— Што такое? Чорта пабачыў? — лысы ўжо нейкі час нешта казаў мне ў твар. — Што з табой? — Там у вас. Сляды. Што гэта за сляды? Вы што, казлакапытых тут гадуеце? — мне вельмі хацелася зняць з пляча стрэльбу, каб проста трымаць яе ў руках, на ўсялякі выпадак. Але гэта было бессэнсоўна — патронаў у ёй не было.
Брат Ягорый паглядзеў на адбіткі на зямлі пад парэнчамі ды пашчоўкаў пальцамі перад маімі вачамі.
— Якія казлакапытыя? Ты крануўся? Свіння тут хадзіла. Бо вось там — ён паказаў на ўваход у ферму. — Хлеў. Мы свіней выпускаем пагуляць на свежым паветры. Ты свінню хоць бачыў, хлопча?
У тым, што ён казаў, быў сэнс. Але апрача свіней у сваім жыцці я бачыў яшчэ парэзаных людзей. Месца, дзе яны загінулі, было ўсё затаптанае гэткімі ж слядамі. Выцягнутыя, востранькія. Бы вушкі ў Герды, калі яна пільна да чагосьці прыслухоўваецца.
— Даруйце, але мушу ісці, — каротка сказаў я ды саскочыў з парэнчаў. Падсеў пад лямкі заплечніка, устаў, абапіраючыся на жэрдку. — Сам не хочаш адпачыць — пашкадуй сабаку. Сучцы трэба пад’есці, загоніш — памрэ. — Нічога, яна ў мяне трэніраваная. Мы здолеем дайсці да карчмы. “У Ляйбы”, здаецца. Тут жа яшчэ толькі ранак. Пеўні ледзь праспявалі, вы казалі. Спаць удзень шкодна для Гердзінай поўсці. З яе знікае бляск.
Я азіраўся, каб зразумець, з якога боку я падышоў і куды вырушаць далей. Позірк брата Ягорыя зрабіўся яшчэ больш цяжкім, рухавыя вусны сцяліся, нібы ён вось-вось прыме нейкае нялюдскае рашэнне. Але ён зірнуў на Гердачку, якой перадаўся мой неспакой, ды ў галаву гаспадару фермы заскочыла іншая думка. Рысы твару палагаднелі.
— Карчма Ляйбы стаіць пры дарозе, высокі плот з паходнямі, не прамінеш. Да яе ўсе сцежкі прастуюць. Кіламетраў трыццаць да яе. — Бывайце! — я крочыў назад, тварам да яго, трымаючы руку на прыкладзе. Але той паводзіў сябе мірна. Дастаў яшчэ цыгарэту.
— Беражы сучку! — параіў мне лысы. Ды дадаў, гледзячы ўбок: — Нават ежы не набыў. Так, бядак, спяшаецца.
Адышоўшы на адлегласць прыцэльнага стрэла, я развярнуўся да дарогі ды хутка пацягнуўся ўздоўж яе. Трэба было адшукаць паварот на былы гомельскі напрамак, пра які казаў Цар Гары. Неўзабаве гасцінцы сапраўды разгалінаваліся. На гэтым рагу стаяў надмагільны помнік, клееная гранітная крошка, залачоны подпіс па ёй:
Жырнюк Міхаіл Афанасьевіч 1960 – 2019
Дакуль ты ў сэрцах нашых жывы, Мы, будзем помніць — пра цябе! І ўсе прыгожыя парывы Ты нас пачуеш на сабе.
Дзеду — ад жонкі і ўнучак.
Помнік быў вырваны з надмагілля разам з кавалкам бетону. Паверх эпітафіі Міхаілу Афанасьевічу белай фарбай з балончыка чыясьці рука цынічна вывела: “Насамоны наўпрост, Слодыч налева, Ферма ўзад”. Левая дарога была шырэйшай, чатыры паласы, добры асфальт. Тая, што вяла наперад, была даўно не рамантаванай двухкалейкай. Я выключыў ліхтар, знайшоў прыстойную сцяжыну за сто метраў правей ад напрамку на Слодыч ды пайшоў па ёй. Трыццаць кіламетраў. Амаль поўны дзень пехатой з маёй не самай лепшай хуткасцю. У жываце адчувальна бурчэла — з’едзеная свініна даўно ўжо пераўтварылася ў чыстую энергію, якая засталася далёка за плячыма. Пераход будзе няпростым.
Я ішоў і думаў пра сляды. Не ведаю, як выглядаюць тыя казлакапытыя і ці моцна адрозніваюцца ад іх дзікі, якія тэарэтычна маглі патаптацца на месцы забойства, ад свойскіх свіней, якіх па цэнтры лесу быць не магло. Але адбіткі, якія я бачыў на ферме, не проста нагадвалі тыя сляды. Яны была абсалютна аналагічныя. Я зняў з пляча вінтоўку, дастаў патроны, два засадзіў у ствалы — цыліндрыкі ўвайшлі з прыемным выгукам, як быццам нехта падзьмуў у рыльца бутэлькі, па два кінуў у правую і левую кішэню паліто. Паставіў зброю на засцерагальнік ды рушыў наперад, спрабуючы ствараць як найменей шуму.
Ісці рабілася ўсё цяжэй: мне падалося, што навокал крыху пацяплела. Час ад часу трапляліся чорныя пляміны лужынаў, кранутых лядком па цэнтры. Месцамі чорная вадзічка паблісквала на донцах асабліва глыбокіх слядоў. Галаве зрабілася горача ў заечай шапцы — трэба будзе адшукаць замену. Праз неспакой, мне ўвесь час падавалася, што за намі нехта крадзецца. Таму я адышоў яшчэ на сто метраў направа ад асноўнай сцяжыны ды стаў прадзірацца праз цалінны шарпак. Герда мела пячатку вялікага сумневу ва ўсёй сваёй паставе, ад вушэй да хваста. Магчыма, яна згодная была на перастрахоўкі пасля сустрэчы з залішне настырным лысым кавалерам, але падмятаць брухам падлесак не наймалася.
Неўзабаве думкі канчаткова расталі, выціснутыя лютай стомай. Засталіся толькі рэфлексы ды рэакцыі. Асноўнай з якіх быў боль. Мы зрабілі тры прывалы, падчас апошняга Герда з’ела бляшанку харчу. У нас заставалася яшчэ пяць такіх перакусаў, у Пасёлку Слодычаў трэба будзе грунтоўна папоўніць прыпасы. Калі есці хацелася невыносна, я падбіраў ільдзінку ды рассмоктваў яе ў роце. Галава круцілася як пад страбаскопам на дыскатэцы. Час ад часу я прымружваў вочы і бачыў усё тое ж — белы снег, галінкі, камлі дрэваў, хмызняк, праз які можна праціснуцца, хмызняк, які трэба абходзіць, зноўку белы снег, галінкі, камлі дрэваў.