Выбрать главу

— Атмасферна ў вас тут, — падзяліўся я ўражаннямі. — Бы на сходцы аўтарытэтаў! — Гэта браты з братэрства “Аўтаз”. У нас з імі дамова аб двухбаковым узаемадзеянні. Яны забяспечваюць нам ахову перыметра, мы іх дапускаем да распрацоўкі нетраў. — Пашанцавала вам, — не стрымаўся я. — Яны нармальныя. Проста выглядаюць так. Не пазбавіліся пакуль звычак ды дрэс-коду, — запэўніў Заяц. — На Аўтазе зараз рэфармацыя. Як яны гэта завуць? “Рух джэнтрыфікаў”, здаецца. Заняліся цывільнымі работамі. Дэвіз: “Хто быў братком, хай стане братам!” Гэтыя сметніцу распрацоўваюць. Брат Ягорый — іхны аўтарытэт, тры ходкі, дваццаць пяць гадоў турэмнай насідкі, ферму завёў. Свіней гадуе.

Мы трапілі ў штосьці накшталт дзядзінца — нізіну, з усіх бакоў аточаную высокім валам. Па плошчы ў некалькі гектараў расстаўленыя вайсковыя намёты з трубамі буржуек, паўсюль людзі з паходнямі, лябёдкі чэрпаюць вёдрамі ўзламаную “пароду” з распрацаваных свідравінаў. Млоснатворны пах некуды знік, можа, праз тое, што смецце тут было прысыпанае слоем пяску, ці магчыма, я проста прызвычаіўся. Заяц з Мазаем закінулі дубальтоўкі на плечы і проста ішлі побач. Мы кіраваліся да невялічкага брукаванага дамка пад металічным дахам, змешчанага далекавата і ад намётаў, і ад зоны распрацоўкі.

— Гэта — цытадэль, — тлумачыў Заяц. На тле брутальных спецыялістаў братэрства “Аўтаз” ён зрабіўся балбатлівым. Праступіла нават нешта падобнае да агульнай выхаванасці. — Раней тут быў газаразмеркавальны пункт. Газ, які давала сметніца, скіроўвалі на асвятленне некалькіх населеных пунктаў. Калі газ перастаў быць крыніцай энергіі, усе прыстасаванні вынеслі. Усярэдзіне Добры Цар зрабіў свае пакоі. — А што яны шукаюць тут? — спытаў я, кіўнуўшы на людзей з паходнямі.

Гэтае пытанне выклікала смяшок нават у Мазая, які паводзіўся дагэтуль не надта інтэрактыўна.

— Як што? — здзівіўся Заяц. — Ты думаеш, усе тыя чаравікі, паліто, футра, кашулі, што прадаюцца на рынках у полісах, адкуль бяруцца? Думаеш, самі гаспадары іх прыносяць, альбо шахцёры здабываюць? Ніякіх шахцёраў бы не хапіла, каб мільён чалавек апранаць цягам столькіх сненняў. Мы даўно ўступілі ў фазу паўторнага спажывання. Асноўнай крыніцай багацця для ўсіх навакольных дзяржаваў ёсць нашая гара. Менавіта ў ёй закладзена самае каштоўнае, што засталося ад індустрыяльных часоў. Адкіды чалавечай дзейнасці назапашваліся тут з 1968 года, дык можаш сабе ўявіць. Зараз мы, як гномы, капаем, сартуем ды запускаем на рынак. — А навошта Цару Гары трэба рабаваць такіх, як мы? — я тыцнуў пальцамі ў сябе і Герду. — Калі ён такім тлустым рэсурсам валодае? — Раскажы яму пра генерала і гаўно, — прапанаваў Зайцу Мазай. — А ты што, думаеш гэта дзеля грошай? Насмяшыў! — Заяц пры гэтым нават не ўсміхнуўся. — Для яго гэта — хобі. Забіраць нажытае сумнеўным чынам і размяркоўваць праз братоў сярод тых, каму патрэбна. Я ж кажу, ён — за справядлівасць. — Раскажы пра гаўно і генерала, ну! — настойваў Мазай. — Добры Цар любіць расказваць гэты апокрыф, каб праілюстраваць, што такое справядлівасць, — Заяц спыніўся, каб завершыць гісторыю да таго, як мы зойдзем у царскія палаты. — Яму яе распавёў брат Ягорый, а Цар дадаў духоўны складнік і перарабіў у навуку. Дык вось. Быў некалі ля Мінска такі раён, Дразды. І жыў там адзін сілавы генерал. Аднойчы ля брамкі ягонага дома, проста на кілімчыку, з’явілася куча гаўна. Паколькі ў задачы генерала ўваходзіла задушэнне ўсяго, што расло ў краіне не ў той бок, ён прыняў гаўно на свой рахунак. Помста і ўсё такое. Пачаў змагацца. Паставіў камеру назірання. Праз два дні — зноўку гаўно. Праглядае запісы: дысідэнты з голымі дупамі ў кадр не трапілі. Генерал зрабіўся надумлівы. Замовіў яшчэ адну камеру. Схаваў у хмызняку за сценкай, на выпадак, калі гаўно кідаюць зласліўцы на матацыклетах. Гаўно з’яўляецца. А азадкаў — няма. Ну што? Містыка! Генерал змяніўся. Стаў духоўны чалавек. Пачаў насіць крыжык. Знайшоў усіх, каго пакрыўдзіў, і палепшыў ім умовы ўтрымання. Перастаў матам размаўляць і пачаў ім зрэдку лаяцца. Аж пакуль па вяртанні дадому не спудзіў велізарнага кацяру, сапраўднага бегемота. Ён прыладжваўся на кілімчык ніжэй за ахоп камеры, таму на запіс не трапляў. З гаўном генерал разабраўся, а муднем назварот не зрабіўся. Бо такая ў чалавека прырода. І — што галоўнае, каб ён жыў па справядлівасці, а сумленне ягонае было чыстым, адразу зразумеў бы, што сярэ не чалавек, а жывёліна. Ён жа сілавы генерал, а не балерына.

Я хацеў запытаць, як гэты апокрыф уплывае на неабходнасць затрымліваць нас з Гердай, але вырашыў не вымушаць Цара чакаць. Бо ясна ж было, што гэта яшчэ адна горкая праўда пра кепскіх катоў, ад якіх усё ліха на зямлі. І праз якіх даводзіцца пакутаваць прыстойным людзям і яшчэ больш прыстойным сабачкам.