Выбрать главу

Грыбок адгукаўся пра лысага, старанна падбіраючы словы — так, быццам брат Ягорый мог яго пачуць і не прадаць наступным разам свінню ў Насамоны.

— Дык адкуль ты ідзеш, калі не з фермы? — пацікавіўся Грыбок. — З Грушаўкі. — Во на табе! А дзе гэта? — ён ажно спыніўся. — У былым Мінску. Ля Каралеўства “Цэнтр”. — Ды ідзі ты! — не паверыў Грыбок. — Ты ажно з Мінска давалокся? Сюды? І як там справы? Праўду кажуць, што там бабы ўладараць? — Гэта толькі ў адным полісе. Матрыярхат “Зялёны Луг”. — От я бы туды ў рабства пайшоў! — твар у Грыбка зрабіўся такі ж летуценны, як калі ён разважаў пра “вертаплёт”. — Нічога прыемнага ў няволі няма. — Але ж кормяць? — удакладніў Грыбок. — Кормяць. Яны ж памруць без гэтага. Але пра непавагу да жанчын рабы хутка пачынаюць шкадаваць. — От я і кажу! — Грыбок, здаецца, не пачуў апошняга сказу. Ён змоўк і я зразумеў, што ў чалавека ў жыцці з’явілася мэта.

Наперадзе ў тумане пазначыліся два слабенькія зіхоткія агеньчыкі. Яны трымцелі проста пры дарозе — нават не сустрэўшы Грыбка, мы б з Гердай гарантавана выйшлі да іх. То пытанне пра мэтазгоднасць двух выдаткаваных цынкаў паўстала даволі востра. Наш суразмоўца паскорыў хаду — так, каб наблізіцца да брамы першым. Яшчэ да таго, як з тумана вынырнулі дзве нягеглыя постаці вартаўнікоў, ён загаварыў з імі.

— Вітаечкі вам, Грыбкі! Грыбок прывёў вам наведніка! Заможны, бо з сабакам! Хай сабе і кульгавым. Ідзе ажно з Мінска. Яму там бабы пісюн жгутом перавязвалі ды тапталі яго да пасінення. Дык ён і збег, небарака, каб мужчынскае здароўе спасці. Я яго пасярод лесу знайшоў, ён там з догам змагаўся. Лічу, што маю маральнае права на сваю долю з уваходнай платы. Дваццаць адсоткаў? — Прастуй адсюль, Грыбок, — млява адказала адна з постацяў. — Колькі ён з цябе здзёр? — запытала другая ў мяне. — Два цынкі, — чэсна адказаў я. — Пры тым, што я ў любым выпадку сюды б выйшаў.

Мой спадарожнік тым часам загадкава растварыўся ў паветры. Магчыма, ягоныя мары матэрыялізавалі-такі нябачны “вертаплёт”, што забраў летуценніка ў блаславёным напрамку матрыярхату “Зялёны Луг”.

— Тое, што ён распавёў пра мяне, — няпраўда, — на ўсялякі выпадак, удакладніў я. — Паходжу з вольнай муніцыпаліі Грушаўка. — Няслаба ў вас там прыпякло, — незразумела пракаментаваў адзін з вартаўнікоў. — А ты не звяртай увагі на тое, што Грыбок кажа, — параіў другі. Што цікава, гаворка і нават тэмбр голасу ў іх былі амаль ідэнтычнымі з апранутым у камуфляж круцялём.

Побач з дзядзечкамі капцілі дзве падпаленыя ды ўваткнутыя ў зямлю палкі. Лесу навокал ставала, каб не карыстацца цынкам для асвятлення. А вось з цынкам, падобна, у паселішчы было так сабе. Як напісаў бы барочны аўтар вандроўнага рамана васямнаццатага стагоддзя, “вопратка гэтых сіньёраў выяўляла вартае жалю відовішча”. Асабліва цяжка было не заўважаць ізастужкі, якая прымацоўвала падэшву да бота аднаго з вартавых.

— Уваход у нас каштуе як бы дзесяць батарэечак, — з выбачальнай інтанацыяй сказаў адзін. — Інакш немагчыма, скідак і спецыяльных праходак не маем, — падхапіў другі, адказваючы на пытанне, якое, падобна, ім задавалі часта.

Я, незадаволена пакракваючы, зняў з плячэй пляцак, засунуў руку глыбока ў ягонае нутро, доўга рыўся там, нібыта ў мяне засталося літаральна некалькі цынкаў, ды адлічыў дзясятку.

— За сабаку плаціць, спадзяюся, не трэба? — Не трэба! — дазволіў першы. — Тым больш, што яна ў вас гэткая. Так бы мовіць, кульгавая.

Пакуль яны старанна правяралі ёмістасць кожнай прынятай батарэйкі, я яшчэ раз падзівіўся, наколькі падобнымі да першага сустрэтага мужычка былі гэтыя двое. Такое ж неахайнае, кудлатаватае шчацінне. Такая ж худоба. Такая ж паспешлівасць рухаў. Такія ж востранькія твары з вочкамі-пацеркамі. Такія ж сінюшныя губы, як быццам іх уладар паласаваўся буякамі.

— Усё нармальна, — здзіўлена заключыў адзін з вартаўнікоў. Мабыць, не так часта ім трапляліся госці, што плацілі без спрэчак і поўным цынкам.

Ён дастаў звязку старасвецкіх ключоў ды доўга калупаўся ў замку стальных дзвярэй, якія бараніў. Было бачна, што сам працэс адмыкання брамы яму падабаецца, бо падкрэслівае ягоны высокі сацыяльны статус. Я звярнуў увагу на выгляд уваходу ў паселішча. Брама мела дужа незвычайны для нашых цёмных часоў выгляд. Сталёвыя дзверы, высокая агароджа з карычневай гафраванай сталі паходзілі яшчэ з той эпохі, калі людзі карысталіся металічным профілем для межавання сваіх паселішчаў. Усе сучасныя полісы вымушаныя былі ўзводзіць мытныя сценкі нанова з матэрыялу, які знаходзілі навокал. Часцей за ўсё гэта былі буйныя бетонныя пліты, разабраная тратуарная цэгла, але ну аніяк не маднявы метала-штакетнік. Выглядала, Насамоны склаліся ў якасці замкнёнага феадальнага паселішча яшчэ да таго, як замкнёныя феадальныя паселішчы сталіся асноўнай формай аб’яднання людзей у дзяржавы.