Выбрать главу

Камуфляжны шырока, прыязна ўсміхаўся. Ягоныя зубы былі прыкладна ў тым жа стане, што і вопратка.

— Вітаечкі вам! То не вы там стралялі? — ён паказаў рукой у напрамку, у якім, як яму падалося, мы з Гердачкай маглі страляць. Праз туман напрамак падаваўся вельмі прыблізным.

Я кіўнуў, спрабуючы зразумець, чаго ён ад нас хоча.

— А то я думаю, хто гэта там страляе ў лесе? І галоўнае – і страляе, і страляе. Ці патронаў многа, ці то палюе на ізюбра. Вы там не на ізюбра часам палявалі? — На нас здаравенны монстр палез, — неахвотна адказаў я, не апускаючы рулю. — Не, я таксама люблю паляванне. Але зараз і звера ў лясах не засталося, і шрот увесь выйшаў. Дык пстрыкаем па-старынцы, — ён адхіліў барціну свайго камуфляжу ды ганарліва прадэманстраваў драўляную рагатку з парэпанай гумкай. — Далёка засталося да Пасёлку Слодычаў? — спытаўся я. — Да Пасёлку Слодычаў тут як да Кракава ракам. — То бок, далёка? — на ўсялякі выпадак удакладніў я, бо афарызму не зразумеў. — “Далёка” — гэта як ракам да Ракава, даражэнечкі. А “як ракам да Кракава” — гэта проста капец як далёка. Вы на старой слуцкай шашы. — І як мы сюды саскочылі? — разгублена запытаўся я ў Герды. — У вашага сабачкі нага зламалася, — выдаў мужычок. — Я ведаю, — наша камунікацыя праставала ў тупік. — Але тут недалёка ёсць іншае паселішча, — шырока ўсміхнуўся ён. — Завецца Насамонамі. Магу правесці. — Аптэка там ёсць? Доктар? Хаця б якая медыцына? — запытаў я, прыбіраючы стрэльбу за плячо. — Вось вы туды прыйдзеце, там і спытаецеся. І я вас туды магу завесці. Але для гэтага вам трэба заплаціць Грыбку два цынкі.

Я зняў ліхтарык з запясця ды замацаваў яго паверх вязанай шапкі.

— Грыбок — гэта я, — удакладніў дзядзечка. — Добра, вядзі. — Э, не! Грыбок працуе толькі па перадаплаце. То будзьце ласкавыя, два цынкі. А то не павяду. Ці тры, калі хочаце, каб на шляху я травіў анекдоты.

Я, незадаволена пакракваючы, зняў з плячэй пляцак, засунуў руку глыбока ў ягонае нутро, доўга рыўся там, нібы ў мяне засталося літаральна некалькі батарэек, ды выдаў настырнягу два цынкі. Той запіхаў іх у паляўнічы патранташ на поясе, у іншых аддзяленнях якога былі каменьчыкі розных памераў. Пасля гэтага ён шырачэзна ўсміхнуўся ды павёў нас роўна ў тым кірунку, у якім мы з Гердай ішлі і да таго, як ён нас аклікнуў.

— Вось такі велічэзны сабака! — не змог не падзяліцца я перажытым, паказаўшы вышыню забітага нападніка на ўзроўні сваіх грудзей. — Прычым гэта токі яйцы. А галавешка ў яго яшчэ вышэйшая, — пагадзіўся Грыбок. — Так, ва ўсякім разе, кажуць тыя Грыбкі, хто яго бачылі. — Што гэта за Люцыпар такі? З якога пекла ён вылез? — От, то не наш, кажу вам! Усе думаюць, што наш, але ён не наш! Нам у Насамонах гуркоў хапала. Нашто яшчэ сабаку гадаваць? А вось там, за лесам, вёска была. Іншая вёска. Вялікая. Не такая, як Насамоны. Дамоў на дзвесце. У ёй — прэдседацель. Вялікі дом маў. Джып, крэдыты на развіццё сельскай гаспадаркі маў. А гаспадарка, зразумела, у дупе. А дом расце, на крэдытах. І быў у прэдседацеля ў доме вялікі нямецкі дог. Яго прэдседацель вельмі любіў, бо калі не любіш людзей, будзеш любіць хаця б сваю псіну. І, калі божанька на нас угнявіўся ды неба згасіў, пабралі хлопчыкі вілы ды прыйшлі да прэдседацеля. І, значыць, нямножка яго забілі. І жонку ягоную, і дзетак. Бо, думалі, што гэта з-за прэдседацелевага нахабства, і, думалі, як толькі яго пакараць, сонца зноў зайграе па палетках. Але не. Прэдседацель ляжыць. Дом гарыць. А сонца няма. А галоўнае — сабака, дог гэты, здолеў уцячы. І, як другія Грыбкі расказваюць, ён спачатку тых мужыкоў з’еў, якія з віламі прыйшлі. Потым — тых, хто падбухторваў. А потым — ваабшчэ ўсіх. Бо трэба ж было сабачку нечым пітацца. А вось не чапалі б прэдседацеля — яшчэ не зразумела, у якой паслядоўнасці ён іх еў бы. — Але я забіў гэтую пачвару! — От, даражэнечкі, кожны, хто да Насамонаў даходзіць, кажа, што гэтага бегемота забіў. Ён-та, можа, і забівае. Бо як бы прайшоў? Але колькі ж іх тады, догаў? Вось хлопцы, Грыбкі, нядаўна, з фермы свінню па дарозе вялі. Кажуць, выйшаў гэты звер. І яны яго проста палкамі адкатлетавалі. Нібыта. Але хто ж ім паверыць? Такога хіба палкамі заб’еш? Ці з вінтоўкі? Тут вертаплёт нужан, — Грыбок летуценна закінуў галаву, думаючы пра вертаплёт.

Я не стаў спрачацца з цьмянай сялянскай метафізікай і вырашыў памяняць тэму:

— А я вось таксама з фермы іду. — О, дак ты пад братам Ягорыем ходзіш? — Не, я толькі пазнаёміўся. Нейкі ён падазроны. Я разумею, што гадаваць свіней — тое самае, што расціць цынк. Але занадта ён заможны. Цыгарэту паліў. Сапраўдную. — Мы ў яго дзялы не лезем, — адмахнуўся Грыбок. — Мы таксама некалі фермерамі былі. За светлым часам. А калі трэба ў каго свінню купіць, дык у каго ты яшчэ яе купіш?