Выбрать главу

Я, лежачы, намацаў Гердаў ашыйнік і пацягнуў яго ўніз, прыгаворваючы:

— Гердачка, усё нармальна! Дзядзі проста вельмі хацелі з намі пазнаёміцца! І не ведалі, як далікатней гэта прапанаваць!

Сабуля перастала кідацца на варвараў, якія нас захапілі, але брахаць не спынілася.

— Падымайся, пойдзем! — тыкнуў мядзведзь руляй у мяне.

Я з цяжкасцю падняўся, працягваючы трымаць Герду за ашыйнік. Расправіў паліто пад шлейкамі заплечніка, бо складкі балюча ўпіліся ў спіну. Пагладзіў Герду па ўзвушшы, супакойваючы. Ёй неяк перадалася мая ўпэўненасць у сабе. Яна прымоўкла. Захопнікі зайшлі мне за спіну ды падштурхнулі наперад вінтоўкай:

— Давай, ідзі. Наперад. Мы — за табой. Сабаку трымай, бо шарахнем шротам.

Я пайшоў, прыслухоўваючыся да гукаў з-за спіны. У пляцаку прыцішана булькала. Віскі не разбілася.

У промнях налобнікаў нашых захопнікаў паблісквалі зубы Герды — яна ішла выскаліўшыся ды ціхенька гырчэла — ёй не падабалася, што людзі, якія ўдарылі гаспадара, беспакарана цягнуліся цяпер ззаду, наставіўшы на нас стрэльбы. Часам мне здаецца, што Гердачцы трэба было нарадзіцца бультэр’ерам, часам — памеранскім шпіцам. Вельмі шырокі дыяпазон настрояў у характары.

Захопнікі мірна тупалі за намі і праз нейкі час пачалі перамаўляцца.

— Ці не было ў цябе калі-небудзь адчування, што ўсе нашы дзеянні прадвызначаныя, Мазай? — інтымна спытаўся малады голас. — Не разумею, пра што ты, Заяц, — груба адказаў кудлаты. — Як быццам бы ёсць нейкі план. Ці сцэнар. І мы ў ім — нават не акцёры. Марыянеткі. І можа вось зараз — адзінае, для чаго мы народжаныя, гэта каб гэтае вось бібабо і ягонага сабаку завезці да Цара. — Мне дык наадварот замала прадуманасці ў гэтым свеце. Такі, як ты, Заяц, дык даўно павінны быў скончыць нявольнікам у матрыярхаце “Зялёны Луг”, — медзведзяваты тупаў нейкі час моўчкі, потым дадаў: — Але вось праўда, неяк шмат паўз нас дурнаватых візіцёраў пачало цягацца. Спачатку хіпстары на веліках. Зараз гэты, з сабакам. Яшчэ і спаць застаўся, ну? Нічога не баяцца. — Секундачку! — я перапрашальным тонам улез у іх размову, не збаўляючы хуткасці, каб не раздражняць людзей з узведзенай зброяй. — Вы, мабыць, пераблыталі. Хіпстары на веліках збочылі на Слуцк. А мы зараз ідзем па трасе на Гомель, ці не так? Паўднёвы ўсход? — Вось бачыш, Заяц, з якім матэрыялам прыходзіцца працаваць. Сунецца кудысьці. З сабакам. Заплечнік сабраў здаравенны, толькі вушы з-за яго відаць. І не ведае, куды ідзе, — растлумачыў свайму суразмоўцу медзведзяваты. — Мы на Слуцкай трасе. Поўдзень. Кіруемся да Цара Гары. Якому можа спадабацца твой сабачка.

Герда прыняла дапушчэнне пра сабачку чарговым гырканнем. Не ведаюць яны, з кім звязаліся. Думаюць, з памеранскім шпіцам.

Я спрабаваў зразумець, як умудрыўся схібіць з напрамкам, не дайшоўшы да патрэбнага павароту амаль чвэрць маршрута. Моцная стома ды адсутнасць трэніроўкі падоўжылі адлегласць адоленай пасля выхаду на кальцавую дыстанцыі, вось і паспяшаўся. Пасля таго як людзі са стрэльбамі нас адпусцяць, а здарыцца гэта мусіць хутка (бо што ім да нас?!), трэба будзе на першым жа павароце забіраць правей. Каб сустрэцца з кірункам на Гомель.

— Прабачце, яшчэ адно пытаннечка, — я паспрабаваў азірнуцца, але атрымаў нямоцны штуршок у спіну, — а ў вашага Цара Гары які парадак? Ці ёсць там рабаўладанне? Бо, ведаеце, я неяк не люблю, калі свабоду чалавека абмяжоўваюць. — Яшчэ адзін хвілосаф пра маю бараду! — нязлобна прыкрыкнуў Мазай. — Мы не ўтрымліваем нявольнікаў на Гары, — супакоіў маладзейшы. — Калі нам нехта непатрэбны, мы яго проста расстрэльваем. — А, ну то дзякуй! Значна лягчэй стала! — адгукнуўся я. — А раварыстаў вы таксама расстралялі? — Мы псіхаў не чапаем, — праявіў сябе медзведзяваты. — Нам ровары не патрэбныя, — дадаў Заяц. — У Мазая шуба ў ланцуг заблытвацца будзе. — А ў Зайца язык, — папікнуў калегу барадаты.

Шэрагі панэлек расступіліся, вызваляючы вялікае не занятае нічым поле: ні молаў, ні танных жылых мурашнікаў, ні аўтастаянак, ні складоў — дзіўная анамалія гарадской прасторы, скалечанай сквапнасцю апошніх перад блэкаўтам гадоў. Толькі снег ды чэзлыя парасткі ссохлай да папяровага стану травы. Пасярод пустэчы, усё яшчэ вельмі далёка ад нас — гіганцкае ўзвышша, падобнае да мура сярэднявечнага палаца. Чарнейшая за цёмныя нябёсы паверхня гэтай велізарнай, на некалькі кіламетраў у даўжыню, трапецыі была ўся панатырканая рухавымі памяранцавымі агеньчыкамі. Адкуль гэта ўзялося тут? Як структура такіх маштабаў магла ўзнікнуць у нашым свеце, дзе ніхто нічога новага даўно не будуе? Бо ўсе тэхналогіі скончыліся з электрычнасцю, а новых Рэйтанаў “чалавек бяздзейны” не вынайшаў? Ці гэта ўжо было тут? Яшчэ да Зацямнення? І, калі гэта было тут, чаму ніхто не звяртаў увагу на велічэзны зікурат?