Выбрать главу

Жоўты ліхтар на куце загону даваў роўны водбліск на аблічча лысага. Нос бульбінай, мясістыя вушы, рухомыя, нервовыя вусны — спачатку ён пажоўваў фільтр цыгарэты, потым пачаў пакусваць ніжнюю губу. Цікава, што пры такім неспакойным роце, вочы ягоныя глядзелі цяжка, як бы забіваючы суразмоўцу ў зямлю. Ён быў падобны да злога Буды, гэты дзядзька.

Я прыгледзеўся да незвычайнага ліхтара: крыніцай святла ў ім быў няроўны празрысты камень памерам з кулак, прывязаны да драўлянай распоркі. Камень меў няроўную фактуру, у ім трапляліся ярчэйшыя зярняткі, цямнейшыя жылкі, рудаватыя і залацістыя слаі. Ягонае тленне было адносна роўным, падобным да фосфарнага, але значна ярчэйшым. У такім святле можна было б чытаць.

— Ніколі не бачыў такога вялікага? — спытаў лысы. — Я першы раз сутыкаюся з нечым падобным. Што гэта? — Слёзы Геліядаў, — лысы дастаў з кішэні маленечкі тэрмакубак для эспрэса, адвінціў накрыўку — там зіхацела некалькі вугельчыкаў. Ён падпаліў ад іх цыгарэту ды прыбраў сваю “запальнічку”. — Слёзы Геліядаў, — паўтарыў ён зноўку з пэўным сарказмам у голасе. — Насамрэч проста бурштын. — А чаму ён свеціцца? — Таму што, як кажуць дылеры, ён здабыты ў рацэ Эрыдан. Балтыйскі бурштын не свеціцца, мы з братамі правяралі. Толькі той, што з Эрыдана. Бо толькі ён — “слёзы Геліядаў“, — лысы прамаўляў без энтузіязму ды даволі блытана. — Эрыдан — звычайная рэчка, ідзе за Горадам Святла. Шырокая. Я не памятаю, як яе раней звалі. Дняпро? Ці, можа, Прыпяць? А можа, Дзвіна? Каму гэта зараз цікава? Зараз яе называюць “нябеснай плынню”. “Нябеснай”, — лысы хмыкнуў. — Я думаю, гэта для таго каб задраць на бурштын цану вышэй за аблокі. Але бурштынавыя дылеры кажуць, што яе так празвалі за тое, што калі бурштын у таўшчыні вады пачаў свяціцца, а здарылася гэта зусім нядаўна — ты ж бачыш, гэтая забаўка нават да Грушаўкі пакуль не дабралася — дык вось, у гэты момант людзі падумалі, што ў рацэ адбіваюцца зоры.

Я паглядзеў у зацягнутую срабрыста-чорнымі аблокамі вышыню ды здзівіўся:

— А як зоры, якіх не бачна на небе, могуць адбівацца ў рацэ? — Гэта ты ў бурштынавых дылераў спытай, — хмыкнуў лысы. — Адно што, калі будзеш таргавацца, дык пераканайся, што бярэш фарт, а не лажу. Нам тут нядаўна прадалі каменьчык, а ім унутры жоўты дыёдны ліхтарык быў схаваны. Дык замахаліся за гэтым фраерам бегаць, а потым яму гэты кавалак шкла піхаць у… — А вы не ведаеце, як мне знайсці брата Ягорыя? — я перарваў лысага, каб не слухаць, куды дакладна быў запханы фальшывы бурштын.

Лысы глыбока зацягнуўся, і я звярнуў увагу, што над адным з пярсцёнкаў, вытатуіраваных на ягоных пальцах, прысутнічае невялічкая карона.

— Дык гэта я і ёсць, — усміхнуўся ён. — Мяне да вас Цар Гары накіраваў, — я саскочыў з парэнчы ды расшпіліў заплечнік, каб дастаць адтуль падарунак. — А, Сашка, — лысы махнуў рукой, маўляў, які ён Цар — так, дзіцяня пры пясочніцы.

Я працягнуў брату Ягорыю нож у скураных похвах ды зноўку прымасціўся побач на жэрдачцы.

— Ён сказаў перадаць вам гэта. Падарунак.

Лысы насупіўся, расшпіліў ножны, агаліў клінок, пачаў уважліва яго разглядаць. Тут, побач з велізарным домам лысага, шэрая шурпатая сталь выглядала асабліва нягеглай. На твары ўладальніка фермы адбілася — не, не расчараванне, але засяроджанасць. Ён круціў паляўнічы ножык і так, і гэтак.

— І што гэта значыць? — неўзабаве запытаў брат Ягорый. — Як гэта разумець? Сашка, можа, што на словах перадаваў? — Я думаю, з яго боку гэта было кшталту прывітання. Гэткае “намастэ, аміга”! Пацверджанне таго, што ён вас шануе. “На знак глыбокай павагі”, – ён сказаў. Ён проста папрасіў мяне завітаць на ферму ды пакінуць гэты падарунак брату Ягорыю. З вялікай пашанай пра вас адгукаўся.

Позірк лысага спыніўся на сабулі. Гердачка яшчэ мацней заціснулася за маю нагу, спрабуючы зліцца з сутоннем і не адсвечваць.

— А, зразумеў, — сказаў брат Ягорый нарэшце. Ён нядбайна кінуў ножык сабе ў кішэню. — Ну то ў якасці адваротнай паслугі маю цябе запрасіць сёння ў нас пераночыць. З нас — панскі пачастунак ды, калі захочаце, конны шпацыр у краіну туманаў.

Я не чуў, што ён казаў. Мой позірк утаропіўся ў гліну пад нашымі нагамі. На ўнутраную паверхню загончыка, на агароджы якога мы сядзелі. Уся яна была ад кута да кута пакрытая добра бачнымі востранькімі слядкамі — падвойныя, востранькія зверху, закругленыя ўнізе.