Калі дзверы нарэшце адчыніліся, другі двайнік Грыбка дастаў з кішэні бляшаны кубак, зачарпнуў вады з невялічкай пластмасавай купелі, што вісела пры дзвярах, пляснуў сабе ў далонь ды працягнуў мне, скамандаваўшы:
— Пі!
Я з сумневам паглядзеў на кашчавую ды, як сказаў бы барочны аўтар вандроўнага рамана васямнаццатага стагоддзя, “не адораную чысцінёй у яўнай ступені” далонь.
— Пі, гэта рытуал. Без гэтага не прапусцім, — напіраў другі.
Я правёў вуснамі па бруднаватай жыжы, робячы выгляд, што п’ю. Гаспадар далоні загадаў мне:
— Цяпер ты выцягні руку.
Ён пырснуў дробку вадкасці ў караблік маёй жмені ды таксама прыхіліўся да яе, удаючы, што п’е.
— Цяпер ты — адзін з нас. Можаш праходзіць, — сказаў ён рытуальным тонам, які не вельмі пасаваў да ягонага прасцецкага твару, востранькага носа ды вачэй-пацерачак. — Унутры расшукай Тамаду. Ён у нас за галоўнага. Хутчэй за ўсё ў канторы сядзіць, — параіў той, што стаяў пры ключах.
Мне падалося, за агароджай туман быў крыху радзейшы, хаця чысціні ўспрымання тут маглі замінаць некалькі вялікіх вогнішчаў, раскладзеных тут і там па зямлі, што падсвятлялі смугу яркімі памяранцавымі плямамі. Праз іх у сутонні колеру чорнага малака з’яўлялася перспектыва, і сценка вільгаці ўжо не падавалася такой непрабівальнай. Вогнішчы тыя, здаецца, мелі сацыяльную ролю — вакол іх сядзелі і гаманілі людзі.
Вока адразу выхапіла буйную драўляную вежу, хутчэй за ўсё — колішнюю супрацьпажарную каланчу, што ўзносілася высока-высока: яе верхавіна патанала ў цемры ды тумане. Я прашпацыраваў уздоўж сценкі, пабачыў ладны цагляны дамок пры агароджы, закінутую фуру пад тэнтавай накрыўкай, збочыў да дзіўнаватых цэлафанавых шатроў, якія таксама ўпіраліся ў мяжу, знайшоў яшчэ тры вялікія жылыя будыніны, з трубаў якіх курыўся дымок.
Насамонам болей пасаваў статус хутара, чым вёскі ці поліса. Аптэкай тут нават і не пахла. Наблізіўшыся да вежы, я пабачыў драўляны стэнд ля яе ўзножжа. Да стэнда былі прымацаваныя вялікія аркушы белай грубай тканіны. Паверх быў тэкст, накарэмзаны ад рукі вугалем — неблагая замена рэдкай удалечыні ад горада паперы. Запаліў налобнік. То была насценная дошка аб’яваў, сумешчаная з выпускам апошніх сусветных навінаў. Выглядае, на хутары не было плацёжаздольнага попыту, які дазваляў бы штодня друкаваць некалькі экзэмпляраў газеты.
Я адзначыў, што, як толькі запаліў ліхтарык, да мяне пачалі падцягвацца мясцовыя — постаці маўкліва праходзілі міма, пільна ўглядаючыся ў прыхадня з ліхтаром і цынкам. Асабліва прагнымі да дэталяў былі вочы ў жанчын — сярод цікаўных сустракаліся і прывабныя, — і ва ўсіх іх былі востранькія носікі, чарнічныя вусны ды пацерачкі пад бровамі.
— Здароўкі! А хочаце, я вас у кантору правяду? — прапанаваў мужчынка, які ўзнік побач. — Токі вам трэба будзе адзін цынк Грыбку выдаць! Ці паўтара, калі з экскурсіяй. Грыбок — гэта я, — сказаў ён хуткай гаворкай.
У мяне ад Насамонаў пачынала выразна часацца ў глуздах. Я прыгледзеўся да просьбіта і ўпэўніўся, што ён вельмі падобны да майго ляснога суразмоўцы — нават колькасць заплат на вопратцы была супастаўная. Але то дакладна быў не ён. Тут — маладзейшы ды нахабнейшы.
— У вашага сабачкі нага паламалася, — працягнуў мясцовы жыхар. — Яму блукаць у туманчыку складаненька будзе.
Я пахістаў галавой: знойдземся як-небудзь самі. У трох соснах. Тут тузін двароў, унутры сцяны. Я прабег вачыма запісы на дошцы:
“Горад Светла гатовіцца да набліжэнню карнавалу і значна абмяжоўвае ў ваход у сабе”.
“Падземная секта шукальнікаў сонца на Багушэвічскай галінцы метрапалітэна ў каралеўстве “Цэнтр” кажа, што натыкнулася на сляды вадаплаўнага пцерадакціля, праайца ўсіх лятучых пацукоў”.
“На карчму ў “Ляйбы” звершанае нападзенне, усіх гасцёў парэзалі, выжыўшых няма. Сведкі кажуць, што злачынства здзейснілі казлакапытыя”.
А вось гэты слупок рукапіснага летапісу вымусіў мяне наблізіцца. І прагна чытаць. І павольна перачытваць:
“У Вольнай Муніцепаліі “Грушаўка” здарэўся ваенны паварот. З мэтай навядзення парадку і законнасці цеплавая інфраструктура праблемнай тэрыторыі перайшла пад кантроль Камісара Унутраных і Знешніх спраў Народнай Дыктатуры Кальварыя. У прыцэле паляпшэння ўзроўню жыцця і недапушчэння хаосу, у Вольнай Муніцепаліі “Грушаўка” часова ўзведзены рабаўладальніцкі строй. Бурмістр арыштаваны і змешчаны пад варту па падазрэнні ў стварэнні перадумоў да пагаршэння адносінаў паміж дзвюма братэрскімі народамі. Яго пільнаваннем, гэтаксама як і аховай ад парушэнняў каменданцкага часу, займаецца Народная Дружына пад кіраўніцтвам генерала Маньцы. Кіраванне “Грушаўкай” па запыту насельніцтва “Грушаўкі” здзяйсняе Намеснік Народнай Дыктатуры Кальварыя пры наяўнасці ўзброеных сілаў Народнай Дыктатуры Кальварыя. Усе паўсталыя нявольнікі прысуджаны да смяротнага пакарання”.