Выбрать главу

Я пільна агледзеў дом звонку. Па-над некаторымі вокнамі былі выразныя чорныя палосы, што падкрэсліваліся таксама моцна закуранымі шклопакетамі. У іншых месцах са сценак ці заканапачаных анучамі дзюрак у шыбах тырчэлі бляшаныя трубы буржуек. Але былі і кватэры без слядоў чарнавога ацяплення. Лагічна дапусціць, што там ніхто не жыў пасля блэкаўту. І прыпасы не мусілі быць высмактаныя дашчэнту.

У гэтым пад’ездзе чыстыя вокны — на трэцім паверсе злева, на пятым справа і на сёмым злева. Я свабодна прайшоў усярэдзіну. На ўваходзе не было нават кодавага замка.

Дзверы ўсіх памяшканняў на пляцоўках былі замкнёныя: выглядае, марадзёры сюды не дайшлі, усведамляючы галечу кварталаў. Трэці паверх. Шкляныя дзверы ў фае на дзве кватэры. Я зняў пляцак, разбіў шкло нагой і асцярожна, каб не падрапацца, намацаў клямку простага кнопкавага замка з таго боку. Адцягнуў, адмыкаючы. Паправіў налобнік. У вестыбюлі было два ўваходы. Адзін — направа, вокны гэтай кватэры мусяць глядзець на іншы бок дома, другі — налева. Мой варыянт.

Простыя дзверы з дзвюх пласцінаў ДВП і крохкай стружкавай пліты між імі. Танны замочак. Зараз паглядзім, што за гэтым хаваецца. Я адштурхнуўся ад сцяны ды з усёй моцы ляснуў нагой па палотнішчы дзвярэй. Храбуснула стружка. Нага загразла ва ўмяціне, давялося з высілкамі яе выцягваць. Яшчэ два нямоцныя ўдары, і язычок замка выскачыў з пашкоджанага трымальніка. Герда не пайшла наперад, і ўжо гэта мусіла насцярожыць. Але трыумфальнае адчуванне першы раз у жыцці ўзламанага чужога жытла пагнала наперад. Пакрыты шэранню кілім, раскладзеная і засцеленая канапа, налева — кухня. Я, уяўляючы сабе банкі са згушчонкай і пачкі з сухарамі, ледзь не спатыкнуўся на гэта.

Чалавек сядзеў спінай да мяне. У інвалідным вазку. Нежывы. Вельмі схуднелы.

Мне зрабілася сорамна, што я так нахабна парушыў ягоны спакой. Я адступіў з ускрытай кватэры і акуратна прычыніў зламаныя дзверы.

Герда ўсярэдзіну так і не ўвайшла.

Было вялікім аптымізмам нацягваць заплечнік перад праходам наверх. Бо можна ж было яго пакінуць тут і збегаць у выведку. Рыскуном. Вестыбюль на пятым паверсе быў зачынены надзейнымі жалезнымі дзвярыма. Рыгельны замок, легіраваная сталь. Гэта не здолеў бы ўскрыць голымі рукамі нават Супермэн. Пагрукаў без асаблівай надзеі, панаціскаў латунную ручку ўваходу, ды, уздыхнуўшы, пацягнуўся яшчэ вышэй. Сёмы паверх, фае абароненае дзвярыма з армаваным шклом. Я ляснуў па шкле нагой — паверхня, прашытая тонкімі сталёвымі ніткамі, спружыніла. І не паддалася. Тады я дастаў свой паляўнічы нож, засунуў лязо паміж касяком і замком, а потым без асаблівай навукі ўціснуў язычок, што адмыкаў замок.

У вестыбюлі было шмат абсалютна новага абутку — такі на рынку ў Грушаўцы ішоў па дзесяць цынкаў за пару. Патрэбныя мне дзверы былі фанерныя, я высадзіў іх з першага разу, ударыўшы нагой бліжэй да ручкі з замком. Гэтым разам Гердачка праслізнула ў памяшканне як бывалая рабаўніца. Я зацягнуў заплечнік усярэдзіну.

Стандартная панэльная двушка: спальны пакой насупраць уваходу, раскошны ложак, коўдра, клятчасты ваўняны плед. Вялікая гасцёўня справа: модульная клееная мэбля, крышталь за шклом, некалькі кніжыц (тут раблюся ўважлівым): “Ганна Карэніна” Талстога, “Бадзянні отрака Варфаламея (серыя “Перлы праваслаўнай думкі”), альбом Сальвадора Далі, два тамы Оша, брашурка “Жывая дхарма”, ілюстраваны даведнік “Падлодкі другой сусветнай вайны”, чацвёрты том “Хронік Нарніі” Клайва С. Льюіса.

З вывучэння бібліятэкі раблю выснову, што тут жыла разведзеная жанчына, халерык, няўстойлівага характару, з вышэйшай адукацыяй, ва ўзросце ад 40 да 50 гадоў, нізкі прыбытак, сын-падлетак, палюбоўнік-візіцёр працаваў кіроўцам маршрутнага таксі.

Спяшаюся на кухню. Мільён дэталяў паказвае, што кватэру пакідалі вельмі паспешліва, забіраючы тыя рэчы, якія падаваліся каштоўнымі. Але не вярнуліся за тымі, што былі каштоўнымі насамрэч. Адзін ваўняны плед чаго варты. Ці зэдлікі з сапраўднага дрэва. Адчыняю лядоўню, рот таксама адкрываецца — сам. Нутро запакаванае прадуктамі: змерзлы бярвенчык вэнджанай каўбасы, клінчык галандскага сыру, колеру муміі, увесь у шэра-белай цвілі, — ён паспеў сапсавацца да таго, як тэмпература ў лядоўні апусцілася ніжэй за нуль, гэтаксама, як і селядзец, увесь пакрыты грыбком у саланаватым і праз тое не прамерзлым расоле. Высахлыя за гады ляжання палачкі сасісак, грыбочкі ў слоіку з уздзьмутай накрыўкай, памёрзлыя ў камень бульба, бурачкі, капуста ў паддончыку, кетчуп, маянэз, гарчыца, двухлітровая пляшка квасу, двухлітровая пляшка мінеральнай вады, не адкаркаванае “Кіндзмараулі” ў дзверцах. Ды яшчэ варэнікі з бульбай і кропам у маразілцы.