— Не, не бяру. Гэта, кшталту, прынцып. — Ну то бывай, Кніжнік. “Да сустрэчы” не кажу, бо збіраюся яшчэ пажыць.
Двайная брама, паверх якой быў калючы дрот, павольна адчынілася. Я прайшоў праз яе і апынуўся ў вузкім калідоры, утвораным глухімі сценкамі будынкаў. З таго боку таксама чакаў жаўнер, гэтым разам свой, Грушаўскі, бо Герды не спужаўся. Пільна агледзеўшы мяне, ён моўчкі прапусціў нас наперад, а потым адсунуў браму настолькі вузка, наколькі патрабавалася, каб я праціснуўся.
Што было з таго боку?
Натоўп! Як толькі брама паказала прасвет, гурба чорных постацяў заварушылася і зараўла. Мне насустрач з лямантам выціснуўся тузін прагных увайсці ў Грушаўку.
— Назад! — скамандаваў жаўнер, але яны працягвалі змагацца за тое, хто пройдзе першым. — Назад! — крыкнуў ён зноў і ўскінуў рулю сваёй вінтоўкі ўверх.
Людзі адступілі, дазволіўшы нам з Гердай выйсці, а пасля зноўку населі на браму. У адрозненне ад прыёмнай бурмістра, ніякай чаргі тут не было ў прынцыпе — толькі табар гандляроў, шукальнікаў месцажыхарства, бадзяг, авантурыстаў, астролагаў ды іншых дзікуноў. Гэтыя людзі з такой прагай намагаліся прабіцца туды, адкуль я толькі што сам і па сваёй волі пайшоў, што я зніякавеў. Чым далей ад КПП, тым менела людзей. З’яўляліся тыя, хто прыйшлі з валізкамі ў спадзеве правезці тавар праз абложную браму. Нарэшце па пратаптаным і раскатаным тысячамі ног гасцінцы я выйшаў на раздарожжа. Адна сцежка вяла наўпрост па чорнай паверхні шырачэзнай шашы, другая вяла налева. Тут жа быў самаробны паказальнік напрамкаў, зроблены з адзінага непрыдатнага для сугрэву ў холад матэрыялу: вялікага ліста пластыку. Таксічнасць пры спальванні захавала гэты “прыдарожны камень” некранутым. Стрэлка налева была падпісаная “Каралеўства Цэнтр”. Наўпроставая стрэлка мела подпіс “Інстытут Культуры”.
Я паправіў заплечнік і паплёўся направа. Для майго кірунку не было назвы. На мерзлым снезе амаль не траплялася чужых слядоў. Дарога ўзабралася на эстакаду і пасля велізарнай развязкі перайшла ў шасціпалосную магістраль. То тут, то там трапляліся закінутыя машыны, якія назаўсёды спыніліся там, дзе ў іх рухавіках перастаў запальвацца бензін ці дызель. На скрыжаваннях, пад святлафорамі, пакінутых машын было болей.
Я ішоў па шырокай праезнай частцы паміж гэтых абледзянелых касцякоў і думаў пра тое, што, калі сонца нарэшце ўзыдзе і рухавікі запрацуюць, у людзей будзе да халеры работы па прыбіранні гэтага паржавелага ламачча з дарог, па якіх можна было б ездзіць на працаздольных тачках. Хаця, калі сонца нарэшце ўзыдзе, гэта будзе адной з найменшых праблем цывілізацыі, якая ўжо загінула і плануе адрадзіцца.
Перад вачыма міналі знаёмыя абрысы жылых шматпавярховікаў, кінатэатраў, “шматфункцыянальных гандлёва-забаўляльных цэнтраў” (прыгадаў жа назву!). Памяць шаптала назвы: “Глоба”, “Тытан”, “Бярэсце”. Я збочыў да аднаго з іх. На першым паверсе тут некалі была кавярня, дзе я любіў пасядзець за неабдымным кубкам з капучына. Чырвоныя літары пры ўваходзе не аблупіліся, дзверы нехта ўскрыў да мяне. Усярэдзіне ўсё было некранутым: тыя ж канапы са штучнай скуры (натуральную ўжо абадралі б), тыя ж столікі з тоўстага шкла. Аднак холад і цемра рабілі месца непазнавальным, ніякай настальгіі. Усе мы любім не сценкі, не мэблю (і тое, і другое засталося тут), але ж — знаёмыя твары афіцыянтаў, пахі інтэр’еру і, галоўнае, святло. Тут заўсёды была такія ўтульныя прыцемкі, можна было заліпаць у яблычнік гадзінамі.
Калі мы вярталіся да праспекта, я заўважыў, што дагэтуль вясёлая і неўтаймаваная Герда раптам сцішылася і зрабілася асцярожнай. Пройдзе некалькі крокаў, навострыць вушы і стаіць, слухае. Яна не гаўкала, але была чымсьці ўстрывожаная. Настрой сабакі імгненна перадаўся мне. Я пачаў наступаць з пяткі на насок, так атрымлівалася цішэй, хаця асаблівага плёну ад гэтай цішыні не было: мяне выдаваў ліхтар. Я выключыў налобнік і адразу ж яго зноўку ўключыў. Без светлавога снапка наперадзе было занадта вусцішна. Раптам удалечыні справа я заўважыў тры рухомыя кропкі.
Яны нагадвалі зорачкі ліхтароў, але плылі занадта хутка для чалавека. Так спрытна не маглі рухацца нават бегуны. Усё гэта адбывалася ў абсалютнай цішы. Я не чуў ні ўскрыкаў, ні гукаў. Гэта дакладна былі не людзі. Па спіне прабег халадок. Я згадаў кожную з міфічных істотаў, пра якіх распавядала газета. Герда ўтаропілася ў бок светлых кропак і, здаецца, нават дыхаць перастала. Я зразумеў, што яны рушаць акурат па тым праспекце, па якім мы толькі што прайшлі. Вось адна з зорачак вывернулася, яўна абыходзячы аўтамабіль, за ёй тое ж зрабілі астатнія. Яшчэ адна штука. Кропкі паўзлі вышэй за чалавечы рост. Што б гэта ні былі за істоты, яны здаравенныя і дужа спрытныя. Я ўявіў сабе трох неўраў, якія, аблізваючыся, нясуцца з налобнымі ліхтарамі на ваўчыных галовах. Галовах, якія толькі што, да перакідання, былі чалавечымі.