Выбрать главу

Я ўжо нейкі час не паведамляў пра выраз мордухны ў маёй даражэнькай псюлі, і звязана гэта было з тым, што я не хацеў вас засмучаць. Бо сабуля мая павесіла хвост і выглядала, як Карл Арлеанскі падчас ягонага ўтрымання ў лонданскім Таўэры. Мне было балюча на яе глядзець. Але, прачытаўшы навіну, я ўкленчыў перад маёй дзявулькай, абняў яе і прасядзеў так некалькі хвілінаў. Два небаракі засталіся без роднага дому. Вяртацца нам больш няма куды. Хіба што ў кайданкі ды турму для нявольнікаў.

— Зараз знойдзем табе лекі! — паабяцаў я сабулі ды скіраваўся да вялікай хаты, што стаяла на дальнім ад уваходу краі паселішча. Вогнішча непадалёк ад яго давала водбліскі на велізарны, у паўтара чалавечыя росты, прадмет, больш за ўсё здалёк падобны да помніка банану. Праз некалькі крокаў я ўпэўніўся, што гэта сапраўды быў манумент: стаяў на каменным пастаменце з маленькай металічнай шыльдачкай унізе. Але героіка абеліска заставалася поўнай загадкай — у тумане вымалёўваўся бронзавы лінгам, падобны да пастаўленага на папа цэпеліна. Ці яшчэ да чагосьці, праз што прыстойныя сабулі звычайна чырванеюць. Вока адзначыла старанна абазначаныя пупырышкі, падобную да свінячага хваста загагуліну наверсе — гэта дакладна не магло быць бомбай, ракетай ці нейкай іншай трасцай, якую браўся ўхваляць Чалавек тады, калі яшчэ займаўся такім глупствам, як узвядзенне манументаў. Помнік быў стары і дакладна належаў да той жа эпохі, што і метал-профільная агароджа вакол Насамонаў. Я скіраваў ліхтар на шыльдачку і прачытаў адціснутыя ў медзі словы: “Гурок звычайны. Cucumis Sativus”. Часанне ў мозгу зрабілася зусім невыноснае.

— Тут раней фермачка была. Сямейная, — праспяваў тэнарок побач. Я нават не стаў паварочвацца, бо зразумеў, што маю справу з чарговым праважатым. — Мы былі агурочнымі каралямі рэгіёна. Усё радня. Толькі Грыбкі. Фурамі прадукт гналі ў Расію. Кожны быў мільянерам. За палову цынка магу паказаць нашы парнікі.

Я адвярнуўся і пайшоў бліжэй да вялікага дома за статуяй. Агароджа ішла роўна пасярэдзіне будынка, задняя частка была за сценкай. І адтуль, ззаду, чуліся гучныя воплескі. Як быццам нехта плёскаўся ў вадзіцы. “Кантору” дамок не нагадваў катэгарычна, але ж ягоныя дзверы былі адчыненыя, і я наважыўся зайсці. Памяшканне ўнутры нагадвала офіс, імкліва перабудаваны ў гатэльнае лобі. Крыніцай святла тут з’яўляўся нядбайна зроблены камін з шырокім жаралом. Дыму ён даваў амаль столькі ж, як і ўласна цяпла. За канторскім сталом сядзеў стараваты Грыбок. Перад ім стаяла ўскрытая банка тушонкі ды ляжала некалькі лістоў, падобных да ільняных прасцінаў. Ягоны твар быў адзначаны велічным выразам, што выдаваў чалавека з вялікі досведам адміністрацыйнай працы. Ён змерыў нас з Гердачкай бухгалтарскім позіркам ды запрасіў жэстам прысесці за стол побач з ім.

— Бежанцы? — лаканічна спытаў Грыбок. — Можна сказаць і так, — я скінуў стрэльбу, заплечнік, прысеў, прагна ўглядаючыся ў тушонку. — З поўдня? — ён хутчэй сцвярджаў, а не цікавіўся. — З поўначы. Ідзем з Грушаўкі. — З Грушаўкі? Няслаба ў вас там прыпякло, — паўтарыў ён рэпліку вартаўніка. — Але вы першыя адтуль. Што ж. Сардэчна вітаем, — ягоны твар выдаў тую невялікую порцыю ветлівасці, якую стомлены ад гасціннасці гаспадар аграсядзібы выдаткоўвае як непазбежны аванс. — Я — Тамада. — Я — Кнігар. — Мы абодва вырашылі не клапаціцца тлумачэннямі паходжання нашых імён. — У Насамонах ёсць доктар?

Ён паглядзеў на мяне як на дзівака.

— А аптэчка? Майму сабаку пільна патрэбныя антыбіётыкі. — Антыбіётыкі? — перапытаў ён з націскам. — Так. Пеніцылін, тэтрацыклін. Можна нават леваміцэцін. — Сабаку? — вусны Грыбка ўзняліся ў кутках. — Любая цана. Заплачу. — От, даражэнечкі, у нас днямі маладая Грыбчыха ад ангіны згарэла, бо не было чым горла лячыць! А вы кажаце, антыбіётыкі! З’елі даўно ўсе антыбіётыкі. Трэба шмат цынку да ветрака занесці, каб антыбіётыкі здабыць. — А што такое вятрак? — не зразумеў я. — Ёсць тут гандляры пры запраўцы, — выглядала, яму не падабалася ідэя выправаджваць нас некуды, не выціснуўшы тых батарэек, якія мы маглі пакінуць у Насамонах. — Калі пажадаеце — дасцё нам грошай, мы даставім медыкамент. На колькі гуркоў застаяцеся? Дваццаць? Сорак? — Гуркоў? — гэтае пазначэнне часу мяне збянтэжыла. — Статуя пры ўваходзе полая. Добры гук дае. Б’ем з раніцы раз, увечары раз. Два гуркі — былы дзень. Чатыры — суткі. — Давайце я заплачу за чатыры, — асцярожна прапанаваў я. — А потым даплачу, калі вырашым у вас пагасціць. — Оптам было б танней, — крытычна заўважыў Тамада. — З ежай, лазняй і вяселлем — дзесяць цынкаў. — З лазняй? — я не паверыў вушам. — Так, з лазняй. І з вяселлем. Абодва пункта праграмы абавязковыя.