Выбрать главу

Разважаючы гэтак, я адзначыў, што ў шмат якіх машынах на шляху адсутнічаюць колы, і, чым бліжэй я падыходзіў да двух раздзеленых праспектам гіганцкіх жылых комплексаў, тым болей “бязногіх” машын сустракалася.

Я памятаю рэкламу гэтых вежаў. Адна падобная да піраміды, другая ўзнеслася да аблокаў стопавярховым паралелепіпедам. Яны некалі належалі аднаму забудоўшчыку і прадаваліся пад адной паэтычнай назвай, здаецца — “Лісіцкі і Малевіч”. Іх узвядзенне адносілася да піку буму ўшчыльнення, калі высачэзнымі будынкамі для тых, хто лічыў сабе багатым, забудоўваліся цэлыя раёны ля метро. Цяпер аграмадзіны на шмат тысяч кватэр узносіліся да цьмяных нябёс мёртвымі згусткамі цемры — ні агеньчыка, ні руху. Праз частку паверхаў перфараваным пункцірам свяціліся рудаватыя нябёсы: там былі вялікія кватэры на ўсю даўжыню дома і панарамныя вокны дазвалялі бачыць і ўсход, і захад. Яшчэ б узгадаць, да першай кальцавой яны месціліся, ці пасля яе.

Герда, унюхаўшы нешта, пранеслася наперад, а потым вярнулася з таямнічым выразам на мордзе, маўляў, зараз сам пабачыш.

Машыны ўздоўж праспекта стаялі ўжо не проста без колаў, але і без дзвярэй, без капотаў, без багажнікаў. Сям-там, у пошуках таннага ўзмацняльнага матэрыялу з іх адвінцілі нават крылы.

Барыкады былі абсалютна чорныя, у два чалавечыя росты. Матэрыял, з якога іх склалі, нагадваў мяккую цэглу, што блішчэла ў святле налобніка. У некалькіх месцах назіраліся моцныя, ажно да ржавага дроту, прапаліны. Я не хутка зразумеў, што гэтыя ўмацаванні ўздоўж дамоў збудаваныя з аўтамабільных колаў. Асфальт паміж імі быў прысмалены ды выкрышаны выбухамі, закіданы буйнымі кавалкамі шкла, самаробнымі стрэламі і цяжкімі камянямі.

Кулявых адмецін у гуме барыкад было няшмат: выглядае, сапраўднай зброі ў тых, хто біўся, знайшлося небагата і патроны скончыліся хутка. Падобна, што кулі праходзілі праз пакрышкі наскрозь, нават не зрушаючы важкіх дыскаў з месца. То будавалі барыкады не для абароны ад куляў.

Па зямлі былі раскіданыя брудныя мяхі з пяском. Герда старанна іх абыходзіла. З аднаго тырчэла самаробная дзіда, у якой я пазнаў лыжную палку з прывязаным да яе кухонным нажом. Чамусьці ў тым месцы меха, куды ўвайшла дзіда, блішчэла замерзлае чырвонае павідла. Падышоўшы, я зразумеў, што мех з пяском быў мёртвым чалавекам. Нябожчык ляжаў тварам да зямлі. Ягоная шэрая рука была абгрызеная да косткі. Над локцем — намаляваны чорным маркерам трохкутнік.

Мне зрабілася млосна. Я адышоў ад барыкады і, упёршы прамень святла сабе пад ногі, стаў асцярожна прабірацца па самым цэнтры праспекта. Галава, як я не забараняў ёй рабіць здагадкі, малявала розныя версіі нападу, адна болей галівудская за другую. Зомбі, скіфы, андрафагі. Безабаронныя людзі двух апірышчаў гуманізму разам змагаюцца з аблогай нелюдзяў, што прэ з-за кальцавой. Барыкадуюць уваходы, выстаўляюць варту, гінуць ад ранаў.

У прамень пад нагамі трапіла частка чэрапа, вока якому замяняў буйны камень. Шпурнуты, не інакш, з дапамогай самаробнай прашчы, бо што яшчэ магло так патрушчыць костку. Над локцем рукі, якую нябожчык паспеў паднесці да твару перад тым, як памерці, красаваўся старанна выведзены маркерам паралелепіпед.

Я павярнуў галаву направа: над барыкадай перад уваходам у пірамідальны дом вісеў сцяг з адрозным трохкутнікам. Над пад’ездам аграмадзіны злева слуп святла паказаў прымацаваную пластыкавую шыльду са старанна выведзеным паралелепіпедам. Вось табе і зомбі. Вайна чырвонай і белай ружаў. Ланкастэры супраць Ёркаў. За што яны змагаліся? Адбівалі адзін у аднаго рэшту ежы замест таго, каб аб’яднацца і адправіцца на яе пошукі разам? Я паскорыў хаду.

Пасля перасвараных Лісіцкага з Малевічам адкрылася невялічкае поле, пасярод якога прызямліўся вялікі гіпермаркет. Я збочыў да мола ў спадзеве набраць прыпасаў да таго моманту, калі мне зноўку захочацца есці пасля пабачанага. Але з вялізарнага ангару было вынесена ўсё дашчэнту. Нехта спрабаваў аддзерці нават зробленыя з фольгі трубы вентыляцыі. Выцягнулі не толькі касавыя апараты (для чаго яны маглі спатрэбіцца?), пазабіралі нават алюмініевыя прылаўкі, на якіх калісьці быў тавар. Уся здаравенная прастора крамы была пустой ад сценкі да сценкі. Адчувалася, што доўгі час гіпер быў Мекай для марадзёраў усіх гатункаў, адтуль цягнулі спачатку каштоўнае, потым карыснае, а калі каштоўнае і карыснае скончылася, перлі тое, што проста можна лёгка звалачы — на памяць, што былі тут. І гэта скончылася татальным спусташэннем, як у царкве падчас нашэсця Залатой Арды. Адно што пад нагамі блішчэлі змакрэлыя ды ўмёрзлыя ў лёд купюры. Чаму ніхто з прафесійных рабаўнікоў не забраў і іх, было акурат зразумела: якая карысць з паперы, што не гарыць?