Выбрать главу

Я адзначыў пра сябе разумнасць такога вымярэння прасторы.

— Пасля фермы павернеш налева ды праз Садкі Рыбароў, праз Вытоку Змушанасці, выйдзеш да Пасёлку Слодычаў. Цукерні там вырабляюць большасць прысмакаў нашага свету. Ад фермы туды ісці толькі два сненні. На шляху ёсць карчма “У Ляйбы” і заезны двор “Пшымыслаў”, яго трымаюць тры палякі. Пасёлак Слодычаў стаіць ужо фактычна пры былым Гомельскім кірунку, там табе дапамогуць з далейшай арыентацыяй. — Дзякуй шчыры! — я пакланіўся.

Цар апусціў вочы долу — магчыма, не хацеў глядзець у мае, абдумваючы тое, што збіраўся сказаць. А можа быць, проста не прызвычаіўся некага пра нешта прасіць і таму пачуваўся няёмка.

— Але хацеў запытаць пра адну паслугу. Там, на ферме, жыве адзін мой добры сябра. Ён там валадар. Магчыма, самы багаты чалавек з жывых сёння. Яго людзі разводзяць свіней, гадуюць коняў на продаж. Ён паходзіць з братэрства “Аўтаз”. Гара ад яго па-ранейшаму шмат у чым залежыць. Клічуць брат Ягорый. Перадай яму, калі ласка, ад мяне падарунак. На знак глыбокай павагі.

Ён узяў са століка нож у скураных ножнах і працягнуў мне. Цяжкае дзяржальна, зробленае з эбанітавых і касцяных пласцін, складанае цісненне па скуры, узбагачанае срэбнай ніткай. Я расшпіліў гузік, агаліў лязо. Нічога адметнага. Пачатак дваццатага стагоддзя. Шараватая, неахайна адпаліраваная сталь. Паляўнічае прыстасаванне настаўнікаў гімназіі. На царскі падарунак не цягне. Але часам цары дораць не рэчы, а мэсыджы. Мабыць, я вагаўся даўжэй, чым ад мяне чакалі, бо Цар палічыў неабходным дадаць:

— Я б паслаў Мазая ці каго з ягоных зайцаў. Але брат Ягорый іх не любіць за дуракаватасць. — Чаго й та? — паспрабаваў уступіць у дыскусію Мазай, але самаўладнік пранікліва зыркнуў на яго, і барадач прымоўк. — А, каб усё было па справядлівасці, — тут ён зрабіў вялікую паўзу, а я ў той момант не змог зразумець, пра якую “справядлівасць” ён кажа і чаму апелюе да яе зараз, — дык вось, для справядлівасці і раўнавагі, я хацеў бы падарыць табе капыт. Бо без капыта ў цябе ў пустках наогул ніякіх шанцаў.

Перад ім ляжала раскошная на выгляд дубальтоўка: з рулямі адна пад другой, з інкрустацыяй па цаўі ды шчоках прыклада. Ён падняў яе са століка, падкінуў высока ў паветра ды злавіў за шыйку прыклада.

— Хутчэй за ўсё, на гэтым капыце кроў, інакш бы яго не скінулі на сметніцу. Бачыш, які лёгкі? Сапраўдны твор мастацтва. Не вельмі стары, дарма, што ўпрыгожаны золатам. Васьмідзясятыя гады дваццатага стагоддзя. Іжэўскі завод, лімітаваная серыя.

Ён нечакана кінуў ружжо мне, і яно ледзь не грымнулася на падлогу — я паспеў падхапіць яго ў апошні момант. Узяў дубальтоўку левай далонню пад цаўё, правую паклаў на ложа: даўжыня была ідэальная. Па каробцы ішла выява: срэбны стрыжань палыну пераплёўся з залатой галінкай явару, усё гэта — на тле намаразі ў форме вастракутных яваравых лістоў.

— Прыгожы… механізм. — не ўтрымаўся я. Думкі пра тое, каб зноўку адмовіцца ад зброі, не ўзнікла. Я надта добра памятаў смак страху ў роце, калі навакол чэрнь, сэрца сцінае вусціш, а з сродкаў абароны — хіба зубы Гердачкі. — Мазай дасць табе тры скрыначкі васьміміліметровай карцечы ды балістолу, — распарадзіўся Цар, — з дваццаці метраў праб’еш башку нават тыраназаўру. Адно што зважай: аддача лютая.

Я зноўку пакланіўся і стаў выцягваць Герду прэч з пакояў самадзержца. Той праводзіў нас спачувальным позіркам. Калі мы былі ўжо пры дзвярах, дыванок за ягонай спінай адхіліўся, ды той самы добра чутны дзявочы шэпт з цемры спытаўся: “Саш, ну ўсё? Скончылі вы?”

Падсвечаныя паходнямі калідоры і тунэлі, па якіх мы вярталіся на дарогу, выглядалі палеанталагічна. Дарма, што былі прабітыя ў самых новых акамянеласцях, створаных не Зямлёй, а чалавекам з адкідаў уласнай дзейнасці.

Мазай на развітанне нечакана выгукнуў: “Ну давай, парань!” і палез абдымацца. Сентыментальныя людзі гэтыя зламыснікі. Пыса ў Герды была амаль ухвальная: па выніках спробы рабавання мы прыдбалі неблагі капыт.

Раздзел трэці

Пасля добра прагрэтых Царовых палатаў вулічнае каля-нуля непрыемна аблізвала холадам ікры ног, забіралася за каўнер ды пакусвала пальцы. Нягледзячы на папярэджанне, мы пацягнуліся далей па дарозе. У якасці перасцярогі я скіраваў налобнік проста сабе пад ногі — так, каб ягоны струмень не расцягваўся на шмат метраў. Мне падавалася, што так нас горш бачна з адлегласці. Як арыентавацца ў абсалютнай цемры, не маючы поруч белай стужкі дарожнай разметкі, я проста не разумеў.