Выбрать главу

Таропкімі пальцамі я расшпіліў маланку, намацаў скрынку, разадраў яе і зноўку пачуў набліжэнне скачкоў. Герда засталася наперадзе, таму я кінуў і дубальтоўку, і скрынку з патронамі і з адным ліхтаром у руцэ стаў цягнуць сабаку ў бяспеку. Пачвара з’явілася адначасова з гэтым, яна рухалася проста на нас, і вось, калі прамень ад ліхтара трапіў ёй проста ў вочы, яна гыркнула, адскочыла ўбок і скурчылася там, матляючы галавой. Насельніца ночы, яна мела зрок, прыстасаваны да палявання ў абсалютнай цемры. Мой ліхтарык асляпіў яе. Затрымка падарыла мне тры секунды, каб уставіць патроны ды зашчоўкнуць ствалы. Калі монстр зноўку панёсся наўпрост на нас — ужо не для таго, каб разведваць, а каб рваць на кавалкі, я зрабіў павольны выдых і плаўна націснуў на гашэткі. І адбылося гэта акурат у момант, калі грудзіна драпежніка амаль кранула рулю вінтоўкі. Я быў гатовы да таго, што стрэл зноўку не будзе мець аніякага эфекту, і ў наступнае імгненне вышчараныя зубы вырвуць мне кусок мяса з пляча.

Але нападнік трапіў на нябачную сценку — інерцыя падкінула яго, перакруціла праз галаву ды скіравала назад. Герда сцішылася, уражаная тым, што адбылося. Я пераламаў вінтоўку, вытрас з патронніка гільзы, нахіліўся падабраць прыпас. Нешта вішчэла і гыркала ў цемры наперадзе. Я ўзвёў куркі ды, прыцэліўшыся ў бок гукаў, зрабіў некалькі асцярожных крокаў. Спачатку я пабачыў велічэзныя заднія лапы — яны стукалі па снезе на ўзбочыне. Потым светлавая пляма трапіла на выкінутыя куляй праз разварочаны азадак вантробы. Нарэшце, яшчэ праз два крокі —такі здаравенны гэта быў звер — я пабачыў вастравухае мурло. Скрываўленая пашча з рыкам угрызалася у зямлю.

Монстр канаў, але ўсё роўна выглядаў небяспечным. Угледзеўшыся ў ягоныя вочы з чырвоным абадком па ўскрайку, у цёмна-шэрую гладкую поўсць, я зразумеў, што мы ледзь не сталі ахвярай велічэзнага здзічэлага дога. Відаць, у сабак таксама адбылася зваротная эвалюцыя. Пакуль людзі рабавалі электрастанцыі ды забівалі адзін аднаго за батарэйкі ды тушонку, галадуха зрабіла з самай памяркоўнай ды прыязнай сабачынай пароды драпежнага забойцу.

Я сядзеў ля звера, ажно пакуль ён не перастаў дыхаць. Адыходзіць у цемру, пакідаючы за спінай яшчэ жывога монстра, не хацелася. Герда ляжала побач, выцягнуўшы параненую лапу. Кроў сачылася праз павязку — я вырашыў грунтоўна перабінтавацца, як толькі дойдзем да якога жытла. Нарэшце, узняў заплечнік ды, абапёршыся на вінтоўку, выпрастаўся. Сутычка адабрала ў мяне ўсю энергію — зараз, калі адрэналін пайшоў з крыві, я зразумеў, наколькі знясілеў. Мабыць, так пачуваліся жаўнеры пасля бою. Па дарозе я падабраў са ўзбочыны даўгую сухую палку — крочыць з кіем лягчэй. Туман тым часам рабіўся гусцейшым, і мне цікава было, ці ляжыць ён тут увесь час —як над Грушаўкай увесь час вісіць аднолькавая коўдра мядзяных аблокаў. Я выключыў налобнік — ён усё роўна не вельмі дапамагаў — ды стараўся не забіраць у бакі, трымаючыся ў межах асфальтавага рэчышча.

Час зноўку некуды знік, вымяраючыся выключна ступенямі стомы ды голаду — пачуццяў, якія плаўна саступалі адно аднаму. То есці хацелася мацней, чым адпачыць, а то і наадварот. І вось, у гэтай утрапёнай цішыні, сярод непрагляднай заслоны, проста над вухам раптам раздаўся бадзёры тэнарок:

— О! Вітаечкі вам!

Я спачатку быў прысеў, потым брудна вылаяўся, намацваючы на ілбе ўключальнік ліхтарыка. Але ні ўключальніка, ні ліхтарыка на галаве не было — я забыў скруціць налобнік з правага запясця. Калі, нарэшце, я сарваў з пляча стрэльбу, запаліў святло, нацэліў у напрамку голасу ды зняў засцерагальнік, я пачуваўся ідыётам. Бо калі за час, што я вошкаўся, нам не зрабілі аніякай шкоды, дык значыць намеру шкодзіць і не было. Герда глядзела на маю мітусню няўхвальна. Кшталту, было б чаго кіпішыць, пане дурань, я б падала гукавы сігнал, ну!

У промні святла паказаўся хударлявы, парослы шчаціннем, дзядзечка. Апрануты ён быў у моцна заношаны камуфляж, побач з якім мая шапка выглядала навінкай апошняга паказу высокай моды ў Мілане. Ягоная вопратка была не проста дзіравай. Дзіркі ў ёй былі нават на тых заплатах, што закрывалі іншыя дзіркі. Ці не ў той момант я дапусціў, што дзядзечка не падсвятліў мяне ліхтаром проста таму, што ў яго папросту не было цынку, які можна было б у той ліхтар заправіць?