Выбрать главу

“Не сумуй, чалавек з сабакам. Ты не адзін на гэтай дарозе”. Цяпер адзін.

Усё, што было далей, я рабіў не вельмі ўсвядомлена. Сцягнуў целы на ўзбочыну. Сабраў ускрытыя ды выпатрашаныя заплечнікі ды роварныя торбы, паклаў побач з гаспадарамі. З іх вытраслі ўсё, скруцілі нават люмінафор з рамаў.

Заглыбіўся ў лес, набраў ссохлай драўніны і расклаў вялікае развітальнае вогнішча. Паклаў ровары наверх. Вагаўся, ці не вярнуць ім тэрмас, у якім яны перадавалі мне гарбату, ды вырашыў, што падарункі памерлым не вяртаюць. Герда ўвесь гэты час сядзела пры дарозе ды моўчкі назірала. Выкрасіў іскры на бяросту — тая хутка занялася, полымя перакінулася на галіны сухастою і неўзабаве навокал зрабілася вельмі светла. Вырыць глыбокую яміну ў прамёрзлай зямлі я б не здолеў нават з дапамогай сваёй карлікавай сякеркі. Таму гэта было адзіным спосабам праводзіць маіх знаёмых па-людску.

Зрабілася светла, як быццам сонца наведала лясок на развітанне. Я прысеў адцерці снегам кроў з пальцаў. І пабачыў тое, на што раней не звярнуў увагі. Уся ўзбочына, таксама, як і снег дарожнага адхону, што звязваў каляіну з лесам, былі шчодра ўсыпаныя слядамі.

Выцягнутыя парныя кропелькі, вострыя наверсе ды скругленыя да нізу. Парныя адбіткі болей за ўсё нагадвалі Гердзіны вушы ў той момант, калі тая напружана прыслухоўвалася да чагосьці. Выраз “казлакапытыя” ўдарыў у галаву неяк сам сабой, без усялякага жадання асэнсаваць пабачанае. Некалькі ланцужкоў слядоў вялі за дрэвы, іншыя цягнуліся ўздоўж дарогі. Шмат у якіх унутры чырвоная абводка — так, быццам капыты былі запэцканыя свежай крывёй. Я ўявіў сабе істот, ногі якіх маглі пакідаць такія парныя востранькія сляды, а рукі — вось так хірургічна ўскрываць горла, і мне зрабілася вельмі некамфортна ля яркага полымя. На колькі кіламетраў распасціралася засветка ад яго? Ці паспею я скарыстацца стрэльбай перад тым, як выпатрашаць і мяне? Каго чакаць, нарэшце? Якога яны росту, тыя нападнікі? З казла ці з чалавека?

Пачакаўшы, пакуль полымя сцішыцца, я сышоў з дарогі ў лес ды павалокся па снезе. Болей ніякіх магістраляў. Налобнік — толькі ў крайнім выпадку, калі без яго — ніяк. Пра тое, што я забыўся на свой заплечнік, згадаў толькі тады, калі вырашыў глытнуць віскі за супакой іхных душаў.

Давялося далекавата вяртацца, і сам паварот выклікаў цень думкі пра блаславёнасць жыцця ў вольнай муніцыпаліі. Зараз была хіба апошняя магчымасць для бюргерскага шчасця там. Паспеў пабачыць, якія небяспекі абяцае прагулка. Цэнтральныя полісы замярзаюць насмерць, а за гадзіны пешшу ад іх стаяць некранутыя, няссечаныя лясы, з якіх можна не вярнуцца. Парадак, што ўсталяваўся ў былым горадзе-героі Мінску, выкшталтаваўся з сотняў вось такіх смярцей. І ці не дарэмна я кідаю выклік гэтаму парадку? Ад гэтай кропкі магчымы шлях — толькі наперад. Калі праз тузін сненняў я зразумею марнасць сваёй “пілігрымкі”, вярнуцца будзе ўжо няможна. Убер з пустак не выклічаш.

Я каўтнуў віскі з рыльца — на ўспамін сяброў і за рашэнне ісці далей. Некалі самы танны з даступных у крамах купажаваных шатландцаў, Teacher’s, расцвіў на языку смакам старога добрага свету. Хваля цяпла дастала ажно кончыкаў пальцаў.

Гердачка чорным ценем цягнулася побач. Вочы хутка паабвыкліся — тут было болей снегу, і праз гэта лепей была бачная страла дарогі, уздоўж якой трэба было трымацца. За сто метраў ад шашы на шарпаку ды ў снежнай прысыпцы, якой быў прыпраўлены лес, была пратаптаная сапраўдная магістраль. Я на імгненне запаліў ліхтар ды пабачыў сотні адбіткаў: людскія чаравікі, боты, красоўкі, конскія падковы, што выдзіралі снег ажно да дзёрну, кабаны, на асобнай дарожцы якіх трапляліся масіўныя раскопы — вепрукі шукалі ежу, здзіраючы лычамі слой зямлі. Выглядала, што дарогамі карысталіся самыя непужаныя дурні.

Мне падавалася, што пасля перажытага шоку я здолею дайсці да пажаданай фермы без адпачынку і “снення”, але дарога з цяжкай ношай спачатку супакойвае, пазбаўляе трывожных думак і ўвогуле думак, а потым павольна выцягвае ўсе жылы, высмоктвае апошнюю энергію. Так што, наколькі б напружаны ці спужаны ты ні быў, колькі б твая кроў не ўскіпала ад адрэналіну, праз трыццаць, сорак кіламетраў абавязкова пачнеш чапляцца заплечнікам за дрэвы, спатыкацца ўсё часцей ды нарэшце павалішся і будзеш гатовы спаць проста на снезе. Закінутых мікрараёнаў на маім шляху болей не траплялася, спрабаваць намацаць іншы населены пункт па мапе, не ведаючы месцазнаходжання, было дурасцю, таму як толькі пасярод заснежанага поля я пабачыў самотную адрыну, адразу збочыў да яе. Без спадзеву дайсці да чаго-небудзь лепшага.