Галоўнае — нейкая незразумелая трасца рабілася з напрамкам. Пасля доўгага сляпога пераходу па цемнаватым ельніку я збочыў налева ды паспрабаваў намацаць ці дарогу, ці хаця б грунтоўна пратаптаную сцяжыну, па якой мы ішлі напачатку. Але сустрэў толькі ваўчыныя сляды ды разарваную ўшчэнт галку. Дарогі не было там, дзе мы яе пакінулі. Супакоіўшы сябе, што часам шаша робіць розныя шматкіламетровыя выгіны, я працягнуў ісці проста (ці туды, дзе, як мне падавалася, ёсць тое “проста”). Ды неўзабаве наткнуўся на асфальтавы гасцінец справа. Я паспрабаваў састыкаваць, як дарога магла пераскочыць праз мяне ды змяніць бок, але не здолеў гэта зрабіць. Агулам жа я быў занадта стомлены, каб рабіць адэкватныя высновы. Мне трэба было дацягнуцца да гэтай. Хрэнавай. Карчмы. Упасці там на ложак. Ды выключыцца гадзін на сорак. А пасля з’есці палову цяля.
Раззлаваны на зніклую дарогу, на сабулёўну, якая ўсім сваім выглядам паказвала, што ў Букінгемскім палацы ўжо залезлі пад балдахіны альковаў, на ноч, якая збівала з панталыку, на сябе, на фермера, — я выйшаў на самы цэнтр асфальту ды патупаў па разметцы. Я быў гатовы сустрэцца з казлакапытымі, свінарогімі, жабаротымі, катахвостымі — хоць з чортам лысым, абы адразу пасля мне дазволілі прылегчы. Але насустрач мне не выходзілі ні казлакапытыя, ні карчмападобныя. Свядомасць пачала мільгаць — яркі выбліск, і я задаюся пытаннем, як магла чатырохпалосная дарога ператварыцца ў занядбанае двухпалоснае абы-што. Пасля – прыцемкі думкі, крокі, цішыня, боль у цягліцах. Зноўку сполах, і ўжо свідруе неспакой: чаму гэта я не бачыў мінакоў аж ад моманту, як збочыў са сцяжыны? Ці, можа быць, напрамак на Пасёлак Слодычаў настолькі ніякі? Пасля — цемра, крокі, рух, дыханне. Гердачка жаласліва паскугольвае — сэр, мне б ужо на масаж ды паляжаць. Зноў прытомнасць, і разуменне, што я ляжу спінай на сухім дрэве, што павалілася ля дарогі. І я, здаецца, нават на нейкі час праваліўся тут у сон.
Гэта ўключыла галаву. Не знайду ложак — засну на зямлі. Прычым, ужо хутка. А запаленне лёгкіх — не самы прыемны спадарожнік на шляху.
Я пабачыў, што пры дарозе стаялі скручаныя ды паржавелыя бляшаныя навесы. Выглядае, некалі сяляне тут прадавалі сталічным баярам рыбу, ягады і грыбочкі. Гэта значыць, недзе яны, тыя сяляне, мусілі жыць. Патаптаўся па падлеску навокал — ніякіх трывалых прагалін, просек ці праходак. Прайшоў наперад, — там з аднаго боку дрэвы расступаліся, агаліўшы чорнае рэчышча рачулкі. Я прагуляўся ўздоўж, спачатку ў адзін бок, потым у другі. Што цікава, вада была не замёрзлая, лядком былі забраныя толькі косы ля берагоў.
Прайшоў праз крохкі масток — добрая прыкмета, бо ў нялюдных месцах масткі не ладзяць. Абмінуў пагорак ды пабачыў пабеленыя шэранню шыферныя дахі.
— Ура, таварышы! — бадзёра павіншаваў я Герду, твар якой ужо быў нечым сярэднім паміж фотаздымкам Махатмы Гандзі пасля галадоўкі і накідам партрэта “Першы ў свеце сабачка-аскет”.
П’янай хадой прайшоўся па мулкім падталым снезе ды ўторкнуўся ў занесены прасёлак, што змейкаваў да хацін. Вёска стаяла настолькі далёка ад маршрутаў руху прыстойных сучасных людзей, што тут не быў здзёрты нават арыгінальны дарожны ўказальнік. На бляшанцы значылася назва “Габляны” — ні слядоў ад куляў, ні мацерных прымалёвак паверсе.
Я пайшоў па вулачцы, выбіраючы для сябе і Яе Вялікасці хату папрыстойней. Дзіўнае відовішча: вёску гэтую закінулі яшчэ да таго, як людзі перасталі чакаць світанкаў. Снег быў не растаптаны — аніводнага слядка. Каб гаспадары выходзілі, яны пакінулі б адбіткі ў вечнасці бялюткай прасціны, што ніколі не растане. Да таго ж, аканіцы былі сарамліва прычыненыя на зашчэпы — мабыць, каб сонца не выпальвала фіраначкі ды цікаўныя не выглядалі пакінутыя ў доме каштоўнасці (шкляныя слоікі для варэння і радыёкропку “Маяк”).
Хутчэй за ўсё Габляны сталі ахвярай вялікага перасялення, якое здарылася ў момант, калі былыя сяляне ў вёсках вырашылі спыніць прадаваць сталічным баярам рыбу, ягады і грыбочкі ды самім зрабіцца баярамі са сталіцы. Яны высяляліся з раскошных прыватных хатаў на прыродзе ды заязджалі ў крэдытныя панэльныя хуткабуды за кальцавой. Ёсць адчуванне, што аматарка духоўнай літаратуры, у панэльцы якой я ночыў перад знаёмствам з Мазаем, зрабілася ахвярай гэтай жа тэндэнцыі.