Выбрать главу

Я адразу пашкадаваў, што запытаў. Галоўнае, каб у іх не было складзенага чацвёртага ровара — давядзецца засвойваць этыку ЗЛЖ ажно да павароту з кальцавой. Прычым, не выключана, пяты, складны, маленькі роварчык, у іх адкладзены адмыслова для сабак. І Гердзе трэба будзе вучыцца ціснуць на педалі. — Мы не ямо мяса, — з годнасцю паведаміў першы голас.

Я хацеў сказаць, што я таксама мяса не ем, бо тое, што прадаецца як мяса ў нашым свеце, ім ужо даўно не з’яўляецца.

— У нас ёсць фалафель. Мы самі робім, з бабовых. — Хочаце фалафель? — запыталі яны ў мяне. — Яго і сабачкам можна. — У мяне дастаткова ежы, — збрахаў я. Насамрэч, паверыўшы шахцёру, я не ўзяў нічога для сябе — заплечнік і так быў занадта важкім. — Тады што мы зробім? — Для чалавека з сабакам? — І без ровара? — Мне нічога не трэба, — шчыра звярнуўся да іх я. — Я прывык быць самотнікам і разлічваць выключна на сябе. — Мы будзем пакідаць вам запіскі! З важнай інфармацыяй! Якую здабудзем па дарозе! — І ХКС побач, каб падсвятліць! — Ён не ведае, што такое ХКС! — здаецца, яны пачалі папраўляць не адзін аднаго, а самі сябе, на розныя галасы. — ХКС – гэта “хімічная крыніца святла”! — адзін з іх скіраваў ліхтарык на пук падобных да лакрычных палачак люмінафораў, прывязаны да рамы. — Добрай вам дарогі! — паўтарыў я ўжо выказанае пажаданне.

Яны ўскочылі на сёдлы і, ужо едучы, шмат разоў паварочвалі снапкі ліхтароў назад, каб развітацца. Я паспеў моцна змерзнуць, пакуль стаяў нерухома ды размаўляў з імі, і цяпер з асалодай разганяў кроў у целе, набіраючы хуткасць. Як жа добра думалася ў дарозе! Дома, над кнігай, за пісьмовым сталом, думкі былі быццам заціснутыя ў вокладку. Тут яны разляталіся ў розныя бакі, падхоплівалі і перабівалі адна адну, нібы тыя раварысты.

Я глядзеў на прыцемнены горад пад небам колеру чорнай, з рудымі падпалінамі, каровы, ды думаў, што гэта цалкам натуральна, што ўсе былыя дзяржавы разваліліся, а на месца вялікіх гарадоў прыйшлі маленькія феадальныя княствы. Нейкім цудоўным чынам менавіта святло — сонечнае ўдзень, электрычнае па начах – было тым шнуром, што нас знітоўваў ва ўяўныя адзінствы. Калі тройчы ўдзень на шляху дадому бачыш плакат “Завадскі раён горада Мінска вітае вас!”, паняволі пачынаеш лічыць сябе грамадзянінам таго “Завадскога раёна” і таго мегаполіса “Мінск”. Калі святло знікае, калі словы ператвараюцца ў нішто, знікаюць і тапонімы, і еднасць. Застаюцца толькі холад, змрок і неабходнасць змагацца за жыццё. У гэткім свеце за жыццё найлепш змагацца невялічкімі сярэднявечнымі каралеўствамі, а не буйнымі сучаснымі дзяржавамі.

Я не адчуваў, што іду праз “горад” — горада не стала, калі згаслі мачты асвятлення, калі адгарэлі шыльды крамаў ды кавярняў, калі зніклі водбліскі прыватнага камфорту ў вокнах чалавечых мурашнікаў. Горада на стала, калі выключыліся каралі далёкіх светлавых перлін, што пазначалі далягляд. Без рэкламы, аўтамабільных фараў, лямпачак над уваходам у пад’езды, прастора пераўтварылася ў створаны чалавекам, агідны і стылы лес. З высокімі плячыма закінутых цёмных хмарачосаў, з адзінокімі бетоннымі дрэвамі слупоў, з асфальтавымі магістралямі, што ўдавалі вусці перасохлых рэк.

Адно слова: пусткі.

Бог аддзяліў свет ад цемры, а потым прыйшоў чалавек і заліў цемру святлом. Па выніках цемра пакуль што перамагае.

Яшчэ я падумаў, што ўсе гэтыя “неўры” ды “краі Зямлі” ёсць наступствам таго ж, што і дэурбанізацыя. Забяры ў чалавека святло — і ён пабачыць неўра, а не раварыста. Святло выключае фантазію. А фантазія ў цемрадзі часцяком працуе на тое, каб як мага мацней напалохаць.

Пасля размовы з рыскунамі, свет зноўку падаваўся мне бяспечным і зразумелым. Як у Грушаўцы. Адно што з арыентаваннем здарылася неспадзяванка: паводле мапы, кальцавая была адзінай вялікай шашой, што сустракалася з праспектам на ўсёй яго працягласці, а насамрэч шырачэзныя магістралі адхадзілі ў бакі кожныя два-тры кіламетры. Я спрабаваў пазнаць мясцовасць і не панікаваць. Прынамсі, перад кальцавой жылых дамоў на нейкі час мусіла зрабіцца меней, бо хто ж захоча жыць з аўтамабільным морам пад вокнамі.