у мінулым часе. Я наблізіўся, нехта прамармытаў “сябра ягоны”, і людзі расступіліся. Парэшткі былі накрытыя чорнай анучай. Гэта быў Рэйтан, якога за час, пакуль Грушаўка спала, нехта ўвасобіў у жоўценькім пясчаніку: каменны лоб, каменныя скроні, каменныя вочы, адно — напаўадкрытае.

У гэты момант Апальшчык адчыніў суседні люк і пачаў шуфлем падкідваць вугаль у другі кацёл. Памяшканне асвятлілася дрыготкім пякельным вогнішчам, на маім твары выступіла вільгаць, але я сцёр яе рукавом. Ад топкі несліся хвалі распаленага паветра, іскры знічкамі праносіліся праз цемру і згасалі на падлозе, вугальных гурбах, каменным Рэйтану. Вочы забалелі ад святла, а жар вымусіў прысутных парасшпільваць паліто і паразвязваць намоткі і шалі. Неўзабаве кацельшчык зачыніў люк і абапёрся на шуфель, каб аддыхацца. Я падышоў да яго і не прыдумаў нічога больш дарэчнага, чым запытаць пра сваё: