Я мог бы выйсці на гэты праспект праз Браму Світанку і рушыць да кальцавой, з якой збочыў бы ў кірунку закінутага горада, абазначанага, як Гомель. Калі, вядома, дарогі захаваліся ў належным стане. Калі яны не перакрытыя дзяржаўнымі межамі полісаў. Калі, калі, калі.
Я паглядзеў на ніз мапы БССР больш пільна, прасачыўшы аўтастрады ў паўднёвым баку. З шахцёравых пазнак вынікала, што межы заселенага ўмоўнага Мінска сціснуліся да ўнутранай прасторы кальцавой, далей чалавечыя паселішчы і гарады-дзяржавы трапляліся з вялікімі прамежкамі. Між тым, да Зацямнення сталіца распрасціралася ажно да Смалявічаў, Радашковічаў і Заслаўя. Вялікая зона наўкола мінскіх полісаў была падпісаная словамі “пусткі” ды “лясы-пусткі”. Там-сям быў намаляваны нязграбны і зусім не страшны воўк.
Выходзіць, пасля катастрофы людзі закінулі аддаленыя ад агламерацыі мінскіх полісаў кватэры і ці то перабраліся ў межы кальца, ці то загінулі.
Ажно да самых Асіповічаў па Гомельскім кірунку пры дарозе не было ніводнай падпісанай жылой лакацыі. Затое проста пад Мінскам была старанна намаляваная трапецыя, падобная да плоскіх ўзвышшаў Каларада. Побач стаяла незразумелая пазнака: “Цар Гары”.
На ўзроўні колішняга Слуцка (побач з якім не засталося аніякага сучаснага дзяржаўнага фармавання, у якое заходзіў бы шахцёр ці пра якое ён хаця б чуў), праходзіла пункцірная мяжа. Яна цягнулася гарызантальна праз усю карту і ахоплівала плошчу каля пяці сантыметраў ушырыню. “Вобласць туманаў”, – было напісана тут. Землі, вышэйшыя за Ашмяны, таксама былі прабітыя адносна роўнай гарызантальнай рысай. Уся поўнач карты вышэй за гэтую рысу была дастаткова шчыльна замаляваная значкамі, падобнымі да дрэва, у якога галінкі выраслі толькі з аднаго боку ствала. “Пер’е, што стаіць у паветры (непраходна)”, — зазначыла шахцёрава рука. Побач з запісам быў шмат разоў абведзены пытальнік.
Пад былымі “Брэстам”, “Пінскам” і “Мазыром” былі прымаляваныя стрэлкі, скіраваныя ўніз. Побач з кожнай значылася слова “скіфы”. Усе тры — у суправаджэнні пытальніка. Шахцёр дапускаў, што скіфы жывуць на поўдні ад гэтых гарадоў-прывідаў, але ён не бачыў гэтага на свае вочы, — я зразумеў гэта так. На ўсход ад Гомеля было напісана “саўраматы”, таксама з пытальнікам. Слова “неўры” траплялася на мапе чатыры разы: каля няісных ужо гарадоў Нясвіж, Магілёў, Баранавічы і Ліда. Усе — з пытальнікамі. Было не зразумела, ці азначае гэта, што неўры водзяцца толькі тут, альбо што яны насяляюць усю выяўленую на мапе прастору, якая не кантралюецца скіфамі і саўраматамі.
Зрэшты, не гэта падавалася самым турботным. Я не да канца верыў у пярэваратняў, і факт, што побач са згадкамі ўсіх нязведаных істот на мапе стаялі пытальнікі, запэўніваў мяне, што гэты свет мог змяніцца не настолькі моцна, як на гэтым настойвала газета. Але што было пытаннем сапраўды надзённым, дык гэта арыентацыя ў цемры па мапе і без компаса.
Разлічваць на дапамогу дарожных знакаў і ўказальнікаў не выпадала — праз выкарыстанне якаснай ацынкаванай сталі, іх знішчэнне прыняло масавы характар амаль адразу пасля таго, як людзі дапалілі апошнюю драўляную мэблю з кватэраў. У мяне быў танны зэдлік, на абаротным баку якога можна было прачытаць дзіўны тапонім “Шабаны”.
Збірацца ў дарогу трэба хутка — гэтае правіла я засвоіў яшчэ тады, калі вандраваў у нашмат больш прыдатныя для вандровак часы. Збірацца трэба хутка, каб не паспець адмяніць ужо прынятыя рашэнні. Усё, што ты можаш забыць, — насамрэч табе не патрэбнае. Пашпартам мне зараз мусіла служыць азначаная пячаткай паперка, у якой мяне называлі дурнем. Квітком — мапа ўжо не рэальнага свету, паверх якой праявіўся свет, у існаванне якога не да канца верыў нават той, хто яго картаграфаваў.
Сны ў ноч перад вандроўкай заўжды прарочыя. Калі выпраўляешся ў нязведанае, кошт прароцтваў узрастае, бо ці можа хаваць нейкія загадкі будучыня чалавека, які ходзіць па адным і тым жа маршруце? Я клаўся спаць з надзеяй на сненні.
Мне не пашчасціла.
Я не здолеў заснуць ажно да ранішняга звону.
Другі сшытак
Раздзел першы