Выбрать главу

Ён памаўчаў, разважаючы над нечым. Потым прапанаваў — іранічным тонам, каб перадухіліць няёмкасць перад прысутнымі, калі я адмоўлю:

— А ці не не пагодзішся ты застацца з намі, каб дапамагчы разабраць тыя папяровыя скарбы, што мы падымаем са штольняў? У нас не стае часу прачытваць усю літаратуру, бракуе адмыслоўца, які мог бы параіць, што адразу прадаваць, а што прачытаць папярэдне. — Я мушу ісці. Я і так згубіў багата часу, — ветліва пакланіўся я. — І што ты, чалавек які прачытаў мільён кніг, скажаш пра тое, што здарылася са светам? Ці ты сустракаў недзе на старонках уцямны адказ? — пацікавіўся Цар. — У мяне быў сябра. Ён быў немцам і вучоным. Ён заўсёды даказваў мне, што любую рэч можна растлумачыць навукай. А я з ім спрачаўся і цытаваў фрагмент з адной прыгожай кніжкі былых часоў. Зараз гэты сябра пайшоў з жыцця. А перад гэтым расчараваўся. І болей няма нікога, здольнага даказваць мне, што ў цёмных нябёсаў ёсць лагічнае вытлумачэнне. — А што там быў за фрагмент? Як ты з ім спрачаўся? — падаўся наперад Цар. — Я прачытаю на памяць, — мне было прыемна адзначаць, які эфект займела прапанова. Зараз цытаванне завучаных тэкстаў — рэдкая здольнасць. — Вось ён: “Яны ад пачатку ўсё зблыталі. Прычым цалкам свядома. Яны прыдумалі самаабмежаванне і падпарадкавалі яму ўсё. А затым пераадоленне гэтага самаабмежавання зрабілі сэнсам свайго жыцця. На маю думку, гэта быў цалкам ірацыянальны шлях. Ну, да прыкладу. Для прасторы яны прыдумалі адлегласць – усякія далёкія шляхі і светлавыя гады. Хоць у сведчаннях іх старажытных продкаў вы не знойдзеце ніякіх праблемаў з перамяшчэннем у прасторы. Выправіўся кудысьці за трыдзевяць зямель і дастаўся да месца. Ніякага пераадолення, ніякіх намаганняў, ніякай стомы. Яны паверылі, што адлегласць трэба пераадольваць. І каб гэта ўсё не здавалася абсурдам, прыдумалі гравітацыю. Каб ужо зусім цяжка было рухацца”.

Запанавала цішыня. Я чакаў, калі мне прапануюць ісці ды пажадаюць добрай дарогі. А Цар, выглядала, чапляўся за нашу камунікацыю. Магчыма, вагаўся ў няпростым рашэнні, якое мусіў прыняць. Тут дыванок за ягонай спінай адхіліўся ды жаночы голас добра чутным шэптам спытаўся: “Саш, ну як? Доўга яшчэ?” Гаспадар зрабіў рэзкі рух рукой з адтапыраным пальцам сабе за спіну, і жанчына знікла ў цемры.

— Я некалі геафак БДУ скончыў, — сказаў Цар зусім іншай інтанацыяй, кінуўшы хуткі позірк на падначаленых. Як быццам разважаў, ці не прагнаць Мазая і Зайца з пакояў, пакуль ідзе даверлівая гутарка. — Памятаеш, як у “Недараслі” Фанвізіна памешчыца Прастакова пра геаграфію казала? “Навука рамізніцкая”. Бо хто яшчэ, апрача возчыкаў, мог цікавіцца, дзе Пецярбург у дачыненні да Масквы знаходзіцца? І вось зараз для вачэй былога географа цікавы час: спазнаны свет зноўку робіцца непазнавальным. Узнавіліся недасяжныя адлегласці. Адсюль прэ ўсялякая дурасць. Прачытаў нядаўна ў газеце. Як там было напісана? Брытанскія вучоныя ідуць да краю Зямлі. І ўжо нават дайшлі нібыта. Лазяць па ім. Па краі. І гэта не проста дурасць. Не проста падман. Гэта сервіроўка. Прычым, рабіў яе не вельмі дасведчаны кухар. Нехта хоча прымусіць нас паверыць у тое, што Зямля плоская. — І што па ёй гойсаюць неўры, скіфы, казлакапытыя, — дадаў я ў тон яму. — Не, пра неўраў я нічога не скажу, у нас патрулі такое, бывае, бачылі… Я не пра тое. А што нам сервіруюць плоскую Зямлю пад гэткім сярэднявечным соўсам. Маўляў, усё, што мы думалі, што ведаем пра космас, — фэйк. Сузор’і былі проста намаляваныя на небасхіле, а касмічная праграма, пачынаючы з Гагарына, рабілася на “Масфільме” і ў Галівудзе. А вось сярэднявечныя людзі — яны не памыляліся! Тры сланы, чарапаха, кіт! Скіфы, амазонкі, горы па краі, каб вада з нябеснай плашчыні не сцякала. Але той, хто гэта сервіраваў, не ведае, што ў сярэднявеччы людзі былі выдатна абазнаныя пра тое, што Зямля ёсць шарам. Бо манахі чыталі антычных філосафаў і астраномаў. Бо яшчэ Арыстоцель па зямным ценю на Месяцы давёў тэзу Піфагора пра зямную скружанасць. А міф пра плоскую Зямлю, разам з карцінкай з трыма сланамі і чарапахай узнік як успамін пра Сярэднявечча. У дзевятнаццатым стагоддзі. Калі, на тле дасягненняў рацыянальнага стагоддзя, узнікла патрэба зачарніць старыя часы цемрашальствам. Любы географ у курсах. Але гэты свет сервіруе не географ.

Цар перабраў скарбы, што ляжалі перад ім. Паглядзеў на мяне, на Герду, пазакручваў сабе кліночак бародкі спачатку ў адзін бок, потым у другі. Нарэшце вымавіў, з інтанацыяй судовага выраку:

— Мазай праводзіць цябе да дарогі на поўдзень. Ты ідзеш на былы Слуцк? — Я трымаю курс на Гомель, — радасна паправіў яго я. — Проста блукануў трохі, калі паварочваў з кальцавой. Зараз забяру направа. — Трымайся падалей ад шырокіх дарог, — параіў Цар. — Я адпускаю, неўры — не адпусцяць. Пойдзеш пакуль па занядбанай Слуцкай шашы. За адно сненне адсюль знойдзеш вялікую ферму. Яе цяжка прапусціць, стаіць проста пры дарозе. — За адно сненне? — перапытаў я. — Мы так пазначаем адлегласці. Адно сненне — калі на прамежку шляху трэба адзін раз застацца на грунтоўны адпачынак. Сем сненняў — гэта збольшага былы тыдзень. Хаця, канечне, залежыць ад вынослівасці ды кроказдольнасці таго, хто ідзе.