— Намастэ, аміга! — выгукнуў я як мага гучней. — Буэнас ночэс, тваю душу маць! Мы цябе чуем! Калі не жадаеш атрымаць дозу карцечы, мяўкні, хто ты ёсць! Бо буду страляць!
Ціш перарвалі некалькі асцярожных, вельмі павольных, крокаў. Хто б там ні быў, інстынкты ў яго добрыя. Я зняў заплечнік, паставіў яго перад сабой, прысеў за ім, паклаўшы рулю на ягоную крышку. Пачвара можа быць узброенай, кулю пляцак не спыніць, а вось небуйны шрот можа і заблытаецца. Зняў засцерагальнік. Герда працягвала брахаць з подвіскам, яе пыса з вытарашчанымі перапужанымі вачамі рухалася — крышачку ўправа, крышачку лявей. Яна разбірала рухі лепш за мяне, дапамагаючы зразумець, дзе дакладна хаваецца істота.
Адно што калі я скіроўваў светлавы струмень на Герду, я губляў кантроль за тым, што рабілася з боку нападніка. Адцягнуўшы сабулю за сябе, я ўтаропіўся ў смугу. Наш таямнічы госць зрабіўся нячутны. Нават Герда перастала брахаць і пачала пільнаваць ягоныя рухі. Як пачуе нешта — гаўкне колькі разоў, а потым выставіць вушы, слухае. Мы замерлі, цікуючы адно аднаго. Я ўглядаўся ў бялёсую муць у пошуках драпежніка, мая патэнцыйная мішэнь абірала найлепшы момант для атакі. І вось раптам, гучна фыркнуўшы, істота пусцілася ў галоп. Герда папярэдзіла мяне гаўканнем, але гэта было і не патрэбна: тупат быў не толькі чутны вуху — я адчуваў яго па ўздрыгваннях зямлі. Гэта быў не конь і не чалавек на кані. Гырканне, якое істота стварала падчас скачкоў, больш за ўсё нагадвала ваўчынае. Але ваўкі не жывуць самотна ды звычайна палююць зграяй.
З туману вылецела здаравенная чорная постаць. Па памерах яна набліжалася да каня, — так ва ўсякім разе мне падалося пры гэтай першай сутычцы. Конскім жа было яе бліскучае, быццам палітае алеем, цела. Але вышчараныя клыкі месціліся ў здаравеннай пашчы, з якой падчас скачку пырснула сліна. Абазначыўшыся з бялёсага марыва, монстр прабыў у святле майго налобніка долю секунды, адразу пасля гэтага скочыўшы наперад. Ён нават не змяніў хуткасці, проста пранёсся паўз нас, пакінуўшы віхуры ў тлустых космах вадзяной завісі. Я націснуў на абедзве гашэткі праз секунду пасля таго, як постаць сіганула за нашы спіны. Занадта позна.
Чаму пачвара не пайшла ў атаку? Што яе засмуціла? Заплечнік, за якім хавалася маё горла? Да якога было не так проста дабрацца? Гэта было зараз нават важней, чым здагадкі пра тое, што за халера на нас наляцела. Што не воўк — дык дакладна. Ваўку, каб набыць такі выгляд, трэба было спарыцца з мінівэнам, пажыць ў Чарнобыльскім рэактары, захварэць на прамянёвую хваробу, страціць усю поўсць ды замяніць завостраную ваўчыную зяпу нейкай тупарылай, амаль тыгрынай з выгляду, пашчай.
— За мной! Перамяшчаемся! — Герда не слухалася мяне, гаўкаючы наўздагон монстру, і я перацягнуў яе за ашыйнік, пасадзіўшы побач з сабой за плецаком. Выставіў рулю, вышчаўкнуў гарачыя гільзы, зарадзіў патроны з кішэні.
Нейкі час было ціха, і я ўжо нават паспеў запэўніць сябе, што драпежнік перадумаў на нас нападаць, напалоханы стрэламі, але вось зноўку пачуўся галоп. Я ўжо ведаў, чаго чакаць. Істота ўзнікла з падсвечанай плямы туману роўна на той час, які патрэбны, каб міргнуць. Я праводзіў яе руляй вінтоўкі, але не паспеў павярнуць галаву, на якой вісела крыніца святла. Хуткі рух — і монстр знік у цемры, хаця быў у мяне на прыцэле. Я зноўку стрэліў, аўтаматычна, і зноўку ведаў, што пацэліць не мог.
Гэтым разам я паспеў выхапіць позіркам мёртвыя вочы нападніка. Чырвоныя, пільныя, яны не выказвалі абсалютна нічога. Такія вочы бываюць у неразумных старажавых сабак пры злых гаспадарах. І вось тут варухнулася нейкае пазнаванне. Нібыта я такое ўжо недзе бачыў. Вось гэтыя вострыя вушкі ды квадратную, бы ў “Месершміта”, пысу. Хай не такіх памераў, але. Істота была з нашага, вытлумачальнага свету. І гэта давала надзею, што ад яе можна абараніцца. Я зразумеў і яе тактыку. Яна паступова выглядала нашае сховішча, штораз набліжаючыся ў сваіх скоках. Наступны раз можа быць смяротным.
Мы зноўку схаваліся за заплечнік, і зноў Герду давялося ўцягваць за сабой, бо яна ўсё яшчэ гаўкала на пярэднім краі. Я набіў рулі і, каб не паўтараць памылку з прыцэльваннем, сцягнуў налобнік з галавы ды прыладзіў яго да правай рукі. Цяпер прамень святла біў роўна ў тым жа кірунку, у які была скіраваная дубальтоўка. Уздых, выдых, тупат, гук прадзірання вялізарных кіпцюроў па асфальце. І зноўку чорны сілуэт — я даў падляцець яму да нас бліжэй і толькі тады націснуў на спуск. Бабахнула — першы, другі раз, дыстанцыя была невялікая, я не разумеў, як я мог не дастаць яго, нават падумаў, што патроны халастыя, але ж чаму тады карцеч выбіла іскры з асфальту? Не, я проста паганы стралок — я думаў усё гэта, уладкоўваючыся з другога боку заплечніка. Раскрыў патроннік, выкінуў гарачыя пластыкавыя цыліндрыкі, палез у кішэню па новыя ды схаладнеў. Ні ў правай, ні ў левай кішэні прыпасаў болей не было.