За сваё жыццё я прызвычаіўся лічыць радзіму стылым, непрыдатным для існавання месцам, засумаваць па якім можна хіба тады, калі трапіш у пекла. Ды і як, ды і па чым тут нудзіцца? Па пачварнай заводскай трубе? Па рынку, дзе ў цябе пад нагамі вечна чаўкае бруд? Па шурпатых хрушчобах? Зараз, ідучы праз муніцыпалію ў апошні раз, я адзначаў, як жа шмат тут гожага. Наколькі любыя застылыя лужыны, палова з якіх мае дадзеныя людзьмі імёны. Ці гурбы снегу, што ніколі не растане. Ці гэтыя чорныя дрэвы, чыя канфігурацыя галінаў адбілася ў маёй свядомасці, нібы рысы на далонях. Галоўным жа ёмішчам радзімы раптоўна абвесцілі сябе мае кнігі. Туга па іх схапіла мяне за сэрца амаль адразу па выхадзе з кватэры.
У гандляра мядком я ўзяў гарачай гарбаты ў папяровы кубак. Збочыўшы з пратораных сцежак, на якіх нага ведала кожную выбоіну, я ўключыў налобнік. Герда ішла побач з такой эмоцыяй на мардаглядзе, з якой вядоўцы тэлевізійных навінаў у эру тэлебачання пераходзілі да паведамлення, якое толькі што паступіла ў студыю і не мае рэжысёрскіх пазнак, а таму невядома, як яго ацэньваць. Псюля не разумела, што адбываецца, чаму ў гаспадара за плячыма велізарны пляцак, з якой галамазды ад яго прэ няўпэўненасцю і адрэналінам. А таму ішла нейтральная і ўрачыстая, як былая дзяўчына жаніха на вяселлі. Мы заглыбіліся ў тапаліны гаёк, што цягнуўся ўздоўж сцяны. Некалі, падчас моцнага ветру, гэтыя таполі рыпелі, бы мачты агромністага парусніка. Цяпер, калі вецер знік разам са святлом, тут панавала маўклівая вусціш.
Неўзабаве я знайшоў разбіты тракт, які вёў да памежнага КПП — адтуль цягнулася шмат вандроўных зорачак, туды — анікога. Дарога ўпіралася ў два недабудаваныя хмарачосы, вузкі праход паміж якімі і празвалі Брамай Світанку, зладзіўшы на ім мытны пункт.
Нас прынялі цёпла. Калі да брамы заставалася дваццаць крокаў і ў светлавым снапку майго налобніка сталі бачныя два стацыянарныя кулямёты на распорках, жаўнер, які цёрся каля аднаго з іх, падхапіўся, завярнуў рулю да нас ды бразнуў затворам. Ён завішчэў уголас, зрываючыся на фальцэт:
— Хто там? Што за нах? Стаяць на месцы! Зброю ўніз! Рукі ўгору! Стаяць, я сказаў!
Адначасова з гэтым зараўла механічная сірэна ды ўспыхнуў велізарны галагенавы пражэктар, імгненна пазбавіўшы нас з маёй дзявуляй зроку.
— Стаяць! Ні з месца! Страляю!! Зброю прыкладам уніз на зямлю! — верашчаў ужо асіплы ад крыку голас. Адначасова аднекуль за ім пачуліся больш спакойныя галасы. — Што за шубат? — Спакойна, дзядзька! — Глядзіце, што гэта там за хрэнь? — адказаў ім вісклявы голас. — Вунь там во! Што за монстр, чорны! Зяпа зубатая! — Сабаку не бачыў, дурань? — адказаў яму бывалы. — То ж наш Кніжнік. Са сваёй сучкай. Гэта цюцька. — А чаго ён зброю не кінуў? — не сунімаўся нервовы жаўнер.
Я наважыўся асцярожна падняць руку і прыкрыць ёй твар: боль у вачах быў нясцерпны нават праз закрытыя павекі.
— Няма ў мяне ніякай зброі! — крыкнуў я. — Во, бачыш! — супакоіў бывалы голас. І потым пракаментаваў некуды ўбок: — Набралі з Кальварыі салаг. Сабаку пабачыў — абассаўся. — Як няма зброі? А чаго ты сюды прыцягнуўся? — я пачуў металёвы пстрык — жаўнер паставіў кулямёт на засцерагальнік.
Пражэктар згас, сірэна сціхла. У святле майго налобніка праступіла агаломшаная пыса Герды. Яна была ў выціснутых святлом слязах.
— Я іду за сценку. Маю справы ў пустках. Ёсць дазвол на эміграцыю ад Бурмістра. Прад’явіць? — Праходзь! — сілуэт бывалага адпіхнуў жаўнера ад кулямёта. Зрабіўшы некалькі няпэўных крокаў, я наблізіўся да памежнай будкі ды пазнаў у бывалым Маньку.
Ён пільна агледзеў мяне і дадаў:
— Дарма ты за сценку без рулі прэш. Купіў бы сабе хоць якую бздзелку. Ён падышоў да палахлівага жаўнера, бесцырымонна зняў з яго апаясак з цяжкай пластыкавай кабурой ды выцягнуў здаравенны пісталет з даўгой руляй. — Раю ўзяць хаця б гэта, — сказаў Манька, — сцечкін, стараваты, але рэсурс яшчэ не выбраны. З дзесяці метраў у звера трапіш нават ты. Дзевяць міліметраў, у магазіне дваццаць патронаў. З кабурой і чатырма дадатковымі магазінамі — 30 цынкачоў. Калі няма зараз — аддасі, калі вернешся.
Я неспакойна паглядзеў на зброю. Думка пра тое, каб страляць у нейкага “звера”, мяне не цешыла. Урэшце, Гердачка таксама была зверам, і ў яе толькі што ледзь не стрэлілі. Уся агрэсія ў свеце ўзнікае з непаразуменняў і няздольнасці дамовіцца. Калі ў чалавека, які ідзе ў свет, ёсць прылада забойства, ён ператвараецца з вандроўніка ў салдата. Болей спакою ў свеце праз гэта дакладна не будзе. Я збіраўся прайсці пешкі палову Зямлі, пры тым, што мапа ў мяне была толькі да колішняга Гомеля, а компаса зусім не было. Каб дамагчыся чагосьці пры такіх планах, трэба каб моцна фарціла. А фарт — я ведаю гэта праз досвед ранейшых вандровак — вельмі залежыць ад тваіх дзеянняў у дарозе і таго настрою, з якім ты выходзіш. Таму я рашуча адчаканіў: