Выбрать главу

Пасля я насыпаў сорак пяць кіло астатняга нікель-метал-гідрыту — сумесі ў нашым цёмным свеце каштоўнейшай за золата з плацінай, разам узятых, — у дзве вялікія клятчастыя торбы і паставіў іх на санкі.

— Збірайся, Гердачка! Хадзем, зробім добрую справу, — прапанаваў я сваёй курце, як быццам ёй трэба было доўга падфарбоўваць вочы, вусны і кіпцюры.

Цукерка! Я не забыў пра цукерку, і праз тры хвіліны мы ўжо стаялі ўнізе. Яшчэ праз хвіліну я збіраў нікель, што разляцеўся з торбы, што раптам лопнула, па ўсім двары ды пакутліва ўзважваў, уключаць налобнік, ці не? Паводле старых паняткаў сцэна выглядала так, як калі б нехта раскідаў пачкі з банкнотамі па снезе, а пасля корпаецца, выкалупваючы іх, у цемры.

Шлях да маярату мы адолелі так: Герда валакла санкі, я прытрымліваў разарваную сумку. Калі хто-небудзь надумаў арганізаваць пераслед, ён мог бы знайсці нас па батарэйках, якія выпадалі з нашага вазка, як хлебныя крошкі ў грымаўскім “Гэнзэлю і Грэтэлі”. У мяне не хапала рук, якімі я мог бы іх падбіраць. Выраз Гердзінай пысы нагадваў пра таго бурлака з карціны Ільі Рэпіна, які ўжо не ідзе нават, а проста вісіць на кабестане. Вочы яе поўніліся прагай той жа класавай літасці з боку прыгнятальнікаў, то бок — мяне.

— Ну пацярпі, дзявулечка! — енчыў я, але ганарлівая сабачыца з годнасцю адварочвала пысу ўбок.

Адчувалася, што ў чорным нататнічку, куды яна запісвае усе злоўжыванні гаспадара, дадаючы будучыя захады па непазбежнай адплаце, з’явіцца новая пазнака.

Працоўная рэзідэнцыя Бурмістра знаходзілася на другім паверсе былога кардыялагічнага цэнтра, і гэта было натуральна, бо Бурмістр быў у нас чалавек сардэчны. Раней ён прымаў проста ў сваёй хаце, што месцілася акурат пад званарнай вежай, на пагорку, з якога за памежнай сцяной адкрываўся прыгожы краявід — чорныя сілуэты далёкіх шматпавярховікаў Пушкінскага княства. Але натоўп уцекачоў і асобаў, якія шукалі від на жыхарства ў муніцыпаліі, хутка перастаў змяшчацца не толькі ў прыёмным пакоі бурмістравага маёнтку, але і на ягоным падворку. Прыёмную перанеслі ў гулкі і адносна цёплы карыдыялагічны цэнтр, каб хаця б часткова кампенсаваць нязручнасць непазбежнай адмовы большасці шукальнікаў шчасця: Грушаўка прымала толькі самых заможных. У стылым Пушкінскім княстве за дзесяць цынкаў камуналкі можна было жыць год, хай сабе і без цяпла ў батарэях.

Наша з’яўленне ў застаўленай людзьмі прыёмнай было сустрэтае без энтузіязму. Бамбіза ў татуіроўках абвясціў, што нам трэба заняць месца “ў электроннай чарзе”, і што месца гэтае будзе — дзвесце семдзесят шостае. Ён нават выдаў нам паперчыну з накрэмзанай ад рукі лічбай. Падумаўшы, што ён дзвесце семдзесят пяты, я моцна памыліўся, бо неўзабаве бамбіза прапанаваў нам прадаць дзевяноста першую пазіцыю ўсяго за два цынкі. Хутка я зразумеў, што дзяцюк і ёсць тая чарга, таму адвольна вырашае, хто за кім ідзе і на якой падставе.

Прыгадаўшы адвечны ў такіх выпадках адгавор “я на секундачку” і выкарыстоўваючы баржу санак у якасці тарану, я прабіўся да дзвярэй нашага вярхоўнастаршыннага і запхнуўся ўсярэдзіну. Тут быў яшчэ адзін бар’ер — сакратарка Магдалена, для якой у мяне была адмысловая варажба.

Яна толькі паспела раскрыць рот, каб паведаміць, што Бурмістр заняты, што мне трэба дачакацца сваёй чаргі, як я вылавіў з кішэні цукерку — самую танную салодкую “камфекту”, два тузіны за цынк на рынку, ды падмасціўся да мегеры:

— Вітаю яснавяльможную панну Магдалену! Мушу каротка зазірнуць да Бурмістра з мецэнацкімі намерамі! — я пабразгаў цынкам у торбах. — Калі з мецэнацкімі, дык можна, — сардэчна сказала яна, прымаючы камфект.

Як усё ж такі проста ўзламаць сістэму, заснаваную на спалучэнні кволых дэмакратычных парасткаў і бетоннай наменклатурнай традыцыі з часоў, да якіх належыць карта Апальшчыка! Гердачка афарбавала сваю пысу грэблівасцю да гаспадарскай пранырлівасці: яна б стаяла ў чарзе ажно да світанку.

Пакой Бурмістра быў асветлены адразу васьмю вялікімі (на чатыры батарэйкі), ліхтарамі, расстаўленымі па кутах. Як заўжды падчас наведвання, я вымушаны быў прымружыцца, сутыкнуўшыся з ззяннем славы грушаўскай сістэмы дзяржаўнага кіравання. З вачэй пырснулі слёзы. Бурмістр сустрэў мяне ў дзвярах — ён толькі што адмовіў чарговаму шукальніку грушаўскага грамадзянства. Твар выказваў рытуальны смутак.

— А, Кніжнік! — сказаў ён пастарскімі інтанацыямі. Калі дазволіць яму развіць афект, ён пачне чытаць пропаведзь на тэму таго, што дэмакратыя ў першую чаргу азначае роўныя каштоўнасці (пад каштоўнасцямі ён разумеў цынк).