Выбрать главу

Памагатыя самаўладніка былі зрабілі рух да мяне, але я іх спыніў жэстам.

— Не трэба калупацца ў маіх рэчах. Я сам скажу, што маю за спінай. У заплечніку — трыццаць пяць кілаграм цынку, цёплыя рэчы ды недапітая пляшка віскі. Нічога з гэтага я вам не аддам, бо забіраць патрэбнае для дарогі несправядліва. — Трыццаць пяць кілаграм цынку? У пустках забіваюць за адну батарэйку, — Цар паглядзеў на мяне з недаверам. — Ды сабака. Жывы сабака. Пад чорным небам даўно паелі ўсіх сабак, а ты маеш магчымасць штодня карміць свайго. Сабака патрэбны аднаму майму вельмі важнаму сябру. Які мае вялікія грошы. Я хацеў бы яму падарыць твайго, і калі ты на гэта пагодзішся, я пакіну табе твой цынк. — Сабаку нельга падарыць. Гэта не рэч. Герда аддадзеная мне і ў чужыя рукі не пойдзе, — я казаў проста, не падвышаючы голасу. — Да таго ж вы імкняцеся да справядлівасці і не будзеце рабіць ганьбы.

Цар паківаў галавой, ці то пагаджаючыся з маёй думкай, ці то абдумваючы, што спачатку прыкласці да вуголля ў жароўні: маю далонь, ці маю лабаціну?

— Ты сам завёў пра справядлівасць, — ён развёў рукамі. — Усе багацці ў нашым свеце здабытыя праз злачынствы. — Маё багацце паходзіць з утрымання вялікай бібліятэкі, — спакойна адказаў я. — Якая была здабытая праз злачынствы! — квакнуў ззаду Заяц. — Задоўга да таго, як сцямнела, — я павярнуўся да Зайца ды ўзважыў яго позіркам — так, што ён неяк адразу нават зменшыўся ў памерах. — Маёй працай было ўкладанне прыватных бібліятэк. Да мяне прыходзілі людзі — а маё імя прываблівала больш плацёжаздольных кліентаў, чым я мог прыняць — і прасілі зрабіць ім, да прыкладу, збор першадрукаў нямецкага рамантызму ў арыгінале і перакладах, пераважна рускіх, на 600 тамоў. Ці дапамагчы ўкласці калекцыю кніг па юрыспрудэнцыі для працоўнай рэзідэнцыі канцлера, былога міністра юстыцыі. Пачынаючы ад антычнасці і заканчваючы новым часам. Толькі прозвішчы, назвы прац і самыя прыстойныя рэдакцыі. З улікам таго, што ў тыя часы рэпутацыя ў пэўных колах шмат у чым залежала ад прозвішчаў, якія можна было пабачыць на кніжных шафах, а цаной памылкі (напрыклад, уключэння ў бібліятэку дзяржаўнага ці палітычнага дзеяча томіка Макіявелі), магла стаць пахаваная кар’ера, мае веды вельмі высока ацэньваліся. Звычайна я атрымліваў пятнаццаць адсоткаў ад цаны набытых кніг у якасці ганарару за дапамогу ў фармаванні бібліятэкі. З часам, я пашырыў свой профіль і стаў складаць персанальныя чытанкі пасля сумоўя з чалавекам. Гэта ўжо быў той час, калі людзі сталі меней прыглядацца да кніг, а кнігі ўсё яшчэ лічыліся прыкметай розуму. Праз нейкі час мне стала дастаткова дзесяці хвілін размовы, каб зразумець, якія кнігі чалавек чытаў, якія не прачытае ніколі і за параду якіх будзе вельмі ўдзячны мне. Кніжнікам, здаецца, мяне пачалі клікаць яшчэ тады. — Ну і якая ў нас з Мазаем любімая кніжка? — улез Заяц, выштукоўваючыся перад Царом.

Я зноўку кінуў на яго крытычны позірк, вагаючыся паміж “Міколкам-Паравозам” і “Прыгодамі Арбузіка і Бебешкі”. — Не, сур’ёзна, Кнігар, — звярнуўся да мяне Цар. — Як думаеш, якая кніга любімая ў мяне? — Хутчэй за ўсё — “Байцоўскі клуб” Чака Паланюка, — я пабачыў, як бровы ў Цара ўзляцелі ўверх. — І чыталі вы яго ў знакамітым перакладзе Сяржа Мядзведзева.

Самадзержац змоўк, і я працягнуў:

— Большасць кніг нашай часткі свету загінула тады, калі з’явіліся электронныя чыталкі. Бібліятэкі цэлых кватэр выпраўляліся сюды, да вас, і гніюць недзе за дзесяць метраў пад нашымі нагамі. Тыя, што засталіся, былі спаленыя за першыя месяцы гэтай чорнай зімы. Я захаваў сваю калекцыю і ад першага, і ад другога. Калі людзі зноўку пачалі чытаць, я стаў здаваць кнігі ў арэнду за невялікія грошы. Адсюль маё багацце. І што тычыцца майго паходу. У ноч Зацямнення мая каханая паспела патэлефанаваць мне. Яна была на іншым канцы нашага кантынента. Таму я ўзяў столькі цынку, колькі мог цягнуць з сабой, і вырушыў ёй насустрач.

За спінай было ціха: языкі прыкусілі і Заяц, і Мазай.

— Твая гісторыя — гэта гісторыя годнага чалавека, — з павагай у голасе адгукнуўся Цар. — Я паважаю цябе і выбачаюся за тое, што мы зашкодзілі тваёй пілігрымцы.