Выбрать главу

Я вырашыў не задаваць пытанняў і, незадаволена пакракваючы, засунуў руку глыбока ў нутро заплечніка, доўга рыўся там, быццам у мяне засталося літаральна некалькі батарэек. Насамоны цягнулі грошы з мяне, бы агурок сок з зямлі.

— Вы нешта казалі пра ежу, — сціпла вымавіў я, аддаючы Тамадзе цынк.

Ён пахмурна кіўнуў на ўскрытую бляшанку, аддзёр ад абруса на стале кавалак, наклаў на яго палову лыжкі тушонкі ды закінуў сабе ў рот.

— Што гэта за дзіва такое? — спытаў я, асцярожна кранаючы пляскаты бялявы ліст. Навобмацак ён нагадваў вільготны кардон. — Праснак. А што, хіба ў Грушаўцы хлеб па-іншаму выпякаюць? — здзівіўся ён. — У нас ён боханамі ідзе, — я адправіў аркушык у рот. Смак таксама нагадваў крыху вільготны кардон. А вось з тушонкай зайшло весялей. Адно што, калі я працягнуў невялічкі кусок мяса Гердзе (тая не ўзяла), гаспадар нахмурыўся. Гэтым людзям не хапала ежы, лекаў, прыпасаў. І нават прадаючы паслугі за вялізныя грошы, яны раўнавалі. Я паспеў з’есці толькі тры лыжкі тушонкі, калі Тамада паспешліва працягнуў мне недагарак свечкі, ключ з бірачкай ды распарадзіўся: — Ваш нумар — на другім паверсе справа. Як уладкуецеся — кіруйцеся ўніз у лазню. Сабаку ў лазню нельга. Там гігіена. Зараз у нас раніца, толькі прабіў першы звон. Вяселле пачнецца ўначы пасля другога звана. То ў вас будзе вольны час. — Зноў раніца? — не вытрымаў я. — З маёй раніцы шмат часу мінула. — У нас з фермай дванаццаць гадзінаў розніцы, мы правяралі з адным братам, які аднекуль здабыў хранограф. Была ідэя падладзіцца, але мы не дамовіліся, хто пад каго мусіць. Нас болей, яны заможнейшыя. Вось і не паразумеліся.

Ён нецярпліва ўстаў. У мяне было адчуванне, што Тамада зараз накрые абрус праснака рукамі і схавае бляшанку тушонкі ў кішэню, каб паказаць, што на большую колькасць ежы разлічваць з майго боку было б няветліва. То мы пацягнуліся па драўлянай лесвіцы наверх. У нумары было вельмі цёпла, пры дзвярах стаяла вядро з калодзежнай вадой, ложак быў засланы бялюткай бялізнай.

Я запаліў усе свечкі, якія знайшоў у пакойчыку, замяніў цынк у ліхтарыку ды пры такой ілюмінацыі асцярожна раскруціў павязку на Гердзінай лапе. Поўсць на ране змяніла свой колер, зрабілася святлейшай. Перабітае месца моцна напухла ды гарэла. Як толькі я прыбраў лангеты і ўзяўся за ступак, сабуля жалобна заенчыла. Лапа павісла, з дзюрак пырснуў гной. Пяшчотна прыгаворваючы, я сцадзіў жаўтаватую погань, прамыў лапу вадзіцай ды апрацаваў тампонам, спырснутым віскі. Унутры, пад скурай, храбусцела раздробленая ў крошкі костка. Што з гэтым рабіць — незразумела. Нават калі б у нас былі антыбіётыкі, для лекавання патрэбная была аперацыя. І рэнтген. І гіпс. Я зрабіў новую перавязку ды асцярожна паклаў Герду на коўдру. Пасля дастаў карту Апальшчыка ды пільна ўглядзеўся ў пазнакі.

Оптыка змянілася: вока ўжо не звяртала ўвагі на тапонімы, заўважаючы толькі малюнкі і подпісы шахцёра. Няісны свет “Гомеляў”, “Магілёваў” і “Слуцкаў” не суадносіўся са сцяжынамі, па якіх я мусіў цягнуцца. Я адразу ж пазнаў трапецыю Гары, скіраваў позірк уздоўж лініі пад ёй ды напаткаў маленечкую кропачку “Насамонаў”. Хутарок знаходзіўся ў даўгім, праз усю мапу, прамежку, падпісаным “Вобласць туманаў”. Патрэбны мне кірунак на паўднёвы ўсход ад маёй існай лакацыі ўпіраўся ў вялікае паселішча, названае “Горад Святла”. Каля яго сапраўды цякла шырачэзная рака, перайменаваная паверх былой назвы, шахцёравай рукой у “Эрыдан”.

Шлях да Горада Святла пачынаўся ніжэй за вобласць туманаў, побач з паваротам тырчаў загадкавы значок “Мерседэса” на палачцы. Далей пры гасцінцы высіўся велізарны штыр, з якога ў два бакі біў клінападобны струмень. “Аракул”, — было пазначана побач. За Аракулам кірунак быў пракрэслены дзвюма рыскамі, па якіх ішоў часцюткі вертыкальны штыкетнічак. Адсутнасць подпісу не дазваляла зразумець, што менавіта меў на ўвазе выведнік, малюючы гэтыя краты.

Ужо пройдзены адрэзак ад Грушаўкі да Насамонаў быў даволі ладным. Калі мы здолелі прабіцца так далёка без компасу ды арыенціраў, дык, можа, аднойчы дасягнем і фінальнай кропкі нашай вандроўкі. Якая знаходзілася настолькі далёка, што пры існым маштабе карты яе давялося б шукаць не толькі за межамі майго пакоя, але і недзе за агароджай Насамонаў.