Выбрать главу

Мы паспелі зрабіць два прывалы да таго моманту, калі, забраўшыся на ўзгорак, я пабачыў россып светлавых кропак, застылых у цемры нізіны наперадзе. Гара была ўжо вельмі далёка, дапамогі ў выпадку чаго чакаць не было адкуль. Я памятаю, што Герда ў той момант выразна і вельмі жаласліва скавытнула.

Я выключыў налобнік і, спатыкаючыся, пачаў асцярожна прасоўвацца ў кірунку збляднелага сузор’я. Зорачак у ім я налічыў пяць, тры аднолькавых памераў ды дзве большыя, разнесеныя па баках. Сузор’е блішчэла значна слабей за стандартны налобны ліхтарык, нагадваючы хутчэй балотныя агні ці памерлых велізарных светлякоў. Дарога ў гэтым месцы ішла праз лясок, што падціскаўся блізка да праезнай часткі. Там, за дрэвамі, магло хавацца немаведама што, але агні нібыта застылі менавіта на асфальце.

Калі крадзешся праз абсалютную чарнату, трымаючы вочы на нерухомых светлавых плямах, пачынае мроіцца, што агні варушацца. Я некалькі разоў спыняўся — заміралі і светлавыя водбліскі. Нарэшце я прысеў, павольна зняў заплечнік, расшпіліў бакавую кішэню і дастаў скрыначку з патронамі. Разарваў, рассыпаў прыпас сабе пад ногі, вылаяўся, навобмацак сабраў патроны. Паслізгаў далонню па дубальтоўцы, спрабуючы ў прыцемках зразумець, як адчыніць патроннік. Рычаг механізма быў зверху, засцерагальнік — на абводзе спускавога кручка. Уставіў карцеч у ствалы, схаваў астатнія патроны ў пляцак, шчоўкнуў засцерагальнікам. Шапнуў Гердзе сядзець пры заплечніку, тая не стала спрачацца. Пачаў павольна набліжацца — да плямаў заставалася метраў дзвесце.

Ружжо трымаў перад сабой, углядаючыся ў зоры. Яны, здаецца, усё ж не варушыліся. Палец на гашэтцы. Навокал, як заўсёды, панавала ціша — ні гукаў, ні ветрыку. Тут мая нага правалілася ў яміну на ўзбочыне, руля дрыганулася ўніз, адзін са спускаў паддаўся ды зброя выплюнула полымя. Адразу ж хлопнула па вушах, пасля стрэлу ў іх застаўся звон. Карцеч высекла піратэхнічныя іскры з асфальту за дзесяць крокаў ад мяне, адрыкашэціла ды пайшла высока ўгару. Зорачкі не варухнуліся — гэта было ці то нешта нежывое, ці то нешта ну зусім не пужлівае. Я пераламаў ствол, вылузаў гарачую гільзу, потым падняў рулю ў неба, паклаў палец на абводку спуску: бяспецы ўтрымання зброі давялося вучыцца на ўласнай нягегласці.

Яшчэ некалькі крокаў. У водблісках найбліжэйшай светлавой плямкі выразна праступіў контур чалавечага твару. Я клыпнуў засцерагальнікам, закінуў ружжо на плячо ды пабег да месца. Спатыкнуўся, ледзь не ўпаў — пад нагамі зарыпела нешта металічнае, нага захрасла ў падабенстве мяккага дроту. Я запаліў святло. Гэта быў ровар. Я дастаў ступню з пасткі веласіпедных спіц. Гаспадар ляжаў за некалькі метраў наперадзе. Тры ярчэйшыя кропкі — налобныя ліхтары. Дзве большыя плямы — светлавыя адбіткі снапкоў у чорным снезе. Батарэйкі ліхтароў амаль скарысталі рэсурс, значыць, ляжаць яны тут ужо доўга.

Адзін раварыст памёр, лежачы на спіне, галава павернутая да гары, яго налобнік не даваў адбітку. Таму зорачак было пяць, а не шэсць. Снег чорны, а чаму ён чорны? Крыві было шмат, яна замерзла лужынамі на асфальце, пафарбаваўшы чорным і лёд і снег узбочыны. Святло бегала па застылых пальцах, вывернутых лытках, збялелых пятках, раскрытых у немым крыку ратах. З іх сцягнулі абутак. Дзіўна, што не забралі налобнікі дзеля цынку, што можна дастаць з іх. Другі веласіпедыст памёр проста пры сваім ровары — відаць, яго атакавалі, калі ён спыніўся і ўглядаўся ў цемру, каб зразумець, што здарылася з першым. Акуратны, па-хірургічнаму роўны, надрэз. Ад вуха да цэнтра горла. Шмат крыві. Звер так не задзярэ. Тут патрэбная сталь, а не кіпцюры. Трэці спрабаваў абараняцца. У ровара сагнутыя колы — выглядае, ён адбіваўся, трымаючы веласіпед за раму. Ровар — нязручная зброя. Занадта нязграбная для таго, каб ударыць нападніка як след, пры гэтым цяжкая нават для таго, хто абараняецца. Гэтага парэзалі моцна. Некалькі счарнелых ран на спіне, набрынялая крывёю вопратка на грудзях і жываце.

Калі мы знаёміліся, я не здолеў разглядзець іх твары. Усе трое для мяне былі энергічнымі, вясёлымі галасамі з цемры. Зараз я ўзіраўся ў рысы людзей, над якімі нядаўна нязлосна пацяшаўся. Маладжавыя, нягледзячы на пасівелыя скроні. Гладка паголеныя. Крыху наіўныя. Кроў падфарбавала іхныя вусны барвовым. Хто з іх прапанаваў мне фалафель? Хто з іх пытаўся, як завуць Герду? Каму я так і не адказаў, ці можна яе пагладзіць?