Як заўсёды пасля гарачай сытнай ежы, настрой рэзка пайшоў угару, а жаданне ісці некуды, наадварот, наблізілася да нуля. Праз ляноту я ледзь перастаўляў ногі, і наступныя сорак кіламетраў у маёй галаве круціліся розныя — вядома, самыя дасціпныя — варыянты выкарыстання дробных чорных істотаў з чатырма лапамі ды хвастом для пераносу моцна наетага чалавека. Герда мой настрой адчувала і трымалася падалей. І толькі разлітая па целе лянота не дазволіла мне прадметна заняцца яе закілзваннем.
Паблізу ад фермы мінакі пачалі трапляцца часцей. Я болей не дзівачыў і, пабачыўшы постаць, дысцыплінавана забіраў убок, каб не правакаваць сутычку. Ферма з’явілася з-за павароту без папярэджання: пастаўленая проста пры дарозе, яна з усіх бакоў была аточаная лесам. Над гаспадарчымі прыбудовамі дамінавала цяжкая цагляная фартэцыя, выкананая ў варварскім раманскім стылі, распаўсюджаным у дзевяностыя гады мінулага стагоддзя, калі гэтай часткай сушы запраўлялі варвары, прыязныя да раманскіх аздобаў.
Круглая вежа з акенцамі-байніцамі, у кожным гарыць святло — прыкмета сапраўднай заможнасці гаспадароў. Тэрыторыя была асветленая жоўтымі ліхтарамі — гэта не было падобна ні да люмінафору, ні да святладыёду, я ніколі раней не бачыў такой крыніцы святла. Ля дома быў вершнік — на кані ён трымаўся настолькі ўпэўнена, што нагадваў кентаўра. Што цікава, вакол прыбудоваў і побач з лесам не было ні капітальнага плоту, ні нават невялічкай агароджы. Выглядала, што аўтарытэт гаспадара гэтых мясцінаў быў настолькі высокі, што ніхто нават думаць не мог, каб зайсці на тэрыторыю ды скрасці нешта. Тут не баяліся ні неўраў, ні бандытаў.
Падышоўшы бліжэй, я зразумеў, што некалі гэты дамок быў нечым кшталту прыдарожнай харчэўні з матэлем. Хлявы і стайні, зробленыя з бярвення і дошак, з’явіліся тут пазней. Я ўзяў Герду за ашыйнік, паправіў заплечнік і дубальтоўку на спіне ды скіраваўся да невялічкага загончыка пры ўваходзе ў адзін з хлявоў. На габляванай сасне, што ўтварала парэнчы, сядзеў грузны лысы мужчына ў расшпіленай кацавейцы. Пад ватнікам бачная была цяльняшка. Час ад часу ля твару мужчыны загаралася чырвоная кропачка, і пасля гэтага ягоную фігуру ахутвала воблака тумана. Яшчэ тут муляў рэзкі пах. Нешта з мінулага. Там, у загінулым свеце, ён сустракаўся настолькі ж часта, як і паганы віскі Teacher’s. А тут і цяпер гэты пах знік.
Лысы ляніва падняў руку да вуснаў і прыняў ад твару цыгарэту. Збіў попел. Зноўку зацягнуўся. Ён паліў тытунь. Цыгарэтка была бялявая, з жоўтым фільтрам. Гэтая старадаўняя забаўка каштавала, мабыць, усяго таго цынку, што ў мяне быў з сабой. На Грушаўцы апалкі прадаваліся спачатку вёдрамі, потым паштучна, потым — па міліметрах да фільтра, потым яны зніклі зусім.
— Добрай ночы, — сказаў я, набліжаючыся. — Не так часта пабачыш чалавека за такім каштоўным хобі.
Лысы ўперыўся ў Герду, а потым падняў галаву на мяне, відавочна не разумеючы, пра што я кажу. Я кіўнуў на агеньчык у ягонай руцэ.
— А. Ты пра гэта, — ён зацягнуўся. — Няма нічога лепей у свеце за першую зацяжку тытуню, — ён пацягнуўся. — Люблю ўсмактаць дымку, калі прачнуся. Нават да кавы яшчэ.
Так я зразумеў, што гэты чалавек п’е каву, магчыма, па кожным сваім прачынанні.
— Хочаш? — ён выцягнуў са штаноў поўны пачак “Кэмэлу” ды працягнуў мне.
Ніколі да гэтага я не адмаўляўся ад настолькі дарагой прапановы.
— Пазнавата вы прачынаецеся, — я скінуў заплечнік на зямлю ды прысеў на агароджу загона ля яго. — Я паспеў ужо сорак кіламетраў прапаўзці. — Рассінхрон, — усміхнуўся лысы. — Ідзеш, бадай, здалёк. У нас світанак. Тут толькі пеўні адспявалі. — Я з Грушаўкі, — кіўнуў я. — У нас быў бы падвячорак. Хаця халера ведае, гадзінніка не маю, спаў без будзільніка на шляху.
Лысы працягваў углядацца ў Герду. Яна адчула ягоную цікаўнасць да сябе ды прыткнулася да маёй нагі, маўляў, дзяўчына занятая, нічога не выйдзе.
— Ты таксама пры кучаравым хобі. Кабель ці сука? — ён кіўнуў на сабулю. — Дзяўчынка,— далікатна пазначыў я пол сваёй сяброўкі. — Як завуць? — Герда.
Мужчына прымружыўся ды глыбока зацягнуўся.
— Прадасі? — спытаў ён, выдыхаючы дым. — Не, што вы! — А калі шмат прапаную? — ён зноўку ўвабраў у лёгкія дым. — Дык сабаку нельга прадаць, — я думаў, што кажу відавочнае. — Яна аддадзеная гаспадару. Яна не зможа жыць з іншым. — Хлапчуком яшчэ марыў я, — лысы ўкруціў цыгарэту ў паўнюткую попельніцу, прыкручаную да парэнчаў. Відаць, любіў ён тут курнуць. — І спачатку бацькі не дазвалялі. Яны катоўнікамі былі. Кацістымі. А потым лёс склаўся так. Доўга адсутнічаў на волі. Трымаў дарогу роўна. Мяне ціснулі, я ціснуў. Не здолеў бы апекавацца сабакам. А зараз іх паелі ўсіх. А каго не паелі — тыя самі ядуць, на людзей кідаюцца. Жарабца здолеў знайсці, шчэнных не засталося. Прыносілі мне ваўчанят — яны людзей не прымаюць. Сабака патрэбны. Нармальны, хатні сабака.