Паклаў зашмальцаваную, раскудлачаную, прапаленую і нягеглую заечую вушанку на стол. Увесь гэты цёмны час яна была фрагментам маёй самасці. Выйшаў з хаты з пачуццём, што пакінуў там частку сябе — баўдзілаватую, вясёлую ды яшчэ не абстраляную. Герда адразу пайшла наперад, задаючы хуткасць нашага агульнага з ёй руху. Спачатку яна спрабавала скакаць на трох лапах, але потым асцярожна абаперлася на лангету, прамацала яе і пакульгала наперад. Мы няспешна выбраліся на дарогу, я паспрабаваў узяць Герду на рукі, але яна незадаволена віскнула, маўляў, пайду сама. Характар у дзеўкі.
Зараз, пасля адпачынку, я добра зразумеў, што мы збочылі на памылковы гасцінец і праставалі ну ніяк ні да Пасёлку Слодычаў. Тут не было ні гандляроў, ні шахцёраў, ні іншых абслугатараў папулярнага маршруту. Ля сцяжыны да фермы ўвесь час траплялася смецце. Чалавек вырабляе яго непазбежна — паўсюль, дзе ён ёсць. Лес навокал нас быў некранутым. Дарога 66, Палессе — Пекла.
Аднак тая краіна, на месца якой заступіў сённяшні маўклівы парадак, ніколі не мела вялікіх незаселеных адлегласцяў. Мы цягнуліся не праз Сібір і не праз Манголію. То рана ці позна вырачаныя былі напаткаць райцэнтр, вёску, гарадок ці якое яшчэ паселішча са шпіталем ці, прынамсі, медпунктам пры аўтастанцыі. Далей задача будзе паспрабаваць разабрацца ў інструкцыях ды назвах прэпаратаў. Ці знайсці доктара — у залежнасці ад памераў удачы.
Асфальт зрабіў паварот, за якім прыцемнены лес, дарога ды і неба раптам зніклі ў суцэльным бялявым нішто. Гэта было настолькі нязвыкла, што я зняў з пляча дубальтоўку і ўключыў налобнік. Ягонае святло патанула ў малацэ, якое было разлітае наперадзе. Я падышоў бліжэй да мяжы нябачнасці. Вока адзначыла драбнюткія іскрынкі вільгаці, што заплывалі ў светлавы струмень. Адначасова з гэтым я адчуў пах — прэлая зямля, якая дыхае надзеяй на вясну, але ўжо спіць ці яшчэ не прачнулася. Я адчуў гэты пах, ды прыгадаў адразу ўсё. Туман. Белая вата называецца “туман”. Я не бачыў яго з тых часоў, як у горадзе яшчэ здараўся кастрычнік. Кастрычнік у Мінску часцяком бываў туманным. Жоўтае змакрэлае лісце ў Парку Горкага. Мост, альтанка, будынак пад шпілем вымалёўваюцца на шэрай акварэлі так, як быццам іх няўлоўнымі рухамі накідвае на вільготную паперу рука майстравітага жывапісца.
Герда схавалася ў белай завесе, я чуў яе дыханне ды клыпанне кіпцюроў па дарозе. Кожны чацвёрты слядок — ружовы. Перавязка стала падцякаць. Далёка так адысці не атрымаецца.
Якімі ж дурнымі мы былі пасярод таго кастрычніцкага хараства! На якія другасныя дробязі звярталі ўвагу! Якое глупства нас засмучала, якая невымоўная прыгажосць была побач незаўважанай, не ацэненай, не перажытай!
Шоргат шынаў па вільготнай дарозе, пах кавы з папяровага кубачка, ліловыя і памяранцавыя ліхтары, што пільнуюць спакой ракі — Герда спынілася ды пачала брахаць рэзка, з подвіскам, з усёй сілы. Я нагнаў яе. Вочы ў сабулі былі вытарашчаныя, морда перапужаная, зяпа павернутая ў той бок, адкуль мы прыйшлі. “Хадзем, даражэнькая”, — я падцягнуў яе за ашыйнік, думаючы, што дзявульцы нешта прымроілася, але тая непакорліва схіліла галаву, падціснула вушы ды працягнула брахаць.
Я абярнуўся, пераключыў налобнік на максімум, але праз гэта сцяна туману толькі зрабілася на два метры бліжэйшай. Вата, розныя па шчыльнасці слаі непразрыстасці. За імі да нас можа ціхенька набліжацца хоць батальён казлакапытых — мы не пабачым нічога. Мой позірк трапіў на крывавыя Гердзіны слядкі. Зрабілася не па сабе. На якой адлегласці моцна згаладалы драпежнік можа адчуць пах параненай здабычы? Дзесяць кіламетраў? Не, здаецца, гэта з youtube-лекцыі пра акул. А якія звяры вадзіліся ў беларускім лесе? Калі адкінуць неўраў, якіх ніхто з жывых не бачыў?
І тут я выразна пачуў гук. Ён даносіўся ззаду ды злева — адтуль, дзе мусіла быць узбочына лесу, схаванага смугой. Нешта хруснула з гучным стрэлам, як быццам на павалены таўшчэзны сук наступіла важкая, вельмі важкая нага. “Супакойся, — сказаў я ўголас. — Акул тут быць не можа, а з бурундучкамі мы неяк дамо рады”. Герда працягвала надрывацца — я нават не ведаю, ці яна спрабавала папярэдзіць мяне, ці напалохаць нешта. Пачуўся шолах, які бывае, калі нехта асцярожна спрабуе праціснуцца праз гушчар прыдарожнага хмызняку. Аточаная з усіх бакоў лесам дарога працавала як неблагі гукавы тунэль, у якім, нібы ў саборы св. Пятра, на вялікай адлегласці можна было разабраць нават шэпт. Зноўку шорхат, па-кацінаму далікатны. Больш за ўсё бянтэжыла гэтая асцярожнасць паляўнічага, які з усяе моцы намагаўся не спужаць ахвяру.